Эколаг: Жыхарам Гомеля патрэбная прырода тут і цяпер

by ZB

Дзмітрый Янкоў. Фота: ФБ-акаўнт аўтара


Штодзень:
Што за мапы Гомеля, якімі вы дзеліцеся? Пра што яны сведчаць у экалогіі горада?

Дзмітрый Янкоў:
— Скажу адразу, што гэта пакуль несур’ёзна. Я вывучаю розныя прылады, праграмнае забеспячэнне для геаінфармацыйных сістэм, дзякуючы якому прадстаўляецца розная інфармацыя праз мапы. Тое, што я зрабіў, гэта мае спробы працаваць з гэтымі праграмамі. Гомель – мой родны горад, таму практыкуюся на ім.

Ёсць мапа ў інфрачырвоным выпраменьванні. Я глядзеў спадарожнікавыя здымкі, на якіх бачныя т.зв. «выспы цеплыні». На выніковай мапе бачна, як нагрэты і самі гарады, і якія раёны-«выспы» перагрэтыя ўнутры гарадоў. Відавочныя рэчы – гэта буйныя прадпрыемствы, асабліва звязаныя з нейкімі тэрмічнымі апрацоўкамі. Цэнтраліт, Гомсельмаш, ЗЛІН, завод самаходных камбайнаў – яны, відавочна, цяплей, перагрэтыя ў параўнанні з астатнімі.

Мапа Гомеля ў інфа-чырвоным выпраменьванні

Што нечакана было, што будуць так кідацца ў вочы новыя мікрараёны: Мельнікаў луг, Клёнкаўскі, Хутар, Паўднёвы. Гэта ўсё таму, што там няма ніякага азелянення. Жыццё жыхароў гэтых раёнаў праходзіць на пясчанай пустцы, без дрэваў, публічных прастораў, без сквераў, паркаў, азелянення, дзіцячых пляцовак. Там адна дзіцячая пластыкавая пляцоўка на палову раёна.

Зрабіў таксама мапу азелянення, з жыллёвымі забудовамі. Узяў Генплан апошні Гомеля, вылучыў там усю перспектыўную і наяўную забудову, адзначыў публічныя прасторы. Імкнуўся на ёй вызначыць крокавую даступнасць да зялёных тэрыторыяў ад жылых дамоў. У якіх раёнах паркі ці скверы недаступныя, а дзе можна дайсці і пагуляць там, падыхаць.

Мапа азелянення Гомеля

800 метраў – гэта тая адлегласць, якая магчымая для пераадолення, каб штодзень наведваць парк ці сквер для шпацыраў пенсіянерам, мамам з дзецьмі і іншым.

Як можна пабачыць на мапе, забяспечанасць даступнымі зялёнымі прасторамі ў Гомелі – даволі нізкая. Асабліва гэта тычыцца буйных масіваў жылой забудовы на поўдні гораду (Хутар, Паўднёвы) і поўначы (Яроміна, Краснае, Касцюкоўка). Зусім не звяртаецца ўвага на патрэбу стварэння такіх пляцовак у пабудове сядзібнага тыпу.

Дастаткова добра забяспечаны азелянёнымі публічнымі тэрыторыямі цэнтр гораду, Стары Аэрадром і Сельмаш.

Штодзень: Ці дастаткова зеляніны ўвогуле ў Гомелі? Ці трэба карэнным чынам мяняць сітуацыю?

— Ёсць мапа пра вегетацыйныя індэксы, складзеная па аналізу спадарожнікавых здымкаў, на якіх па ўзроўню паглынання зялёнага спектру вызначаецца колькасць хларафілу, здольнага да фотасінтэзу.

Мапа вегетацыйных індэксаў

Здымкі – дастаткова якасныя, яны не паказваюць узровень хларафілу, але дастаткова квадрата 30 на 30 метраў зеляніны, каб яго зафіксавалі.

Межы Гомеля – даволі вялікія, туды ўваходзяць нават лесапаркі на тым баку Сожа. Там вельмі вялікія прасторы. Калі іх дзяліць і браць, то іх быццам бы дастаткова для горада. Але не ўлічваюцца паказчыкі даступнасці гэтых тэрыторыяў. І не ўсе азелянёныя тэрыторыі, якія ўваходзяць у склад гарадскіх межаў, прыдатныя для адпачынку. Яны ніяк не абсталяваныя, няма банальнага: сцяжынак, лавачак, не кажучы ўжо пра сучасныя ландшафтныя рашэннях.

Я выступаю за тое, каб у горадзе былі буйныя тэрыторыі, больш-менш непрычасаныя, больш-менш натуральныя. Але і для іх трэба нейкая інфраструктура: дашчатыя сцяжынкі, інфармацыйныя стэнды.

У спякотнае лета ў цэнтры Гомеля практычна няма магчымасці схавацца ад сонца ў ценю дрэваў

Цяпер для эколагаў, урбаністаў, людзей, якія больш-менш знаёмыя з канцэпцыяй устойлівага развіцця, відавочна, што вялікія гарады павінны мець зялёную інфраструктуру. Яна так жа неабходная як і шэрая – камунікацыі, вадавод, ліўнёўкі. Гэта ўсё павінна быць гарадскім стандартам.

