Штодзень: Што вядома пра Івана Сяркова, бо ў інтэрнэце пра яго мала інфармацыі. Напрыклад, пра Анатоля Сыса ёсць. Пра Івана Мележа можна знайсці. А пра Івана Сяркова толькі вікіпедыйная кароткая інфармацыя.
Югася Каляда: Я цяпер не ў Беларусі, а таму адрэзаная ад бібліятэкаў. І мне таксама бракуе абмеркавання кніг. Пра Сяркова я таксама не знайшла дадатковай інфармацыі, але ў пісьменніка галоўнае — ягоныя кнігі. У кнігах ён выказвае свае думкі. І гэтага дастаткова, каб зразумець, што гэта за пісьменнік, якія ў яго ідэалы і пра што ён увогуле хоча сказаць.
У Івана Сяркова тры асноўныя кнігі. Гэта творы пра прыгоды хлапчукоў-падлеткаў у часы ІІ сусветнай вайны. Ці не ўпісваюцца падобныя кнігі ў ідэалогію, што пануе цяпер у Беларусі: вайна, генацыд і г.д.?
– Яны ніякім чынам не ўпісваюцца ў ідэалогію. Я ўвогуле здзіўленая, што Сяркоў прызначаны “Пісьменнікам года”. Можа, гэта ідэалагічная дыверсія, і калі прапагандысты прачытаюць ягоныя кнігі, то скасуюць сваю пастанову.
Я зраблю невялікі рэтраспектыўны экскурс у беларускую літаратуру. Часы савецкай улады – гэта жорсткая цэнзура і самацэнзура; не тое напісаў – паехаў у лагер. Як у такіх умовах пісьменнік мог штосьці сказаць? Чаму ці не ўсе беларускія творы савецкага перыяду – пра вайну і вёску? Бо гэта былі дазволеныя і ўхваленыя савецкай уладай тэмы, пра вайну і вёску. Праз гэта пісьменнікам, якім было што сказаць, трэба было вынайсці спосаб выказацца ў межах гэтых тэмаў. І нават тым, каму не было што сказаць – супраць савецкай улады, я маю на ўвазе – усё адно трэба было пісаць у дазволеным тэматычным рэчышчы. Напрыклад, сябар савецкай улады Шамякін – па “Сэрцы на далоні” бачна, што ён атрымлівае задавальненне ад апісання гарадскіх вуліцаў, новых крамаў у Гомелі, побыту на дачах, рамантычных дачыненняў герояў – але піша яшчэ і пра партызанскую барацьбу. Ці “Чорны замак Альшанскі” Караткевіча – Караткевіч не раз артыкуляваў, што хоча пісаць не пра сялян, а пра шляхту; і ў “Замку” ён хоча пісаць пра Сярэднявечча, пра гісторыю, так і акрэслівае жанр – “сярэднявечны дэтэктыў”; і што мы бачым? – лінію пра партызанаў і фашыстаў, вельмі грувасткую, якая проста ламае сюжэт. Маю здагадкі, што з’яўленне “фашыстаў” было ўмовай увогуле публікацыі гэтага твора.
Як працавала тады цэнзура, мы можам прачытаць у мемуарах. Цэнзура, і самацэнзура, – гэта жахліва, гэта немагчымасць сказаць штосьці адкрыта. І таму беларуская літаратура ўсяго савецкага перыяду – пераважна – гэта не проста кнігі, гэта палімпсэст, гэта таемнае пасланне, якое мы мусім расчытаць. І калі мы з такім фокусам падыходзім да кніг, то нам яны адкрывацца абсалютна інакш.
Пра Сяркова я ведаю са школьнай праграмы. Мы ягоны творы чыталі ў класе 6 ці 7. Гэта творы “Мы з Санькам у тыле ворага” і “Мы хлопцы жывучыя”. Я запомніла з тых часоў, што гэта вясёлая і цікавая прыгодніцкая кніга для дзяцей. Мне здалося, што ў герояў, крыху старэйшых за нас, вельмі займальныя прыгоды.
І таму, праз пэўнасць у тым, што літаратурна гэта вельмі добрыя творы, я планавала перачытаць іх ужо ў дарослым веку; толькі я не надта прыгадвала і ўвогуле не магла зразумець, як дзеці апынуліся ў тыле ворага, як туды патрапілі, хто іх туды пусціў, што гэта за прыгоды такія? Усё стала зразумела пасля лютага 2022 – калі Гомель зноў апынуўся ў тыле ворага. То бок, каб патрапіць у тыл ворага, не трэба было нічога рабіць, фронт сам так ссунуўся. І я адразу ўзялася перачытваць “Мы з Санькам… “
І вось ужо ў дарослым веку, калі я чытала аповесць, то слёзы не сыходзілі з вачэй: бо гэта кніга пра дзяцей на вайне і пра тое, як жыў Гомель у часы акупацыі. І гэта майстэрства пісьменніка Сяркова як аўтара, каб напісаць аповесць, з аднаго боку, для дзяцей, а з іншага, каб дарослыя таксама чыталі кнігу для сябе. Сяркоў прафесійна напісаў добры твор з сюжэтам.
Чаму ты вырашыла перачытаць кнігі Сяркова пасля 2022 года ў дарослым жыцці?
