За два гады пражывання ў Польшчы я меў магчымасць некалькі разоў паназіраць зблізу за кіраўнікамі мясцовых адміністрацый – бурмістрамі (мэрамі) і войтамі. Такіх выпадкаў было некалькі і гэта дае магчымасць зрабіць пэўныя высновы. Два з іх былі вельмі паказальнымі для мяне, як гісторыка і этнографа, піша гісторык Яўген Малікаў у блогу Мова Гомель.
У нас, у Беларусі, таксама ёсць дзяржаўныя служачыя, якіх чамусьці называюць “мэрамі” – старшыні гар- і райвыканкамаў. Але з рэальнымі мэрамі (бурмістрамі) і войтамі яны не маюць нічога агульнага, бо ў Польшчы, як і ва ўсім цывілізаваным свеце, мэр – гэта выбраны мясцовымі жыхарамі кіраўнік адміністрацыі, у той час як у Беларусі старшыня гар- ці райвыканкаму пасада не выбарная, а прызначальная. І гэта прынцыповы момант, бо ў першым выпадку мэр ці войт адказвае перад выбаршчыкамі свайго горада ці гміны, у другім – толькі перад тым вышэйшым чыноўнікам, які яго прызначыў. Таму называць беларускіх старшыняў выканкамаў “мэрамі” – тэрміналагічна некарэктна. У Беларусі мэрам можна было б лічыць старшыню савета дэпутатаў, бо ён выбарны дэпутатамі пасадовец, але ў беларускіх рэаліях у яго абавязкі не ўваходзіць непасрэднае кіраванне менавіта ўсімі пытаннямі жыцця свайго горада ці раёна, таму і гэтая пасада па сваім функцыянале не адпавядае еўрапейскаму “мэру”.
У аснове сістэмы ўлады ў Польшчы знаходзіцца самакіраванне. І гэта не дэкаратыўная ўлада, гэта рэальнае выбранае мясцовымі жыхарамі самакіраванне.
На самым нізе адміністратыўнага падзелу Польшчы знаходзіцца “гміна” – тэрытарыяльнае аб’яднанне прыблізна 20 вёсак. Некалькі дзясяткаў гмін утвараюць “павет”. Некалькі дзясяткаў паветаў утвараюць “ваяводства”.
На чале гміны стаіць “войт” – выбарны прамым галасаваннем жыхароў гміны кіраўнік адміністрацыі. У сярэдніх па памеры гарадах, якія таксама ўтвараюць свае гміны, кіраўніком з’яўляецца “бурмістр” – выбарны гараджанамі мэр горада. У вялікіх гарадах, дзе жыве некалькі сотняў тысяч і болей жыхароў мэр называецца “прэзідэнт горада” (напрыклад, “president miasta Warszawa”).
Першае маё назіранне было за выступам маладога бурмістра гадоў 40 з нейкага невялікага горада ў заходняй частцы Польшчы, які разам з камандай архітэктараў і гісторыкаў прадстаўляў вынікі рэвіталізацыі былой прамысловай зоны ў сваім горадзе. Па традыцыі ўступнае слова было дадзена кіраўніку мясцовай адміністрацыі, а на заднім фоне на вялікім экране яго словы ілюстраваў фоташэраг. І за 15 хвілін малады кіраўнік без паперкі, па памяці і гледзячы ў зал, распавёў гісторыю і культуру свайго горада – хутка, даходліва, выразна, з гумарком, без нуды і ідэалагічных клішэ накшталт “трудящиеся народные массы под руководством рабочих и крестьян преодолели доставшиеся от капиталистической буржуазной формации… ” Я першы раз у жыцці пачуў кіраўніка адміністрацыі, які так лёгка і з непрыхаванай асабістай зацікаўленасцю можа распавесці пра гісторыю свайго краю. Такі падыход сведчыць пра глыбокую сувязь гэтага кіраўніка са сваім горадам, пра яго глыбокую і шчырую ўкаранёнасць у нябачныя, але важныя працэсы культуры сваёй рэгіянальнай супольнасці.
Другім кіраўніком, які патрапіў пад мае даследчыцкія назіранні, быў войт гміны Кадзідла (gmina Kadzidło) пан Дарыюш Лукашэўскі (Dariusz Łukaszewski). Гміна Кадзідла – гэта паўночна-ўсходняя частка Польшчы, тэрыторыя гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Курпёўшчызна (Kurpiowszczyzna).
Курпёўшчызна – вельмі цікавы рэгіён з сваёй выразнай этнаграфічнай традыцыяй. Колісь моцна забалочаная тэрыторыя захавала да нядаўняга часу глыбокія архаічныя рысы культуры мясцовага насельніцтва, у тым ліку цікавыя разьбяныя аздабленні будынкаў, традыцыю афармляць інтэр’еры выцінанкамі – выразанымі з паперы прыгожымі карункавымі аздабленнямі (нешта накшталт нашых навагодніх “сняжынак” на вокнах, толькі на вельмі высокім якасным узроўні, фактычна твораў мастацтва).
