Леанід Судаленка заклікае пачаць палітыку нацыянальнага прымірэння

Праваабаронца Леанід Судаленка звярнуўся да спецпасланніка ЗША па Беларусі і Украіне з заклікам аб пачатку перамоваў дзеля вызвалення беларускіх палітвязняў. Ён падзяляе пазіцыю Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага пра неабходнасць нацыянальнага прымірэння і заклікае размаўляць — нават з тымі, каго цяжка прыняць, калі гэта можа выратаваць чалавечае жыццё. 

Леанід Судаленка Фота: з асабістай старонкі ў ФБ


Леанід Судаленка:

Я апублікаваў у Facebook адкрыты зварот да Кіта Келага — спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі і Украіне. Зрабіў гэта таму, што з’явілася інфармацыя: ён едзе весці перамовы пра вайну ва Украіне. Але ў Беларусі таксама патрэбна гаварыць пра галоўнае — пра палітвязняў.

У нашай краіне сёння тысячы людзей кінутыя за краты не за злачынствы, а толькі за тое, што патрабавалі пераменаў, выказвалі свае перакананні. Беларусь — адзіная краіна ў свеце, дзе за кратамі сядзіць Нобелеўскі лаўрэат міру Алесь Бяляцкі. І нават ён, знаходзячыся ў зняволенні, заклікаў да нацыянальнага дыялогу.

У гэтай сітуацыі я лічу, што галоўная праблема для Беларусі — гэта наяўнасць палітвязняў. І патрэбны дыялог, каб яны былі вызваленыя. Таму я звярнуўся не толькі да амерыканскага дыпламата, але і да беларускіх уладаў — асабіста да Аляксандра Лукашэнкі. Як былы палітвязень я ведаю з уласнага досведу, што адбываецца сёння ў турмах. Гэта балюча кожны дзень.

Так выглядае палітвязень Сяргей Ціханоўскі, якога рэжым выпусціў на волю пасля ўмяшальніцтва амерыканскага прэзідэнта. Фота: Аляксандр Кабанаў, Фэйсбук

Я не чакаў, пакуль нехта з палітыкаў ці праваабаронцаў выкажа такую ініцыятыву — зрабіў гэта сам, бо разумею: часу амаль не засталося. Калі маўчаць — можна не паспець.

Што да рэакцыі — публічнай крытыкі я не атрымаў. Некаторыя палітыкі, можа, сумняюцца або не вераць, але я перакананы: калі не грукаць у дзверы, яны не адчыняцца. Праваабарончая супольнасць Беларусі на гэты зварот пакуль не адрэагавала, і чаму — для мяне не зусім зразумела. Але як былы палітвязень я маю права гаварыць пра гэта адкрыта. Гэта права мне, можна сказаць, “выпісалі” аператыўнікі ў калоніі.

Я падзяляю пазіцыю Алеся Бяляцкага: цяпер час для нацыянальнага прымірэння. І пачынаць яго ніколі не позна. Важна, каб бакі не патрабавалі адно ад аднаго занадта многа — сітуацыя ў тупіку. Рэпрэсіі закранулі не толькі палітвязняў, але і іх сем’і, звычайных беларусаў.

Часта чую, што з рэжымам дамаўляцца нельга, трэба змагацца да канца. Але не ўсе могуць вытрываць да канца. Калі мы кажам, што чалавечае жыццё — найвышэйшая каштоўнасць, то ў справе вызвалення палітвязняў я гатовы размаўляць нават з д’яблам. Бо цяпер якраз такі час.

Штодзень

Слайдар пастоў