“Калі хтосьці вам зноў скажа пра тое, што беларусы нічога не зрабілі супраць гэтай вайны, нагадайце ім пра нашых “рэйкавых партызан” і іншых беларусаў у турмах”

by ZB

Калі краіна апынулася ў рэаліях таталітарызму, а большая частка людзей жыве ў абгрунтаваным страху, бо кожны дзень у краіне за палітыку арыштоўваюць людзей, з якіх потым літаральна здзекуюцца за кратамі, беларусам не заставалася нічога іншага, як зноў пачаць рабіць тое, што ў нас добра атрымліваецца – партызаніць.

Гісторыя, на жаль, мала чаму вучыць. Таму праз амаль 80 год беларусы зноў вярнуліся да партызаншчыны, а ў наш моўны зварот зноў увайшло паняцце “рэйкавай вайны, – каментуе “Штодню” адзін з сябраў “Працоўнага руху”, які па зразумелых прычынах не называе свайго імя і знаходзіцца па-за межамі Беларусі. – Да ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі расейцы рыхтаваліся загадзя. Перакідаць асабісты састаў і ўзбраенне на тэрыторыю Беларусі яны пачалі яшчэ восенню 2020 года. Да пачатку ваеннага ўварвання ва Украіну на тэрыторыю Беларусі ўехала больш за дзве сотні воінскіх эшалонаў. У кожным прыкладна было па 60 вагонаў. У асноўным везлі “Грады” і “Смерчы”. Такога ў нашай краіне не назіралася з часоў развалу СССР. Усю гэтую перавезеную за некалькі месяцаў тэхніку потым перакінулі да паўднёвай мяжы Беларусі акурат за некалькі дзён да пачатку вайны ва Украіну”.

 

І беларусы не глядзелі на гэта моўчкі.


Зноў пачалася “рэйкавая вайна”, – працягвае наш суразмоўца. – Мы зноў вучыліся замыкаць і блакаваць чыгуначныя шляхі, пераводзіць стрэлкі, знішчаць сігнальнае абсталяванне, выводзіць са строю рэйкі, пераключаць светлафоры… Канешне, зараз нам у дапамогу былі і новыя тэхналогіі. Бо падтрымлівалі і працягваюць дапамагаць кіберпартызаны, якія могуць залазіць у іх сістэмы, дапамагаць адсочваць рух і расклад цягнікоў, хутка атрымліваць і перахопліваць інфармацыю. У выніку толькі адна спаленая шафа СЦБ (перакладаецца як “сігналізацыя, цэнтралізацыя, блакаванне” – рэд.) магла ад некалькі гадзін да некалькі сутак перакрыць прасоўванне расейскіх вайскоўцаў па беларускай чыгунцы”.

У выніку эшалоны з расійскімі тэхнікай і вайскоўцамі перасталі рухацца па тэрыторыі Беларусі ноччу. І гэта вельмі добры вынік, які, на жаль, і каштаваў нам вельмі дорага.

Рэйкавыя партызаны Дзмітрый Равіч, Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў


Па справе “рэйкавых партызан” было затрымана і арыштавана некалькі сотняў беларусаў. А саміх “рэйкавых партызан” прыраўнялі да тэрарыстаў. Прытым іх затрыманне адбывалася з асаблівай жорсткасцю – рэйкавых партызан збівалі, у іх стралялі, іх катавалі… А ў хуткім часе па рашэнні следчага камітэту да іх сталі прымяняць 
яшчэ і ч. 3 крымінальнага артыкулу 289 (Акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, пажыццёвае пазбаўленне волі або смяротнае пакаранне.

“Гэта яшчэ раз гаворыць пра тое, які вялікі ўнёсак зрабілі беларускія рэйкавыя партызаны”. І пра гэта мы абавязкова павінны нагадваць тым, хто дагэтуль гаворыць, што беларусы не зрабілі для супрацьстаяння гэтай вайне анічога”, – адзначае наш суразмоўца.

Па дадзеных праваабарончага цэнтра “Вясна”, толькі на праўладных тэлеграм-каналах было апублікавана не меней за сотню “пакаяльных відэа затрыманых чыгуначнікаў (дакладнай лічбы няма – рэд.). У асноўным затрыманых абвінавачвалі ў “Здрадзе радзіме“, “Шпіянажы”, “Падрыхтоўцы да тэрарызму“ ці ў самім “Акце тэрарызму“. МУС паведаміла пра амаль сотню “актаў тэрарызму” на чыгунцы, але колькі іх было на самой справе, – зараз мала хто можа сказаць. Бо гэта інфармацыя старанна замоўчваецца.

Не забывайцеся і на тых, хто партызаніў з гэтай жа нагоды і ў інтэрнэце – хто фіксаваў і перадаваў дадзеныя пра перасоўванне ваеннай расейскай тэхнікі і салдат, хто выходзіў на акцыі пратэстаў супраць вайны, хто не пабаяўся вывесіць украінскі сцяг і надпісы “не вайне”, хто дапамагае і падтрымлівае вайскоўцаў, якія ваююць за незалежную Украіну і Беларусь… Усіх гэтых людзей пераследуюць, арыштоўваюць, судзяць за “здраду дзяржаве” і ў прамым сэнсе катуюць. І гэта яшчэ сотні і сотні годных беларусаў. І пра іх таксама трэба нагадваць тым, хто гаворыць, што беларусы нічога не зрабілі супраць гэтай вайны”, – зноў аргументуе наш суразмоўца.

Падтрымайце “рэйкавых партызан

Асуджаных “рэйкавых партызан” асудзілі на вялікія тэрміны. У асноўным – ад 10 да 23 год калоніі. Сёння палітвязнямі прызнаны больш за дзясятак беларусаў, якія былі датычныя да “рэйкавай вайны”.

Сярод іх ёсць і “рэйкавыя партызаны” з Гомельшчыны. Як мінімум, пяцёра з іх зараз знаходзяцца ў спісе тэрарыстаў. Ім патрэбная нашая падтрымка. Грашовыя пераводы для іх забаронены, таму падтрымаць палітвязняў зараз можна толькі лістамі салідарнасці.

Вось яны і іх адрасы:

Сяргей Пляшкун – адбывае ў калоніі 16 год зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адрас для лістоў: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8.

Юрый Сельвіч – 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адрас для лістоў: ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, п. Віцьба.

Дзмітрый Равіч – прыгавораны да 22 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адрас для лістоў: ПК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183).

Дзяніс Дзікун – прысудзілі 23 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адрас для лістоў: ПК № 9. 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16.

Алег Малчанаў – 21 год калоніі ўзмоцененага рэжыму. Адрас для лістоў: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8.

 Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png