Каровы «як сталі ў гною, так і стаяць, небаракі»: пракуратура пайшла з паказальнымі рэйдамі ў сельскую гаспадарку, і стан жывёлаў не радуе

На мясцовым дзяржтэлеканале паказалі рэйды ў дзве гаспадаркі Буда-Кашалёўскага раёну. У абедзвюх візіты пракуратуры, відавочна, паўторныя, інакш сітуацыя была б куды горш..

У гаспадарцы «Мікалаеўка» асноўныя парушэнні – каля 30 цялятак не атрымлівалі дастатковай колькасці корму. Індывідуальныя домікі для іх у трымання былі разламаныя і забруджаныя. Праз тыдзень пракуратура прыехала праверыць, ці былі гэтыя парушэнні вырашаныя. Аказалася, што часткова. У гаспадарцы спасылаюцца на ўраган.

«Ураган, які прайшоў, усе карты нам збіў, атрымліваецца, што мы кінулі ўсіх людзей на вышынныя работы, – кажа дырэктар ААТ «Мікалаеўка» Васіль Панамароў. – Думаю, што да 15 кастрычніка ўсе заўвагі ў нас будуць прыбраныя».

У таварнай ферме «Зорка» прадстаўнік пракуратуры звярнуў увагу на тое, што жывёлы «як сталі ў гною, так і стаяць, бедалагі» і адзначыў, што не ва ўсіх ёсць біркі. Там змяшчаецца 618 цялушак. Галоўныя праблемы – забруджанасць, праблемы з кармамі і адсутнасці радзіннага аддзялення. Так, як паведамляе дзяржтэлеканал, цялё ў верасні радзілася з парушэннямі саннормаў.

«У гаспадарцы было парушана ўсё, што можна, – абвясціў кіраўнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Гомельскай вобласці Аляксандр Змушко. – На працягу першай гадзіны дзіцё ад маці не забіралася, на дзве гадзіны пад лакальны сродак абсушкі не змяшчалася.

Дзяржтэлеканал паведамляе, што мор скаціны ў «Мікалаеўцы» ў гэтым годзе скараціўся ўдвая і ўвязвае гэта з ліквідацыяй парушэнняў. Але аўтары не канкрэтызуюць, за які час
падведзеныя вынікі: калі ў гаспадарцы спасылаюцца на наступствы ўрагану, відавочна, што парушэнні, пра якія яны распавядаюць, даволі свежыя.

Прызнаюць таксама ў дзяржпрапагандзе, што «паказчыкі мора скаціны не радуюць», але не даюць лічбаў.

«Штодзень» раней размаўляў з гомельскім актывістам Барысам Анікеевым, які ўжо пяць год працуе на польскай ферме. На пытанне, чым адрозніваецца сельская гаспадарка ў Беларусі і ў Польшчы, ён адказаў: «Быдла трэба даглядаць, гэтага ў Беларусі не хапае. Фермы, якія пабудаваныя ў Беларусі, зробленыя для дзяржаўнага тэлебачання, для паказухі. Фасад пафарбавалі а каналізацыя дзіравая. А ёсць якія фермы, дзе жывёла ўвогуле падае з голаду».

Барыс Анікееў лічыць, што ў Беларусі сельскую гаспадарку трэба аддаць «ва ўласныя рукі людзей, і людзі пачалі працаваць». «А дзяржава… Я не веру ў гэта», – заключыў Анікееў.

Штодзень

Related posts

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары

У асноўным забіваць беларускіх звяроў з-за мяжы едуць з Расіі