“Калі вы і вашыя родзічы жывеце ў раёне радыяцыйнага забруджання і карыстаецеся пячным ацяпленнем — уважліва стаўцеся да пытанняў радыяцыйнай гігіены”

by ZB

Адносна нядаўна гомельскі центр гігіены адсправаздачыўся пра колькасць радыяцыі ў грыбах і ягадах. Цяпер канец халоднага верасня, і насамрэч увагу трэба звяртаць на драўніну. Тым болей, што ў Гомельскай вобласці знаходзіцца каля 70 тыс. домаўладанняў з пячным ацяпленнем. 

 

Ілюстрацыйнае фота

 

Навуковы журналіст і хімік Сяргей Бесараб распавёў у сваім навукова-тэхнічным блогу “LAB-66” пра неабходнасць правільнай утылізацыі пячнога попелу ў радыяцыйна-рызыкоўных раёнах Гомельшчыны:

“У некалькіх навукова-даследчых інстытутах беларускай акадэміі навук у 1986 годзе былі разгорнуты працы па вывучэнні эфектаў катастрофы на ЧАЭС. Узоры вады, глебы, драўніны спальваліся ў выцяжных шафах установаў. Усе прадукты згарання зляталі па сістэме вентыляцыі. 

Даследаванні былі праведзены, вынікі зроблены, рэкамендацыі напісаныя. Прайшлі 1990-я, калі з навукі сышлі тыя, хто ў 1986 г. займаўся гэтымі працамі. Прайшлі 2000-я. Падчас адной з праверак галоўнаму інжынеру аднаго з НДІ было дадзена ўказанне пачысціць пэўны сегмент вентыляцыі. Адзін са слесараў меў вопыт стасавання з радыеактыўнымі аб’ектамі і пасля працы выявіў, што яго адзенне “звініць” у 10 разоў болей нормы. Ён распавёў пра гэта калегам, яны пасмяяліся і працягнулі чысціць па-даўнейшым — выкідаць пыл у звычайныя смеццевыя бакі каля НДІ. Але вось гэты слесар пачаў надзяваць рэспіратар і старанна мыцца пасля працы. Таксама ён імкнуўся зрабіць вентыляцыйнную сістэму больш бяспечнай. Таму, відаць, і дажыў да той пары, калі змог усё гэта распавесці. 

Мараль гісторыі наступная. Калі вы і вашыя родзічы жывеце ў раёне радыяцыйнага забруджання і карыстаецеся пячным ацяпленнем — ўважліва стаўцеся да пытанняў радыяцыйнай гігіены. 

Наўрад ці магчыма правяраць кожную партыю дроваў ці верыць лесарубам з лясгасу, якія ніколі не скажуць, адкуль прывезлі дровы. Але дакладна можна змачваць попел пры выдаленні яго з топкі, не выкідаць яго на гарод. Адвесці для захоўвання попелу закрытае і ізаляванае ад паверхневых водаў месца, выкарыстоўваць рэспіратары пры ачыстцы дымаходаў.”

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png