Гэтым разам мастак Павел Пілавец намаляваў галерэю партрэтаў вядомых беларусаў.
«Па шматлікіх просьбах зрабіў у Midjoyrney малюнкі са знакамітымі беларусамі. Ведаю, многія не вельмі падобныя. Усе пытанні да штучнага інтэлекту», – апісаў вынік сваіх намаганняў мастак.
Як паведаміў Павел Пілавец, на спіс людзей яго натхніў праект Уладзіміра Скамарошчанкі, у якім ён адлюстраваў партрэты легендарных беларусаў у дакументальнай стылістыцы.
Усяго атрымалася 39 партрэтаў. Сярод іх Якуб Колас, Францыск Скарына, Уладзімір Сыракомля, Васіль Быкаў… Беларусы ўжо зацікавіліся праектам, актыўна разглядаюць і каментуюць партрэты ў сацсетках. Водгукі самыя розныя.
Хтосьці захапляецца: «Уражвае! Якая цудоўная праца выканана!“
Хтосьці бачыць недахопы: «Хіпстары з барбершопа на фотадні ў папулярнага камерцыйнага фатографа. Аднолькава млява-суровыя погляды, аднолькава падрэдагаваць абліччы».
Трэба прызнаць: штучны інтэлект сапраўды не заўседы выдае вельмі падобную і ўдалую выяву. Каліноўскаму ў гэтым плане дасталася больш за каго. Адзін з падпісчыкаў Пілаўца ў Фэйсбуку запытаўся, маўляў, чаму сярод партрэтаў няма Каліноўскага, на што дызайнер не без гумару адказаў: «Мучаюся з ім. Пакуль што (Каліноўскі – Рэд.) падобны на Алена Дэлона ў сурдуце Джорджа Вашынгтона».
Дарэчы, нешта падобнае мастак робіць ужо не ўпершыню. Нядаўна Павел з дапамогай усе таго ж Midjoyrney намаляваў гербы беларускіх гарадоў у выглядзе ілюстрацый з фэнтэзійнымі героямі.