Відэа з Вірскага кар’еру ў Жлобінскім раёне выклаў у Тык-ток карыстальнік Генадзь. Людзі плавалі ў вадзе, на паверхні якой узняліся вялікія хвалі. У той жа час ураган валіў дрэвы.
У вадзе падчас удару стыхіі знаходзіліся адразу шэсць чалавек. Аўтар адзначыў, што ўсе ўдзельнікі жывыя, усё добра.
Каментатары ў ацэнцы падзеяў падзяліліся: адныя называлі людзей у вадзе бессмяротнымі і нагадвалі пра магчымыя маланкі, другія пісалі, што ў такой сітуацыі хіба ў вадзе найбольш бяспечнае месца.
Гомельскае таварыства ратавання на водах выпусціла рэкамендацыі на такі выпадак: не хавацца пад высокімі дрэвамі, не бегчы з адкрытага месца (а сесці і прыняць бяспечную позу), шукаць яр. Але пры гэтым, сярод іншага, раяць на лодцы адразу ж накіравацца да берагу і не заставацца ў вадзе падчас навальніцы.
Па звестках Гомельскага МНС, у рэгіёне ад наступстваў урагану загінулі тры чалавекі, у тым ліку адно дзіця. Траўмы атрымалі чацвёра дзяцей (раней Следчы камітэт паведамляў пра семярых пацярпелых дзяцей у Рэчыцкім раёне) і адзін дарослы.
Таксама зафіксаваныя 457 выпадкаў пашкоджання дахаў жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў, 114 сельскагаспадарчых будынкаў у 249 населеных пунктах 15 раёнаў і Гомеля. Вядома, што Мазырскі раён застаўся без электрычнасці, там уведзены рэжым надзвычайнага становішча, людзі стаяць у чэргах па ваду.