– Я зараз распавяду, што незвычайнага ў гэтых кнігах. “Мы з Санькам у тыле ворага” ён напісаў пра дзяцей пад акупацыяй. Узгадайма, як ставілася да жыхароў акупаваных тэрыторый савецкая ўлада і як потым падхапіла гэтае стаўленне прапаганда. Саветы ставіліся да іх як да здраднікаў. Іван Сяркоў напісаў твор не пра подзвігі, а пра жыццё беларускай вёскі пад акупацыяй. І гэтая тэма на той момант была вельмі рызыкоўная.
Наступнае пытанне – чаму ён абраў жанр дзіцячай аповесці? У савецкія часы шмат хто з творцаў сыходзіў ад цэнзуры ў дзіцячыя фільмы, у мультфільмы, у метафары і ў эзопаву мову. І ў дзіцячай аповесці Сяркова дзеці жывуць сваім жыццём і клопатам – і на гэтым фоне дарослыя кажуць розныя фразы, якія дзеці не разумеюць. Проста кажуць, не развіваючы тэмы. Напрыклад, бацька паведамляе, што ваяваў да таго, як пачалася так званая Вялікая Айчынная вайна. І, зразумела, што савецкая цэнзура ставіць каментар, што гэта была “вайна супраць буржуазнай Польшчы”. А што Сяркоў меў на ўвазе? Што была вайна ў 1939 годзе, што вайна пачалася не “двадцать второго июня ровно в четыре часа”, што Беларусь удзельнічала ў ІІ Сусветнай вайне, а не толькі ў «Вялікай айчыннай”. То бок, Сяркоў выводзіць чытачоў па-за межы савецкай гістарыяграфіі.
Напрыклад, Іван Мележ шмат пісаў у “Палескай хроніцы” пра антысавецкія банды ў лясах, якія яны страшныя, кепскія і – галоўнае – якія шматлікія. Што тым самым нам паведаміў Мележ? Мележ нам падаў як факт: у Беларусі 1920-х гадоў быў вельмі пашыраны антысавецкі супраціў.
Чытаючы савецкіх пісьменнікаў, мы абавязаныя аддзяляць пададзеныя імі факты ад іх інтэрпрэтацыі прапагандай.
Але наўрад ці ў цяперашняй беларускай школе будуць тлумачыць вось гэтыя інтэрпрэтацыі, тлумачыць рэальны гістарычны кантэкст. Дзеці будуць успрымаць усё за чыстую манету. Таму пытанне, ці не будуць дзеці ўспрымаць праз такія кнігі, што вайна — гэта весела?
– Вось акурат у Івана Сяркова сумленне можа быць чыстым. Калі мы возьмем аматара савецкай улады Шамякіна, згаданае “Сэрца на далоні”, дзе ёсць цудоўныя апісанні Гомеля даваеннага і паваеннага, то ў незалежнай Беларусі давядзецца пісаць каментары да кампліментаў “нашаму гораду Маскве” і “перавыхаванню” героя ва “ўзорнай брыгадзе” на заводзе імя Камінтэрна.
У Івана Сяркова нічога такога няма. Гэтая кніга чыстая ад ідэалогіі, факты там не выслаўляюць вайну. Ён піша, напрыклад, як падлетак, яшчэ дзіця, вёз труп свайго дзядзькі, які забіраў на санках з гомельскага шпіталя. Піша пра тое, як елі ў вайну, а там голад быў. Проста ў дзяцінстве я не разумела, што гэта голад. Але Іван Сяркоў не кажа, што гэта было цікава і добра, няма таго, каб інтэрпрэтаваў гэтыя факты як прапагандыст. Ён не паграшыў супраць праўды.
Як будуць інтэрпрэтаваць гэтыя творы настаўнікі? Мы з гэтым ужо нічога не зробім, але сам Сяркоў не прыдумляў пра Савецкую ўладу, якая яна была добрая. Бачна, што ў кнізе ён гуляецца з цэнзурай у гульні, таму што ён як мінімум двойчы згадвае пра дыскрымінацыю беларускай мовы. Першы раз, калі прыводзіць гісторыю, як дзяўчынка прыехала, здаецца, ці тое з гораду, ці тое з Расеі, і смяялася з беларускай мовы. А другі раз, у трэцяй кнізе, распавядае, як хлопчык не паступіў, бо заваліў іспыт, бо забыўся на правілы падвоеных зычных у словах, якія ў беларускай мове іншыя, чым у расейскай. Герой карыстаўся беларускай мовай у жыцці, а расейскую мову не здаў – але гэта не азначае, што быў непісьменны. Іван Сяркоў далей не разважае пра дыскрымінацыю беларускай мовы, але “хто мае вушы, тое пачуе”.
Іван Сяркоў таксама ўздымае пытанне гуманізму; гуманізм — тое, што чалавек адказвае за свае дзеянні асабіста, а не праз прыналежнасць да этнасу, нацыі ці сацыяльнай групы; што не існуе “калектыўнай віны”; што галоўнае — гэта асоба і чалавечае жыццё. Напрыклад, калі бацька галоўнага героя вяртаецца з вайны, то кажа, што немцы – гэта ж таксама людзі. У савецкія часы забаронена было такое казаць. Разгарніце Кузьму Чорнага; ён проста захлынаецца ў нянавісці, “Сколько раз увидишь его – столько раз его и убей»; вось якая пазіцыя была дазволеная. І натуральна, у Сяркова дзед пярэчыць бацьку, што фашысты — гэта не людзі. Пытанне далей не развіваецца, але галоўнае – яно ўзнятае.