Каб насіць імя Скарыны, канкуравалі два ўніверсітэты: ГДУ і БГУ

by ZB

У 1522 годзе ў Вільні, у доме бурмістра Якуба Бабіча, Францыск Скарына заснаваў першую ва Усходняй Еўропе друкарню, у якой выдаў першую на нашых землях друкаваную кнігу — малітоўны зборнік “Малая падарожная кніжка”. Праз некалькі стагоддзяў пасля гэтай падзеі ў горадзе над Сожам з’явіўся ўніверсітэт, які носіць імя беларускага першадрукара. Чаму Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт назвалі ў гонар Францыска Скарыны? І каму гомельцы абавязаныя тым, што наш галоўны ўніверсітэт носіць імя славутага першадрукара? На гэтыя і іншыя пытанні чытайце адказ у матэрыяле “Штодня”.

Графіці з выявай Францыска Скарыны на будынку філалагічнага корпуса ГДУ. Фота: katolik.life

У 1988 годзе Гомельскі ўніверсітэт стаў называцца Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны. Як адзначаў пісьменнік Сяргей Балахонаў у сваім іранічным эсэ “Гомельскі след Францішка Скарыны”, “ад тых часоў з зайздраснай рэгулярнасцю чуюцца з’едлівыя пакепліванні нядобразычліўцаў: “На якой жа кафедры вашага ўнівэрсітэта працаваў Скарына?” альбо “А Скарына жыў на Савецкай ці на Кірава?” Дарэчы, каму абавязаны ўніверсітэт сваёй назвай, мала хто ведае нават з выпускнікоў ГДУ. Хтосьці сапраўды паверыць у гістарычны сцёб Сяргея Балахонава, што ў 1507 годзе Францыску Скарыну як камандзіру невялікага спецаддзела даручылі адваяваць Гомельскі замак. У любым разе, на прасторах інтэрнэту цяжка знайсці інфармацыю, чаму гомельскі ўніверсітэт, які знаходзіцца ад Полацку на адлегласці ў 471 км па шашы, стаў насіць імя Францыска Скарыны.

Фота з “дзембельскага альбому” камандзіра спецаддзелу Ф. Скарыны. Фота з блога Сяргея Балахонава

Напачатку Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт не быў універсітэтам. 21 чэрвеня 1930 года адкрыўся Гомельскі педагагічны інстытут. Педінстытут размяшчаўся па вуліцы Пралетарская, заняткі там праходзілі ў другую змену. А ў 1939 годзе інстытут назвалі ў гонар лётчыка Валерыя Чкалава. У 1964 годзе навуковая грамадскасць Гомеля звярнулася да тагачаснага Першага сакратара КПБ К.Т. Мазурава з прапановай утварэння ў горадзе ўніверсітэта.

Фота: Зеленкова, А. И. Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины (1930–2015 годы)

Навукоўцы тлумачылі сваю прапанову тым, што вобласць хутка эканамічна развіваецца. У кнізе А.І. Зелянковай “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны (1930-2015)” , выдадзенай да 85-годдзя ўніверсітэта, апублікаваны такі тэкст ліста: “Адкрыццё ў Прыпяцкай нізменнасці вялізных радовішчаў натуральных багаццяў – нафты, калійных соляў, бурага вугля, сланцаў і жалеза – вылучае беларускае Палессе як раён краіны з бурным эканамічным развіццём. Асабліва вялікую будучыню мае Гомельская вобласць. Тут сканцэнтраваная значная частка рэспубліканскай хіміі і машынабудавання, будзе развівацца натфаздабыча і яе пераапрацоўка. Наноў пабудаваны і бурна развіваецца г. Светлагорск, пашыраецца Гомель. Буйнымі прамысловымі цэнтрамі стануць Мазыр і Рэчыца. Натуральна, далейшае развіццё Палесся прывядзе да росту патрэбы ў кадрах шматлікіх спецыяльнасцяў. Задаволіць гэтую патрэбу зможа ўніверсітэт”.  Таксама адзначалася, што пераўтварэнне педінстытута ва ўніверсітэт не будзе патрабаваць вялікіх капіталаўкладанняў.  І напрыканцы 1968 года было прынята рашэнне ЦК КПСС пра стварэнне Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта на базе Гомельскага педінстытута.

Так выглядаў будынак Гомельскага педінстытута ў 1940 годзе. Фота: Зеленкова, А. И. Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины (1930–2015 годы)

У 1973 годзе рэктарам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта становіцца доктар фізіка-матэматычных навук Барыс Бокуць. Менавіта пры ім універсітэт стане насіць імя першадрукара Францыска Скарыны. Кандыдат філалагічных навук Дзмітрый Паўлавец, які ў 1976 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта, узгадвае, як адбылося перайменайванне:

Гэта было за рэктарам Барысам Бокуцем. Змагаліся з БДУ. Набліжалася 500-годдзе Скарыны. Уладзімір Анічэнка і Барыс Бокуць змаглі пераканаць Мінск і атрымаць дазвол, безумоўна, падключыўшы свае сувязі і свой аўтарытэт. Калі не памыляюся, Барыс Бокуць ужо быў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, акадэмікам Беларусі.”

Рэктар ГДУ Барыс Бокуць. Фота: Зеленкова, А. И. Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины (1930–2015 годы)

Як адзначаецца ў кнізе А.І. Зелянковай  “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны (1930-2015)”, “на пасяджэнні навуковай рады 30 жніўня 1988 года абмяркоўвалася пытанне пра мерапрыемствы па падрыхтоўцы і святкаванні 500-годдзя з дня нараджэння Ф. Скарыны. У. В. Анічэнка выказаў меркаванне, што імя Ф. Скарыны мусіць быць дадзенае Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, паколькі ВНУ з’яўляецца навуковым цэнтрам вывучэння спадчыны Ф. Скарыны, у ім прадугледжана адкрыццё медыцынскага факультэта, а Ф. Скарына меў ступень доктара медыцыны.

Доктар філалагічных навук Уладзімір Анічэнка. Менавіта яму належыць заслуга ў тым, што ГДУ носіць імя Францыска Скарыны. Фота: Зеленкова, А. И. Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины (1930–2015 годы)

Біяграфічная даведка. Уладзімір Васільевіч Анічэнка – доктар філалагічных навук, прафесар. Скончыў філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Спачатку працаваў навуковым супрацоўнікам у сектары гісторыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР. А з 1970 г. — загадчыкам кафедры спачатку рускай і беларускай моў, а затым – беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Уладзімір Анічэнка з’яўляецца складальнікам грунтоўнай працы — трохтомнага “Слоўніка мовы Скарыны”.

Такім чынам, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт займеў сваё імя менавіта дзякуючы даследаванням Уладзіміра Анічэнкі спадчыны Скарыны . Як распавёў кандыдат філалагічных навук Дзмітрый Паўлавец, “на той час У. В. Анічэнка атрымаў Дзяржаўную прэмію за Скарыніяну лінгвістычную. Ён з Барысам Бокуцем пайшлі да Камая (з 1985 па 1989 Аляксей Камай займаў пасаду першага сакратара Гомельскага абкама КПБ – заўв.рэд.) і давялі яму, што імя Скарыны будзе садзейнічаць пераўтварэнню ўніверсітэта ў сапраўдны навукова-даследчы цэнтр Беларускага Палесся. Усе гэтыя аргументы ў рэшце рэшт пераважалі астатніх прэтэндэнтаў. 29. 10.1988 Савет міністраў БССР выдаў пастанову. У ёй гаварылася, што за значны ўклад у вывучэнне спадчыны выдатнага гуманіста эпохі  Адраджэння, усходнеславянскага і беларускага першадрукара Францыска Скарыны  Гомельскаму дзяржуніверсітэту надавалася імя Францыска Скарыны.

Дарэчы, нягледзячы на ўсе вялікія заслугі Уладзіміра Анічэнкі перад Гомелем і ўніверсітэтам, чамусьці дагэтуль не знайшлося ніводнай вуліцы ў абласным цэнтры, каб назваць яе ў гонар навукоўца.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png