Менавіта ў гэты рэгіён мы паехалі аглядаць некалькі мясцовых скансэнаў (музеяў драўлянай архітэктуры пад адкрытым небам). Кіраўнік экскурсіі – этнограф пан Кшыштаф па дарозе заехаў да свайго прыяцеля войта гміны Кадзідла вырашыць нейкія свае пытанні, а я атрымаўся як госць.
Як і мабыць усе польскія войты, пан Дарыюш аказаўся чалавекам вельмі адкрытым, прыязным, з развітым пачуццём гумару. У час размовы высветлілася, што ён мае нават продкаў з Беларусі (з Віцебшчыны).
Пакуль паны вырашалі пытанні правядзення чарговай мясцовай этнаграфічнай канферэнцыі і падбору ўдзельнікаў яе арганізатараў, да мяне даляцеў фрагмент іх дыялогу. Пан Кшыштаф прапаноўваў для ўдзелу ў арганізацыі канферэнцыі запрасіць шэраг людзей, на адну з прапаноў войт адказаў (у пераказе): “А вось гэтага чалавека не трэба, яму гэта патрэбна толькі для кар’ернага росту, не больш. Ён не любіць Курпёўшчызну як мы, ён будуе толькі сваю паспяховую кар’еру. Я лічу, што яго не трэба запрашаць у арганізатары”.
На гэтым месцы я зразумеў, што ўпершыню ў жыцці бачу кіраўніка мясцовай адміністрацыі, які ў сваіх рашэннях арыентаваўся на такую асабістую якасць чалавека, як “шчырая любоў да свайго краю”, а не палітычная ці ідэалагічная мэтазгоднасць ці вернасць.
Не менш паказальным быў кабінет войта Дарыюша Лукашэўскага. Сцены густоўна ўпрыгожаны кампазіцыямі з выцінанак, на прысценных шафах расстаўлены работы народных майстроў і іншая мясцовая этнаграфія. Яркімі выцінанкамі ўпрыгожаны таксама інтэр’еры будынка войтаўства, шыльды на дзвярах, рэкламныя буклеты. Бачна, што кіраўнік адміністрацыі добра разбіраецца ў мясцовай этнаграфіі і культуры, цэніць яе, паспяхова і па-мастацку імкнецца інтэграваць у сучаснае жыццё свайго краю. Канчаткова дабіла мяне рэальная вялікая разьбяная ліштва насупраць кабінета войта – стылёва зробленая сучасная копія рэальнай ліштвы з акна традыцыйнага курпёўскага дома.
Прыведзеныя прыклады паказваюць агульны кірунак развіцця не толькі польскага самакіравання, але, па вялікім рахунку, і агульнасусветны – кожны абраны мясцовымі жыхарамі кіраўнік абавязкова шчыра імкнецца максімальна выцягваць у сучаснасць гістарычныя і этнаграфічныя асаблівасці свайго рэгіёну, раскрываць іх у актуальным дызайне, рабіць з іх лакальныя трэнды, непаўторныя візітоўкі свайго рэгіёну. Ён дапамагае гараджанам знайсці асабісты адказ на пытанне “хто мы ёсць і наш горад у гэтым свеце?”. І гэта не чарговая кампанейшчына накшталт “давайце выберам усімі гараджанамі спіс брэндаў нашага горада”, а глыбокі прадуманы аналіз гістарычных і этнаграфічных асаблівасцяў свайго краю, якія кіраўнік мясцовай адміністрацыі не проста пачуў у вусным пераказе ад музейных супрацоўнікаў, а сам іх добра ведае і арыентуецца, адчувае сваю асабістую адказнасць за іх захаванне і папулярызацыю.
І ў гэтым кантэксце з болем прыгадваецца знос драўлянай архітэктуры Гомеля, упрыгожанай непаўторнай разьбой, якая з усёй Беларусі ёсць толькі ў нашым рэгіёне. Сюды ж можна дабавіць і забудову мікрараёна “59-А” у некалькіх дзясятках метраў ад гарадзішча VI-III стагоддзяў да нашай эры “Шведская горка” – адзінага ў Беларусі выпадку захавання такога гарадзішча на тэрыторыі абласнога цэнтра, які мог бы па сваім значэнні стаць для Гомеля фактычна другім “палацава-паркавым ансамблем Румянцавых-Паскевічаў”. Гэта маглі б быць яркія і непаўторныя брэнды і новыя турыстычныя аб’екты нашага горада і вобласці. Але сталіся, на жаль, месцам для чарговай убогай жылой панэлькі.
Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства