Каля Гомеля будуецца першы ў Беларусі надземны пераход для жывёл

by homieldays

Як жывецца ў Беларусі людзям, усе мы добра ведаем. А ці лёгка на нашай зямлі жывёлам? У пытанні разбіраўся “Штодень”.

Каб забяспечыць сябе ежай, значнай колькасці жывёл даводзіцца перамяшчацца па вялікай тэрыторыі. Паколькі пракладзеныя чалавекам магістралі перасякаюць звыклы арэал міграцыі, лясныя жыхары вымушаны іх пераходзіць. Гэта прыводзіць да дарожна-транспартных здарэнняў, наступствы чаго для жывёлы, як правіла, самыя сур’ёзныя (для кіроўцы і пасажыраў звычайна, на шчасце, гэта не настолькі трагічна). У ЗША такім чынам штогод гіне больш за 1,5 млн асобін, на тэрыторыі Еўразвязу – каля 1 млн. У Беларусі ў 2022 годзе было афіцыйна зафіксавана каля 3 000 смяротных для жывёл ДТЗ (пры тым, што непаляўнічыя і дробныя жывёлы, кшталту вожыкаў, у гэтую статыстыку не трапляюць).

Фота: zwierzetanadrodze.pl

 

Сеткі, замацаваныя ўздоўж дарог, зніжаюць аварыйнасць, але перашкаджаюць жывёлам весці звыклы лад жыцця. Нівеліраваць гэтую праблему дазваляюць экадукі (ад лац. duco – вяду) – масты ці тунэлі, якія дазваляць перасекчы магістраль, чыгунку ці іншыя небяспечныя для жывёл кавалкі міграцыйнага шляху.

Фота: mazowiecka.policja.gov.pl

 

Першыя “жывёлаправоды” сканструявалі ва Францыі яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст. Хутка з’явіліся яны ў Нідэрландах, Германіі, Швейцарыі, а затым гэтая практыка распаўсюдзілася па ўсім свеце. Экадукі ладзяць як для буйных (мядзведзяў, ласёў, дзікоў), так і для зусім маленькіх прадстаўнікоў фаўны (амфібій ці павукоў).

Экадук у Германіі. Фота: idahowildlife.org

 

У СССР экадукі не будавалі, бо колькасць аўтамабіляў была значна меншай, чым у так званых капіталістычных краінах, сеткай дарогі ніхто не агароджваў. У разлік браліся толькі сельскагаспадарчыя жывёлы, для якіх дзе-нідзе рабіліся арганізаваныя бяспечныя пераходы (дзіўна было б чакаць іншага стаўлення да прыроды ад краіны, дзе цалкам сур’ёзна абмяркоўваліся праекты змены напрамку цячэння рэк).

У незалежнай Беларусі першы экадук для земнаводных быў зроблены ў 2006 годзе на 122-м кіламетры трасы Мінск-Віцебск (тэрыторыя Бярэзінскага біясфернага запаведніка). Гаворка ж пра экадукі для тых жывёл, якія правакуюць дарожныя здарэнні, пачала весціся даволі позна. У 2013 годзе наша краіна далучылася да ўдзелу ў створанай і фінансаванай ЕС праграме “Ізумрудная сетка” – адзінай экалагічнай сетцы прыродаахоўных тэрыторый. Нарматыўны дакумент, які зацвердзіў Схему нацыянальнай экалагічнай сеткі, быў падпісаны толькі ў 2018 (для параўнання, у Нідэрландах у той жа час налічвалася каля 600 пераходаў для жывёл). І ў гэтым жа годзе на кавалку трасы М6 Мінск-Гродна быў пабудаваны першы беларускі падземны экадук.

Першы беларускі экадук. Фота: grodno.greenbelarus.info

 

Тунэль, пакрыты гафрыраваным металам, шырынёю 4,5 м і даўжынёю каля 40 м каштаваў каля 600 000 бел. руб. З аднаго боку, ягоная пабудова стала вялікім крокам у бок экалагічнасці і дбайнага стаўлення да прыроды. Але да якасці самой канструкцыі ў эколагаў узнікла шмат пытанняў.

Нават для чалавека, які прызвычаіўся да штучных канструкцый, тунэль выглядае халодным і няўтульным. Жывёлы ж могуць і не наважыцца сюды зайсці. Проста пабудаваць мост ці тунэль недастаткова. Нават пры канструкцыі экадука, максімальна набліжанай да прыроднага асяроддзя, з адмысловымі сеткамі, якія размяжоўваюць прастору на падыходзе да трасы і стымулююць накіроўвацца да бяспечнага шляху, часам патрэбна да 5 гадоў, каб жывёла пачала ўспрымаць такі маршрут як норму. Таму ва ўсім свеце да праектаў экадукаў вельмі высокія патрабаванні.

Пагаршае становішча і тое, што даволі доўгі экадук зроблены ў выглядзе тунэля – закрытай прасторы. Надземныя пераходы для жывёл каштуюць даражэй, але яны больш эфектыўныя, бо адкрытай прасторы жывёлы не баяцца.

Тое, што надземны экадук, які пачалі будаваць у 2023 годзе на трасе М-10 “Гомель-Кобрын”, афіцыйныя СМІ называюць “эксперыментальным”, сведчыць, што ў будаўніцтве экадукаў Беларусь пакуль не дасягнула значных поспехаў. Патлумачыць гэта можна некалькімі чыннікамі.

Па-першае, сеткай агароджаны толькі каля 330 з 15 926 км рэспубліканскіх дарог. Там, дзе няма агароджы, будаваць экадук бессэнсоўна: жывёла пабяжыць напрамкі, праз дарогу. Па-другое, экадук – нятанная рэч. А грошай у бюджэце не хапае нават на тое, што неабходна чалавеку (узгадайма, колькі год у Гомелі не могуць дабудаваць Усходні абход).

Хацелася б спадзявацца, што ўжо ў бліжэйшае дзесяцігоддзе экадукаў у Беларусі паболее, а ў іх праектаванні будзе выкарыстаны самы перадавы досвед.

А пакуль, у якасці бонусу, прапануем вам падзівіцца на экадукі розных куточкаў планеты, якія маглі б пазмагацца за тытул “Самы прыгожы экадук свету”.

Wildlife Bridge, Нідэрланды. Фота: izismile.com
Нідэрланды. Фота www.nrc.nl
Шасэ Талін-Тарту. Фота: Eero Vabamägi (Postimees)
Ванкувер. Фота: www.confluenceproject.org
Banff National Park, Канада. Фота: www.theguardian.com

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png