3 ліпеня ў Беларусі святкуюць афіцыйны Дзень незалежнасці. Зразумела, гомельскія чыноўнікі пастараліся зрабіць усё, каб забяспечыць «масавасць» і стварыць бачнасць «усеагульнага свята». Рэдакцыя Штодня валодае інфармацыяй пра тое, як гомельскія установы адукацыі намагаюцца забяспечыць масавасць на праўладных мерапрыемствах школьнікамі, абяцаючы ім потым паставіць высокія ацэнкі па некаторых дысцыплінах у наступным навучальным годзе.
У той час, калі пад бокам ідзе вайна, а на тэрыторыі Беларусі з кожным днём узмацняецца вайсковая прысутнасць расейскіх войскаў, на кожным святочным мерапрыемстве ў Гомелі максімальна гучна, а месцамі нават з надрывам, гучаць фразы і лозунгі пра «незалежнасць», «мірнае неба над галавой», «стабільнасць» і пра тое, як «каханую не аддаюць»…
Некаторыя ў знак адданасці начапілі нават дзве чырвона-зялёныя стужачкі, прыхапіўшы яшчэ і чырвона-зялёны сцяжок… Так было і на адным з ранішніх «святочных мерапрыемстваў», на якім сёння самым адданым, напэўна, вайскоўцам і сілавікам уручылі новыя кватэры.
«Гэта (маюцца на ўвазе кватэры – Рэд.) для тых, хто дзень і ноч стаіць на варце нашай айчыны, хто ахоўвае мір і спакой на нашай зямлі», – заявіў сёння на цырымоніі ўручэння ключоў навасёлам намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі.
Сімвалічны ключ ад новага дома для 35 сем’яў так званых «абаронцаў айчыны» генеральны дырэктар Гомельскага ДСК Аляксандр Ганчароў перадаў у рукі ваеннаму камісару вобласці Андрэю Крываносаву.
Штодзень
Фота: “Гомельшчына афіцыйна”