Кіраўнік аблвыканкама запатрабаваў скараціць працягласць пражывання ў крызісным цэнтры Чырвонага крыжа

by ZB

Цэнтр працуе ў Гомелі больш за пяць год. За гэты час ягонымі паслугамі пакарысталіся 178 чалавек (усяго каля 35 чалавек у год). Але і гэтага падалося кіраўніку аблвыканкама Івану Крупко зашмат: ён запатрабаваў скараціць тэрмін пражывання для бежанцаў і былых зняволеных.

Адначасова ў доме могуць жыць 15 чалавек, цяпер тут знаходзяцца чатыры пастаяльцы. Тэрмін знаходжання – ад аднаго да трох месяцаў (менавіта столькі прызначылі яшчэ пры адкрыцці цэнтра ў 2018 годзе).

«За гэты час аднаўляюцца дакументы, афармляюцца групы інваліднасці, пастаяльцы сацыялізуюцца. Уцекачы могуць і да паўгода пражываць, паколькі іх доўга правяраюць міграцыйная служба, Камітэт дзяржбяспекі», – тлумачыла Крупко старшыня абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Ала Смаляк.

Кіраўнік вобласці абвясціў, што яны сабе такога дазволіць не могуць. Ён бачыць рашэнне ў паскарэнні працэдураў афармлення бежанцаў, і не дазваляць ім жыць даўжэй за два месяцы. А былым зняволеным, падобна што, у месцы ў цэнтры цяпер будуць адмаўляць. «Што тычыцца тых, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, то інтэрнатаў і кватэр па ўсёй вобласці хапае, толькі ідзі працуй, не трэба песціць іх», – лічыць чыноўнік.

Ён таксама выступіў з прамовай перад тымі, хто цяпер у цэнтры знаходзіцца. Ім ён сказаў трохі іншае, чым Смаляк, абяцаў уваходзіць у становішча: «Канешне, выпадкі розныя бываюць. Пабылі, адаптаваліся, трэба зразумець, што далей рабіць, каб чалавек разумеў, што дзяржава яго не кінула. Калі людзі ва ўзросце, у нас ёсць дастаткова ўтульныя дамы-інтэрнаты розных профіляў. Калі гэта ўцекачы, то дакументы аформілі і трэба ісці працаваць, як грамадзяне нашай краіны».

Можна толькі здагадвацца, чаму пытанне нечакана стала клопатам кіраўніка аблвыканкаму, але цалкам верагодна, што сітуацыя звязаная з пазбаўленнем фінансавання беларускага чырвонага крыжа. Адбылося гэта пасля адмовы зняць з пасады генсакратара адыёзнага Дзмітрыя Шаўцова, які неаднаразова быў на акупаваных тэрыторыях Украіны і займаўся незаконным вывазам дзяцей адтуль.

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png