Кадравыя змяненні на фоне скандала з забітай украінскай дзяўчынкай

Цела забітай расейскімі вайскоўцамі 15-гадовай кіяўлянкі Арыны Яцюк амаль год знаходзілася ў Беларусі. У той перыяд начальнікам Гомельскага абласнога клінічнага патолагаанатамічнага бюро быў Аляксей Лагвінцоў. Дзяржаўныя СМІ нават пісалі пра яго як пра аднаго з самых паспяховых выпускнікоў Гомельскага медуніверсітэта. І менавіта ён з’яўляецца ў сюжэце прапагандысткі Анастасіі Бенедзісюк, якая 12 сакавіка 2022 года абвяргала інфармацыю, што ў Гомельскую вобласць звозяць трупы забітых людзей падчас нападу Расеі на Украіну. І ў гэты самы час блізкія Арыны Яцюк шукалі дзяўчынку на тэрыторыі Гомельскай вобласці.

 

Забітая ўкраінская дзяўчынка Арына Яцюк


Даведка.
Аўтамабіль сям’і Яцюк быў расстраляны расейскімі захопнікамі 03.03.22 падчас спробы эвакуацыі ля сяла Матыжын Кіеўскай вобласці. Бацькі загінулі на месцы, а дзяўчына, паводле неафіцыйнай інфармацыі, была параненая ў нагу і яе забралі вайскоўцы РФ. Пазней з’явіліся звесткі, што дзяўчыну маглі вывезці на тэрыторыю Беларусі. Аднак гомельскія міліцыянты і медыкі сцвярджалі, што на тэрыторыі вобласці не знайшлі слядоў зніклай Арыны Яцюк.

 

Аляксей Лагвінцоў у тым самым прапагандысцкім сюжэце

 

На сайце Гомельскага абласнога клінічнага патолагаанатамічнага бюро пазначаецца, што начальнік там цяпер не Аляксей Лагвінцоў, а зусім іншы чалавек: Тарасенка Сяргей Васільевіч.

 

 

І самае дзіўнае, што ва ўсёй структуры абласнога патолагаанатамічнага бюро прыкладна ў паловы няма загадчыкаў: пазначаныя менавіта выконваючыя абавязкі — то бок асобы, якія выконваюць працу загадчыкаў, аднак не займаюць яе. Так, замест загадчыкаў выконваюць абавязкі загадчыкаў у Рэчыцкім, Рагачоўскім, Светлагорскім і Мазырскім міжнараённых патолагаанатамічных аддзяленнях. Можна было б падумаць, што гэта так пасада называецца. Але ў іншых раённых аддзяленнях іншых абласцей менавіта загадчыкі, а не выконваючыя абавязкі.

 

Згодна статуту патолагаанатамічнага бюро, прадметам яго дзейнасці з’яўляецца ўсталяванне прычын смерці хворых, аказванне рытуальных паслуг, аналіз якасці лячэбнай і дыягнастычнай працы. Начальніку бюро падпарадкоўваюцца і раённыя патолагаанатамічныя аддзяленні. Дарэчы, менавіта выконваючы абавязкі Мазырскага міжраённага патолагаанатамічнага аддзялення Станіслаў Галаўко (і дагэтуль з’яўляецца выконваючым абавязкі) у прапагандысцкім сюжэце Анастасіі Бенедзісюк паказваў, што ў Мазыры няма ніякіх трупаў забітых ва Украіне.

“Арыну спрабуем шукаць у Калінкавічах і Мазыры. Мы чулі, што менавіта туды прывозілі многа параненых дзяцей.” — звярталася ў ліпені 2022 года ў рэдакцыю “Штодня” цёця падлетка. У снежні 2023 журналісты obozrevatel.com напісалі матэрыял, паводле якога цела Арыны Яцюк перадалі ва Украіну па абмене і яе апазналі паводле ДНК. У кастрычніку 2023 дзяўчынку пахавалі побач з забітымі расейцамі бацькамі.

Дзе цяпер працуе былы начальнік Гомельскага абласнога клінічнага патолагаанатамічнага бюро, дакладна цяжка прасачыць. Паводле інфармацыі сайта by.linkedin.com, Аляксей Лагвінцоў працаваў у Гомельскім абласным клінічным патолагаанатамічным бюро ажно да студзеня 2023 года.

 

LinkedIn – гэта найбуйнешая ў свеце сетка прафесійных кантактаў, размешчаная ў інтэрнэце і з дапамогай якой шукаюць працу і ўмацоўваюць прафесійныя стасункі. Наколькі можна давяраць інфармацыі пра Аляксея Лагвінцова на дадзеным сайце, цяжка сказаць. Аднак паводле гэтага рэсурсу, былы галоўны патолагаанатам Аляксей Лагвінцоў са студзеня 2023 года працуе галоўным лекарам у Медыцынскім цэнтры “АЛЬФАклінік”. На сайце медцэнтра пазначана, што яны паспяхова лекуюць “розныя захворванні пазваночніка і нервовай сістэмы, якія так перашкаджаюць адчуць ўсю паўнату і радасць жыцця”. Праўда, сам медыцынскі цэнтр увогуле не падае ніякай інфармацыю пра галоўнага лекара (і ці маецца ён там наогул).

Штодзень 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса