Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнні правоў гомельскага актывіста Барыса Анікеева

Рашэнні КПЧ ААН былі прынятыя 24 ліпеня, у справах размова ідзе пра пікеты, за якія Барыс Анікееў быў пакараны ў 2017 і 2018 гадах. Пра гэта паведаміў сёння у Facebook праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагаў рыхтаваць скаргі.

Першая справа, па звестках Судаленкі, тычыцца ўдзелу Барыса Анікеева ў пікеце пад гомельскім судом. За акцыю ў падтрымку незалежнай журналісткі Ларысы Шчыраковай (цяпер палітзняволеная) яго пакаралі 5 суткамі арышту.

«Прайшоўшы разам усе ўнутраныя сродкі прававой абароны, мы на міжнародным узроўні заявілі аб парушэнні права на выказванне меркавання і мірны сход, – патлумачыў праваабаронца. – Камітэт ААН па правах чалавека пагадзіўся з нашай прававой аргументацыяй, прызнаў урад Беларусі вінаватым у парушэнні правоў актывіста на свабоду выказвання меркавання і мірны сход».

Другая справа тычылася ўдзелу Анікеева ў пікетаванні рэстарана «Паедзем-паедзім» у Курапатах. За гэта, абвінаваціўшы яго ў парушэнні правілаў дарожнага руху, актывіста аштрафавалі чатыры разы. У гэтай сітуацыі КПЧ ААН прызнаў «урад Беларусі вінаватым у парушэнні правоў актывіста на свабоду выказвання меркавання і мірны сход».

«Дзякуючы Леаніду Судаленку, у ААН прызналі, што я ні ў чым вінаваты, – сказаў «Штодню» Барыс Анікееў. – Сам бы я нічога не дабіўся».

Паводле яго, у Беларусі «няма міліцыянта, якому ты можаш патлумачыць, што ты маеш рацыю». «Пры разглядзе любой справы ўлады робяць людзей баранамі», – дадаў Анікееў і параіў ісці міліыянтам, якія складалі на яго пратаколы ісці вучыцца наноў.

Таксама КПЧ ААН, па звестках гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, прызнаў парушэнні правоў іншых актывістаў з Гомельскай вобласці: Віктара Рубцова (за справу 2017 года) і Тамары Зайцавай (за справу 2018 года).

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса