Кінутыя дзяржавай: у Беларусі ігнаруюцца праблемы людзей у сталым узросце

Масавая эміграцыя пасля 2020 г. нясе пагрозу не толькі ў такіх відавочных рэчах, як адток прафесіяналаў. Праблемныя зоны з’яўляюцца ў самых розных аспектах, напрыклад, у павелічэнні колькасці асоб залатога веку, што засталіся без дагляду.

Фота: freepik.com

Колькасць адзінокіх састарэлых і раней была ў Беларусі істотнай. Па дадзеных перапісу 2009 г. з 2,5 млн асоб 60+, каля 590 000 (23%) жылі самастойна. У 2023 г. пенсіянераў 65+ налічвалася каля 1,51 млн (у Гомельскай вобласці 218 000). Калі хаця б пятая частка з іх жыве сама па сабе, то гэта не менш за 340 000 асоб.

Пры гэтым жыццёвыя рэаліі азначаных асоб бываюць розныя. Пенсіянер можа пражываць самастойна, але мець блізкіх, якія клапоцяцца пра яго, вырашаюць побытавыя, медычныя і іншыя праблемы. Але маецца і ўразлівая група – тыя, хто не мае блізкіх і вымушаны радзіць з усімі клопатамі самастойна. У адкрытых крыніцах інфармацыі пра колькасць гэтай катэгорый насельніцтва нямашака (магчыма, такі падлік ніякімі службамі і не рабіўся). Але тое, што такіх асоб за апошнія гады пабольшала, не падлягае сумненню. Раней у адзіноце заставаліся толькі тыя, хто не стварыў сям’ю (ці перажыў яе). Зараз жа нярэдка можна пабачыць, як малодшае і сярэдняе пакаленне вымушана было пераехаць у іншую краіну, а старэйшыя, што ўсё жыццё клапаціліся пра дзетак і ўнукаў, засталіся ў Беларусі ў самоце, без родных, без дагляду.

Пра праблемы гэтай уразлівай групы ніхто не гаворыць. Дзяржава замоўчвае праблему, бо, па-першае, іначай давялося б агучыць і крыніцу праблемы – выезд з Беларусі значнай колькасці насельніцтва. Па-другое, агучаная праблема патрабавала б рашэння, а як дапамагчы такім асобам, сацыяльныя службы пры нізкім узроўні іх развіцця і хранічным недахопе сродкаў, не ведаюць.

Часам дзяржінстытуцыі намагаюцца прадэманстраваць, што сітуацыя пад кантролем. Так, каб адсачыць настроі і запыты асоб залатога веку, Інстытут сацыялогіі НАН правёў даследаванне, па выніках якога кожны пяты пенсіянер працягвае працаваць, каб пазбегнуць адзіноты (такія высновы гучаць як падказка – калі ў вас праблемы, вырашайце іх самастойна). Тое, што шмат хто з іх не пражыў бы толькі на пенсію, засталося па-за даследаваннем. Як і тое, што застаюцца яшчэ 4/5 пенсіянераў, значная частка з якіх ужо не здольныя не толькі працаваць, але і жыць самастойна…

Многія развітыя заходнія краіны лепей, чым мы, радзяць з праблемамі адзінокіх пенсіянераў. Але скарыстацца іх досведам беларусам было б цяжка з істотных адрозненняў у культурніцка-грамадскай сістэме.

Добра, калі ў краіне існуюць грамадскія аб’яднанні, якія могуць паклапаціцца аб тых, каму гэта неабходна. Валанцёрства ў Беларусі і раней не было масавай з’явай, а за апошнія гады было фактычна вынішчана. Калі былі зліквідаваныя нават арганізацыі, што дапамагалі асобам з інваліднасцю ці жывёлам, цяжка чакаць узнікнення нейкай ініцыятывы па дапамозе немаладым родным вымушаных эмігрантаў. Праўладныя ж БРСМы і сябры Белай Русі могуць да 9 траўня правесці нейкую разавую акцыю (з колькасцю здымкаў, большай, чым рэальная дапамога) для асобна ўзятага ветэрана (ці таго, каго можна выдаць за ветэрана, бо іх засталося мала, на ўсіх брсэмаўцаў не хапае), але доўгатэрмінова даглядаць нікога не будуць.