Гэтая зялёная інфраструктура павінна мець каркасную структуру: вялікія ядры (лесапаркі, паркі, масівы азялененай тэрыторыі, больш-менш натуральнай), а таксама мець сувязі праз калідоры (рэчышчы рэк, нейкія выцягнутыя лінейнай формы алеі, зялёныя зоны), праз якія мог адбывацца трафік зялёных відаў (насякомых птушак і г.д.). Яе трэба фарміраваць, вырашаць, якой яна будзе, маляваць з дапамогай спецыялістаў (транспартнікі, эколагі, камунальнікі), уносіць у Генплан. Нам да гэтага яшчэ вельмі далёка.

Такая інфраструктура, дарэчы, дапамагае эканоміць сродкі на абслугоўванне «шэрай інфраструктуры». Напрыклад, знізіць нагрузку на ліўневыя сістэмы, бо зялёныя тэрыторыі паглынаюць больш вады. У выніку будзе меней скідаў з «запячатаных паверхняў» (асфальту, пліткі) у рэкі, азёры. Бо такая вада – не вельмі чыстая.

Штодзень: А якія ёсць шляхі вырашэння сітуацыі з цэнтрам горада, дзе ўсё меней і меней зеляніны?

— Зараз, здаецца, улады сталі па-іншаму ставіцца да азелянення, наколькі я разумею, пачулі, што людзям трэба дрэвы. Апошнія гады тры яны высаджваюць дастатковую колькасць зеляніны. Справаздачацца пра 30 тысяч дрэваў і 15 тысячаў кустоў што год пасаджаных у Гомелі.

Але ж не ўсе гэтыя дрэвы выжываюць. Саджанцы не маюць патрэбных якасцяў: вельмі маладыя, малыя. Я бачу, як у Вільнюсе высаджваюць у горадзе дастаткова буйныя дрэвы з руку і вышынёй пад два метры. Ад такіх дрэваў і цені дастаткова, і ахалоджваюць тэрыторыю, і прыгожыя, і кіслароду больш. А тое што высаджваецца ў Гомелі, гэта пруцікі, якім яшчэ расці і расці, набірацца сілаў дзясятак гадоў. А гэта час, які мы пражываем без дрэваў.

Пасадак масавых я не назіраю ў цэнтры. На бульвары Перамогі, пліткай да гэтага часу закладаюцца месцы, дзе раней раслі дрэвы. Калі трэба рабіць наадварот: запячатаныя паверхні – а іх у цэнтры вельмі шмат і яны не выкарыстоўваюцца ніякім чынам – раскрываць.

Напрыклад, каля Новага Універмага пліткай закладзеныя гектары. Там можна зрабіць маленькі сквер, паміж «Пірамідай» і ўнівермагам раскрыць гэтую плітку, пасадзіць дрэваў пару шэрагаў, паставіць лавачкі – і гэтая тэрыторыя зайграе новымі фарбамі, стане прывабнай. А зараз гэта проста пляц, там няма нічога.

І так шмат дзе. Напрыклад, новы супермаркет на Прывакзальнай плошчы, каля яго таксама нічога не высадзілі, проста ўсё закаталі ў плітку. Такая паверхня стварае дадатковы сток ліўневых водаў. Каб яна не была запячатаная, частка вады ўпітвалася б на месцы, не было б такіх нагрузак на ліўневыя сістэмы.

Акрамя таго, уладам варта думаць пра публічныя прасторы ўжо на этапе праектавання. Мельнікаў луг, 19, 20 мікрараёны, Хутар – там яны не запланаваныя. А трэба які б мікрараён не планавалі, у цэнтры рабіць сквер, даступны з усіх бакоў. А зараз калі і робяць прасторы, то з мінімумам зеляніны.

Падыход такі – навошта нам дрэвы. Здаецца, што мы дагэтуль змагаемся з прыродай, заваёўваем прастору, высякаем, ствараем сабе чалавечыя, тэхнагенныя ўмовы. І гэтая чалавечая прастора – гэта бетон, шкло, асфальт, а прыроду трэба неяк вышчэмліваць. А калі зеляніна ёсць, то гэтая тэрыторыя не ўпарадкаваная. Такое ўспрыманне – вельмі дзікае.

Мы ўжо жывем у 21 стагоддзі, калі гарады маюць такія памеры, калі да прыроды трэба дабірацца доўга і цяжка. Нам ужо зразумела, што яна неабходная для псіхічнага, фізіялагічнага здароўя, ратуе нас ад дэпрэсіі, лёгачных захворванняў, нават стварае здаровы мікраклімат. Але гэтага разумення няма ў гарадскіх уладаў.

Ім здаецца, што дастаткова зрабіць мікрараён, а прырода – едзь на лецішча. А цяпер змянілася генерацыя людзей, якія не маюць ні лецішчаў, жывуць у горадзе, няма бабуляў на вёсках. Яны гарадскія. Ім патрэбны гэты кавалак прыроды тут і цяпер.

Штодзень

Фота: з фб-акаўнта Змітра Янкова

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png