16 студзеня меў адбыцца суд на скаргу Ларысы Шчыракова на затрыманне і змяшчэнне пад варту. Як паведамляе “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, суд Навабеліцкага раёна не задаволіў скаргу былой журналісткі. Яна па-ранейшаму застаецца ў СІЗА. Суд прайшоў у закрытым рэжыме, таму дэталі невядомыя.
Гомельскаму валанцёру Іллі Міронаву, які прыехаў у суд Навабеліцкага раёна, паведамілі ў прапускным пункце, што суд не адбыўся. “Відаць пачакалі, пакуль я сыйду, суд павінен быў адбыцца ў 16.15, я прасядзеў да 16.32 і сышоў”.
Экс-журналістку затрымалі пасля ператрусу ў доме 6 снежня, а яе сына змясцілі ў сацыяльны прытулак, дзе ён прабыў больш за два тыдні. Ларысу Шчыракову абвінавачваюць паводле артыкула 369-1 КК “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”. Ёй пагражае да чатырох год абмежавання волі. За некалькі месяцаў да арышту Ларыса Шчыракова заявіла, што сыходзіць з прафесіі.