Праз нейкую валанцёрскую дзейнасць адчуць сябе патрэбнымі грамадству, дадаць колераў у штодзённае жыццё маглі б і самі пенсіянеры. Але, па дадзеных на 2022 год, толькі 14,8% з асоб ва ўзросце 65–74 гады знаходзілі на гэта час і жаданне.

Вырашыць праблему і адзіноты, і медыцынскага дагляду, і побытавых клопатаў у развітых краінах дапамагаюць спецыялізаваныя асяродкі апекі (больш звыклы для нас тэрмін “дамы састарэлых”). Але калі, на прыклад, для немцаў, знаходжанне пенсіянера, які мае сваякоў, у такім месцы цалкам нармальная рэч, то для беларуса гэта недапушчальна, гэта ганьба для сям’і. Таму ёсць некалькі розных чыннікаў.

Фінансава-побытавая сувязь паміж пакаленнямі ў нас цяснейшая. Бо моладзь раней уступае ў шлюб, часам калі яшчэ няма фінансавай самастойнасці (адпаведна, бацькі дапамагаюць спачатку дзецям, потым унукам). Унукі з’яўляюцца, калі пакаленне дзядуль і бабуль яшчэ мае сілы даглядаць іх. Паколькі старэйшае пакаленне актыўна дапамагала сярэдняму і малодшаму, то апошнія вінныя дагледзець пенсіянераў напрыканцы іх жыцця. У заходніх краінах час шлюбу прыпадае на больш позні ўзрост, калі ўжо дасягнуты ўзровень фінансавай незалежнасці, і старэйшым можа быць цяжка з малечамі, тут больш дапамагаюць няні. Розныя пакаленні прызвычаены вырашаць праблемы самастойна. Пра гэтым факт знаходжання ў доме састарэлых не азначае, што чалавек пакінуты блізкімі, якія могуць рэгулярна наведваць і падтрымліваць блізкага.

Ні ў якім разе нельга казаць, што наш ці заходні падыход правільны ці недарэчны. Проста гэта розныя пункты гледжання тых, хто жыве ў розных рэчаіснасцях. Там асоба, якой цяжка жыць самастойна, перасяляецца ў камфортнае месца, дзе маецца з кім пагаманіць, своечасова дадуць лекі ці памераюць ціск, пакормяць, дапамогуць выйсці на свежае паветра, пры гэтым цяжар дагляду не кладзецца на плечы родных. То-бок у такое месца ідуць, каб жыць. У нашыя дамы састарэлых ідуць, каб паміраць. Бо і камфорту там не дачакаешся, і медыцынскі дагляд слабы.

Фота з адкрытых крыніц, выкарыстанае беларускім домам састарэлых у якасці рэкламы

 

У гомельскай вобласці 15 інтэрнатаў, дзе жыве каля 3000 асоб. Пры гэтым кошт знаходжання там адной асобы штодзённа складае каля 30 руб. Калі ўлічыць, што за гэтыя грошы трэба ўтрымліваць будынак і супрацоўнікаў, набываць лекі і ежу, вопратку, гігіенічныя сродкі і іншае для пастаяльцаў, то зразумела, што жыць давядзецца амаль у спартанскіх умовах (для параўнання, у Германіі ці Аўстрыі штомесяц на адну асобу патрабуецца 3000–4000 еўра). Тэарэтычна, у Беларусі існуюць прыватныя дамы састарэлых. Яны даражэйшыя (не кожнай пенсіі хопіць), але паверыць у тое, што яны будуць больш камфортныя, цяжка. Хаця б таму, што водгукі ад нібыта рэальных родных пастаяльцаў праілюстраваныя здымкамі, узятымі ў замежных сайтаў.

Фота: lamerdanismanlik.com

Штодзень

 

 

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі