Глабальнае пацяпленне прынесла ў Беларусь не толькі сезонныя нашэсці кляшчоў, мошкі, вос, але і сёе-тое цікавейшае з пункту гледжання паразіталогіі, адзначаецца ў публікацыі навуковага блогу хіміка-энцыклапедыста Сяргея Бесараба.
У артыкуле распавядаецца пра тое, што з нядаўняга часу ў Рэчыцы заўважаюцца прыкметы распаўсюджанасці дырафілярыёзу. Нядаўна Рэчыцкім занальным ЦГЭ лабараторна пацверджаны другі выпадак захворвання (да гэтага быў у 2021 годзе, калі паразіта вынялі з вобласці левага перадплечча). Цяпер інвазіўны аб’ект памерам 12 мм * 0,4 мм быў хірургічна выдалены з мяккіх тканін левага сцягна жыхаркі Рэчыцы.
Што ёсць дырафілярыёз? Гельмінтоз, які выклікаецца круглым чарвяком (нематодай) роду Dirofilaria сямейства Onchocercidae (таго ж сямейства, дзе лічацца круглыя чарвякі Onchocerca volvulus, якія выклікаюць такую хваробу як “рачная слепата”. Лічынкі гэтых чарвякоў распаўсюджваюцца казуркамі, якія сілкуюцца крывёй, напрыклад чорнымі мухамі, мошкай (Сляпні, Макрэц) і камарамі. Пакуль, на шчасце, да Беларусі нешта сур’ёзнае не дайшло (ёсць напрыклад чарвякі, якія жывуць у брушной паражніне або лімфатычных вузлах, выклікаюць “слановую хваробу”.
Рэчыцкіх чарвякоў (а гэта могуць быць альбо Dirofilaria immitis, альбо Dirofilaria repens) часцей за ўсё (меркавана) пераносяць камары. Самі паразіты могуць лакалізавацца альбо ў лёгкіх (на рэнтгене лёгкіх прыкметна) і выклікаць лёгачны дырафілярыёз, альбо ў скуры / у вачах (ідэнтыфікаваць можна толькі па руху чарвяка, альбо мікраскапіяй тканін).
Самы час жыхарам беларускага Палесся задумацца пра рэпеленты супраць крывасмактальных насякомых і прачытаць тэматычныя артыкулы. У выпадку заражэння чарвяком, у тэорыі можа дапамагчы традыцыйная схема лячэння ад гельмінтозаў – альбендазол + івермекцін або дыэтылкарбамазін + альбендазол. Цікавы факт. Многія нематоды жывуць у цесным сімбіёзе з бактэрыямі роду Wolbachia і пры гібелі гэтых бактэрый не могуць размнажацца. Таму ў некаторых выпадках можа спрацаваць прыём даксіцыкліну, які знішчае бактэрыю і як следства круглых чарвякоў з ёй звязаных.
У каментары “Штодню” навуковец Сяргей Бесараб адзначыў, што пагрозы заражэння новымі паразітамі датычаць не толькі жыхароў Рэчыцы, але і для іншых населеных пунктаў, блізкіх геаграфічна і кліматычна. “Па ідэі, варта было б правесці расследаванне, адкуль што ўзнікла, каб знайсці крыніцу. Бо проста фіксаваць хворых (ды выразаць чарвей) — гэта як мёртваму прыпарка. Неабходна лакалізаваць месца, адкуль з’яўляюцца такія небяспечныя камары”, — падсумоўвае даследчык.