“Яна была кілерам”. Дзе цяпер адыёзная суддзя Домненка, якая да 2020 года была ў лідарах па палітычных прысудах

by homieldays

Да 2020 года бадай што кожны апазіцыянер у Гомелі ведаў імя суддзі Марыны Домненкі. Калі ў раскладзе судовых пасяджэнняў з’яўляліся ініцыялы гэтай суддзі, можна было з дакладнасцю ў 100% прадказаць вынік разгляду справы. Доўгі час Домненка лідзіравала ў спісе праваабаронцаў як адна з найбольш рэпрэсіўных супрацоўніц судовай сістэмы краіны, якая спецыялізавалася менавіта на пераследзе апазіцыянераў і журналістаў. Аднак у 2022 годзе яна нечакана падала ў адстаўку. “Штодзень” разбіраецца ў перыпетыях біяграфіі суддзі Марыны Домненкі і дае адказы на пытанні, дзе яна падзелася і ці панясе пакаранне за свае незаконныя прысуды.


Топ-5 некаторых абсурдных прысудаў Марыны Домненкі
 

На фоне сітуацыі прававога дэфолту, які мы назіраем з 2020 года, некаторыя судовыя рашэнні Марыны Домненкі выглядаюць вегетарыянскімі. Але менавіта з такіх пазаправавых прысудаў пачынаўся шлях айчыннай судовай сістэмы ў татальнае бяспраўе, з якім беларускае грамадства мае справу цяпер.

Брашура пра культ асобы Лукашэнкі прызнаная палітычна шкоднай
Брашура пра культ асобы Лукашэнкі прызнаная палітычна шкоднай

У дачыненні да актывістаў Алега Шабетніка, Ігара Грыгор’ева, Вольгі Шпакоўскай, Вячаслава Осіпава і Ніны Левінскене, якія спрабавалі перавозіць брашуры праз беларуска-ўкраінскую мяжу, былі вынесены пастановы аб накладанні штрафаў па 1 550 000 рублёў кожнаму “з канфіскацыяй у даход дзяржавы”.

Двойчы штрафавала гомельца, які патрабаваў бланк мытнай дэкларацыі на роднай мове
Двойчы штрафавала гомельца, які патрабаваў бланк мытнай дэкларацыі на роднай мове

Суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Домненка пасля кароткага пасяджэння пагадзілася з мытнікамі. Яна вынесла пастанову прызнаць Сяргея Сямёнава вінаватым у парушэнні артыкула 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў. Актывіста абавязалі выплаціць штраф у 30 базавых велічыняў, а гэта амаль мільён беларускіх рублёў.

Удзельнікаў акцыі памяці зніклага міністра ўнутраных справаў пакарала арыштамі і штрафамі
Удзельнікаў акцыі памяці зніклага міністра ўнутраных справаў пакарала арыштамі і штрафамі

Суддзя Цэнтральнага райсуду Гомеля Марына Домненка пакарала ўдзельнікаў акцыі памяці гвалтоўна зніклага былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі Васіля Папова, Пятра Кузняцова, Юрася Захаранку і Анатоля Паплаўнага штрафам у памеры 10 базавых велічыняў, а рэгіянальнага каардынатара руху “За Свабоду” Уладзіміра Кацору адміністрацыйным арыштам на 3 сутак. У знак пратэсту апазіцыянер абвясціў сухую галадоўку.

Адправіла актывіста ў ізалятар са зламанай нагой
Адправіла актывіста ў ізалятар са зламанай нагой

Падчас затрымання Кастусь Жукоўскі быў збіты спецназаўцамі, падчас чаго яму зламалі нагу… На судзе актывіст хадайнічаў выклікаць лекара, скардзячыся, што баляць нага, галава, шыя і рукі, што нагу лекары перад гэтым нават не аглядалі. Аднак хадайніцтва не было задаволена, і ў перапынках паміж пасяджэннямі суда Кастуся Жукоўскага да лекараў таксама не вазілі. 22 верасня суд Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Домненка пакарала Канстанціна Жукоўскага 15-цю суткамі арышту: 7 — за нібыта нецэнзурную лаянку падчас арышту, 8 — за нібыта супраціўленне міліцыі.

Вынесла за адзін дзень 6 прысудаў па 15 сутак гомельцам, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту пасля “выбараў”
Вынесла за адзін дзень 6 прысудаў па 15 сутак гомельцам, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту пасля “выбараў”

Пасля выбараў 2020 года суддзя Марына Дамненка актыўна далучылася да пераследу пратэстоўцаў. Праваабаронцы зазначаюць, што яе прозвішча значылася сярод “ударнікаў” па палітычных прысудах. Так, за адзін дзень яна магла асудзіць па 6 чалавек, прычым усе яны атрымлівалі максімальнае на той час пакаранне – па 15 сутак.

Па мянушцы “Кілер”

Біяграфія Марыны Домненкі (у дзявоцтве Куляшова), народжанай 30 ліпеня 1971 года, не надта насычаная фактамі і пакручастымі эпізодамі жыцця. Яна нагадвае кар’ерны шлях непрыкметнага работніка ў карпарацыі, шрубка сістэмы, які ўсё жыццё працуе і працуе на адным месцы. Падобныя людзі не разумеюць, што такое бунт ці нязгода з лініяй начальства, бо такія паводзіны супярэчаць выхаванню, карпаратыўнай культуры і ўвогуле не надта ім зразумелыя. Жыццё Марыны Домненкі, калі паглядзець на яго ўважліва, – гэта такое сабе існаванне шэрай мышкі, якую б увогуле ніхто не заўважыў, каб не яе старанні на ніве судзейства. Вось тут яна шчыравала так, што была неаднаразова ў лідарах па колькасці палітычна матываваных прысудаў. Зрэшты, падобны тып паслухмяных і старанных выканаўцаў добра вядомы даследчыкам аўтарытарызмаў ХХ стагоддзя. Часта арганізатарамі маштабных рэпрэсій аказваліся людзі з рэпутацыяй добрых сем’янінаў, незаўважныя клеркі і “беспраблемныя” суседзі.

Ці дыктаваўся яе імпэт у палітычных прысудах выключна выканаўчасцю гэтай кабеты? Ці яна выкарыстала палітычную сітуацыю, каб дабіцца запланаваных мэтаў (узбагаціцца, узвысіцца над “плебсам” ці адпомсціць палітычным апанентам)? Ці адразу маладая юрыстка, якая ў канцы 1990-х пачала працу ў сістэме, стала люта ненавідзець апазіцыю? Ці яе “пралетарская нянавісць” насамрэч шчырая?

Вядомы гомельскі праваабаронца, лаўрэат прэстыжнай прэміі Французскай рэспублікі “Свабода-роўнасць-братэрства” Леанід Судаленка перакананы, што гэта менавіта сістэма такім чынам фарматуе людзей, каб яны ў далейшым станавіліся паслухмянымі выканаўцамі.

– Я думаю, што сістэма на яе паўплывала. Калі чалавек мае якія-небудзь асабістыя погляды, ён сыходзіць з сістэмы ў пачатку сваёй кар’еры. Год-два – і чалавек вызначаецца. Тым больш, калі гаворка ідзе пра юрыста. Юрыст адразу думае, ці працаваць далей на рэжым, ці звязвацца з гэтай службай. Калі чалавек – сволач, то ён, не чырванеючы, будзе апранаць гэтую мантыю. Калі на гэта паглядзець сёння больш-менш з прававога пункта гледжання, фактычна 20 год яна здзяйсняла крымінальныя злачынствы шляхам вынясення заведама неправасудных прыгавораў. Гэта не толькі прысуды па крымінальных справах, але і адміністрацыйныя справы. Што да рэнамэ Домненкі, то сярод усіх нас, актывістаў, палітычных дзеячаў, яна мела мянушку “кілер”. Мы яе так і называлі: “Кілер”. Яна – адна з такіх, хто заўсёды давала максімальныя пакаранні. Не чалавек, а робат.

Асабістае жыццё…

Пра асабістае жыццё былой зоркі гомельскай Феміды вядома мала. У сацыяльных сетках суддзя Марына Домненка асабліва не актыўнічае, інтэрв’ю дзяржаўным СМІ не раздае. Таму, каб дазнацца пра акалічнасці яе жыцця, давялося звярнуцца да “Кіберпартызанаў”. З дасье на гэтага чалавека, якое грунтуецца на розных базах, атрыманых беларускімі хакерамі, вынікае, што сям’я Марыны Домненкі таксама не вылучаецца нічым асабліва адметным. Разам з мужам, міліцэйскім адстаўніком, яны вырасцілі двух сыноў. Пражываюць Домненкі, калі верыць афіцыйным звесткам, у звычайнай кватэры шматпавярховага дома на Сельмашы. Ані катэджаў, ані дарагіх машын, гледзячы па ўсім, у сям’і няма.

Ілюстрацыйнае фота. Адзін з тыповых дамоў у мікрараёне Гомсельмаш

Муж Марыны, Станіслаў Домненка, з якім яна жыве з 1990-х, у 2010-х гадах быў камандзірам роты батальёна дарожна-патрульнай службы ДАІ УУС Гомельскага выканкама. У архіўных нумарах дзяржаўнай прэсы ў 2012, 2014 гадах ён перыядычна выказваўся на тэму кіроўцаў-парушальнікаў. Альбо фігураваў у прэсе ў якасці трэнера асабовага складу гомельскіх даішнікаў для ўдзелу ў спаборніцтвах па “міліцэйскім біятлоне”. У скандалах альбо нейкіх сумнеўных гісторыях заўважаны не быў. У якім званні ён завяршыў сваю кар’еру, таксама невядома. На архіўным фотаздымку 2014 года ён сядзіць разам з абласным кіраўніцтвам ДАІ у званні маёра.

З правага боку – маёр Станіслаў Домненка. Фота: Гомельская праўда

Яна заўсёды давала “па максімуме”

Працоўная біяграфія Марыны Домненкі пачалася ў 1990-х, аднак нам удалося з дапамогай Кіберпартызанаў аднавіць толькі частку яе кар’ернага шляху. Першы верыфікаваны запіс сведчыць пра тое, што ў студзені 2001 года яна ўладкавалася на працу ў Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама. І на працягу многіх наступных гадоў яна, з невялікімі перапынкамі на часовыя падпрацоўкі ў будтрэстах і камерцыйных арганізацыях, працягвала там працаваць, пакуль не атрымала пасаду суддзі – спачатку ў Чыгуначным, а потым у Цэнтральным раённым судзе.

“Яна вельмі часта спецыялізавалася на адміністрацыйных справах. Паколькі я ад імя грамадска-палітычнага цэнтра Палеская 52 прадстаўляў інтарэсы многіх людзей, то з гэтай кабетай у мантыі часта перасякаўся. – Згадвае вядомы праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка. – Чым яна была адметная, адрознівалася ад іншых суддзяў? Калі іншы суддзя даваў 5 сутак ці штраф, яна заўсёды давала 15 сутак. Асабліва гэта ярка праявілася ў 2020 годзе, калі яна паставіла прысуды на паток. І калі я рабіў статыстыку ўсіх суддзяў (хто колькі сутак даў, штрафаў), то ў яе поўны слупок, дзе паўсюль 15 сутак выносілі. З усёй пралетарскай нянавісцю давала прысуды…”

“Калі мяне судзіла Марына Домненка, я не мела аніякіх ілюзій наконт выніку. Я ведала, што рашэнне ўжо даўно прынятае, што ніякіх шанцаў на справядлівасць няма. Суддзя прысудзіла мне штраф у 50 базавых велічынь толькі за тое, што я стаяла з мікрафонам у руках. Суд – гэта заўжды цяжка, але ў параўнанні з лёсам іншых людзей, знішчаных гэтай сістэмай, мой суд здаваўся дробяззю”, – згадвае гомельская журналістка Наталля Крывашэй.

Фрылансерку асудзілі за сюжэт пра былую выкладчыцу Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Гераіня сюжэта не здолела вытрымаць ціску, калі яе пазбавілі жытла, якое ператварылі ў інтэрнат. Яна апынулася перад прорвай, з якой не змагла выбрацца, і пайшла на самагубства.

“Мяне абвінавачвалі, што нібыта гэта я стварыла відэаматэрыял, хаця я нават цяпер не ўмею мантажаваць відэа. Марына Домненка пастанавіла, што я распаўсюдзіла матэрыял, хаця распаўсюдзіў тэлеканал Белсат, а на самым Белсаце не было аніводнага згадвання, што я мела дачыненне да гэтага матэрыялу. Сведкі пацвярджалі, што ўсё, што я рабіла, — проста трымала мікрафон. Але гэтага было дастаткова для максімальнага штрафу. І калі беларускія незалежныя СМІ пісалі пра гэты прысуд, яны зноў і зноў узгадвалі трагедыю выкладчыцы, якую давялі да самагубства…”, – дзеліцца ўспамінамі Наталля Крывашэй.

Пастанова суда ў дачыненні да Наталлі Крывашэй за подпісам суддзі Марыны Домненкі

Непрыманне, нават пагарда, да беларускай мовы і нацыянальнай сімволікі

Ва ўсёй гісторыі з палітычна матываванымі прысудамі, якія выносіла суддзя Марына Домненка, несумненным ёсць яе непрыманне, нават пагарда, да беларускай мовы і нацыянальнай сімволікі. Многія пацярпелыя, якія былі пакараныя дадзенай суддзёй, пацвярджаюць, што яна максімальна строга карала менавіта тых актывістаў, якія дабіваліся рэалізацыі права на карыстанне роднай мовай у судзе.

Наталля Крывашэй прыводзіць прыклад зняважлівага стаўлення Марыны Домненкі да беларускай мовы:

– Успамінаючы суды, я прыйшла да яшчэ адной высновы: Марына Домненка ненавідзіць беларускую мову. І гэта не проста асабістая непрыязнасць, а сімптом значна глыбейшай праблемы. На пачатку сваёй кар’еры яна, прынамсі, фармальна прытрымлівалася працэсуальных норм і па патрабаванні абвінавачаных прадастаўляла перакладчыка з расейскай мовы на беларускую. Але калі судзілі мяне, такой “раскошы” ўжо не было. Я вырасла ў беларускамоўным асяроддзі, вучылася ў беларускай школе, і беларуская мова была для мяне адзінай натуральнай формай камунікацыі. Аднак, з пункту гледжання суддзі, я павінна была безумоўна разумець і валодаць расейскай. Пры гэтым яна не лічыла сябе абавязанай весці працэс на мове, якой карыстаецца абвінавачаная.

Такім назіраннем дзеліцца і праваабаронца Леанід Судаленка, які неаднойчы прысутнічаў на судах з удзелам Марыны Домненкі:

-Узгадваю, як судзілі былога лекара-псіхіятра Трыфанава Сяргея, які пазней з’ехаў праз пераслед у Бельгію. Я прысутнічаў у якасці назіральніка. І Трыфанаў казаў: “Я не разумею, патрабую перакладчыка.” Яна ў рэшце рэшт выклікала перакладчыцу, якая, праўда, не разумела таксама беларускай мовы. Калі ўсім давалі максімум па 10 сутак, то Трыфанаву тады Домненка дала 15 сутак. Мне падалося, толькі за тое дала, што ён патрабаваў беларускай мовы. Можна таксама гэта адзначыць, што нянавісць да беларускай мовы ёй уласцівая.

Леанід Судаленка Фота: з асабістай старонкі ў ФБ

У архіўных публікацыях, якія дагэтуль можна знайсці ў сеціве, таксама можна знайсці мноства праяваў нелюбові Марыны Домненкі да беларускай мовы. Гэта выяўлялася і ў адмовах задаволіць хадайніцтвы аб вядзенні працэсу па-беларуску, і вынясенні дыскрымінацыйных прысудаў. Напрыклад, у 2007 годзе яна двойчы судзіла гомельскага актывіста Сяргея Сямёнава за адмову запаўняць мытную дэкларацыю на расейскай мове. Гомелец дабіваўся беларускамоўнага бланка дэкларацыі, спасылаўся на няведанне расейскай. Нягледзячы на тое, што права на карыстанне роднай мовай гарантаванае Канстытуцыяй, Домненка ўсё адно падтрымлівала пазіцыю Мытнага камітэта. Дарэчы, у гэтай справе дайшло да абсурда, калі старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала нечакана падтрымаў права Сямёнава на запаўненне дэкларацыі па-беларуску. Але на кар’еры Домненкі гэты выпадак не адбіўся ніяк.

Палітычная мэтазгоднасць

Леанід Судаленка акцэнтуе ўвагу на тым, што Марына Домненка пры вынясенні прысудаў заўжды прытрымлівалася прынцыпа палітычнай мэтазгоднасці, пры гэтым ігнаруючы міжнародныя абавязальніцтвы краіны і Канстытуцыю:

-Таксама я памятаю, калі я паспрабаваў на нацыянальным узроўні скарыстаць адно з рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека. Калі мяне не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты ў нацыянальны парламент, я падаў скаргу. І Камітэт канстатаваў, што парушана маё права быць абраным на справядлівых выбарах. І я тады пайшоў у суд Цэнтральнага раёна з рашэннем, каб паставіць пытанне аб спагнанні маральнай шкоды з дзяржавы, заявіўшы тады суму маральнага ўрону ў памеры 5-гадовай зарплаты дэпутата. Я матываваў гэта тым, што, каб мяне зарэгістравалі, я б стаў дэпутатам, я б атрымаў гэтыя грошы. Але справа дасталася Марыне Домненцы. І тады гэтая жанчына адмовіла мне. Я памятаю, як яна матывіроўку напісала мне : “Рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека не з’яўляюцца прававой падставай для задавальнення патрабаванняў Судаленкі… Потым, зразумела, рашэнне Абласная касацыя зацвердзіла і нават Вярхоўны суд, але, тым не менш, яна такую фармуліроўку вынайшла…”

Я памятаю яшчэ адну адміністрацыйную справу, калі старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала адмяніў адну справу, калі чалавек з партрэтам выйшаў на пікет. Сукала палічыў, што адзінокі чалавек з партрэтам не з’яўляецца пікетавальнікам. Гэта не пікетаванне, а выказванне свайго меркавання. А Марына Домненка судзіла за гэта, дала штраф. Я тады нават публічна ў адным са СМІ сказаў: “Пытанне адстаўкі Домненкі – гэта пытанне часу, таму што яна запярэчыла рашэнню самога старшыні Вярхоўнага суда…” Але яна засталася на працы. І аднойчы яна на судзе мне ўспомніла гэты выпадак: “Ну што, вы мне прарочылі адстаўку, а я тут дагэтуль на працы…”

Апошнім месцам працы Марыны Домненкі можа быць ЗАТ “Дабраном”

У маі 2022 года Аляксандр Лукашэнка адмысловым указам вызваліў з пасадаў 23 суддзі. Сярод тых, хто падаў у адстаўку, значылася прозвішча Марыны Домненкі. Але дадзены чалавек не сышоў з дзяржаўнай службы, неўзабаве яна ўладкавалася ў ЗАГС Гомельскага гарвыканкама.

Будынак ЗАГСа Гомельскага гарвыканкама. Фота: https://zags.by/

“Магчыма, яна дасягнула пенсійнага ўзросту, таму што першае ўзгадванне пра яе ёсць у 1998 годзе. Да 2022 – гэта значыць, што 24 гады працоўнага стажу яна мела. Тым больш, пасля сыходу з судзейства яна не згубілася. Паводле маіх дадзеных, працуе звычайным спецыялістам у ЗАГС. На сайце гомельскай управы юстыцыі яна значыцца як спецыяліст. Калі б яна па кампраметуючых абставінах сышла, то яе б у ЗАГС не ўзялі, бо ЗАГС – таксама дзяржаўная ўстанова…”, – аналізуе нечаканы сыход з працы Леанід Судаленка.

Кіберпартызаны прадаставілі звесткі, згодна якім апошнім месцам працы Марыны Домненкі можа быць ЗАТ “Дабраном” – сетка прадуктовых супермаркетаў. Але ніякіх дадатковых падрабязнасцей, акрамя таго, што былая суддзя была працаўладкаваная ў гэтай кампаніі да сярэдзіны 2024 года, няма.

Ці панясе пакаранне

Праваабаронцы і журналісты, якія сутыкнуліся з несправядлівымі прысудамі з боку Марыны Домненкі, сумняваюцца ў тым, што яна панясе заслужанае пакаранне.

Леанід Судаленка мяркуе, што нават пры ўмове дэмакратычных пераменаў новым уладам будзе не да таго, каб зводзіць рахункі з падобнымі персанажамі:

– Сістэма сталінскіх часоў таксама знікла, але ніхто ж не вярнуўся да пытання, каб выканаўцы сталінскіх рэпрэсій панеслі пакаранне. Калі ўлада зменіцца, будзе не да таго. Будзе патрэбна вырашаць пытанні першачарговыя, эканамічныя і сацыяльныя праблемы насельніцтва, а не тое, як павінны панесці адказнасць арганізатары рэпрэсій. Баюся, што і Марына Домненка спакойна дажыве на сваёй добрай пенсіі суддзі. У яе цяпер пенсія, мяркую, 2,5 – 3 тысячы беларускіх рублёў. Для Беларусі гэта добрыя грошы. Калі яна яшчэ працуе ў “Дабраноме”, дык дабаўка ёсць да вялікай пенсіі. Лукашэнка больш не зразае працуючым пенсіянерам зарплаты. Можна пенсію атрымліваць у поўным памеры і працаваць. І спакойна яна дажыве свае часы. І будзе яшчэ расказваць сваім унукам апавяданні пра тое, як яна гераічна выратоўвала дзяржаву ад “амерыканскага імперыялізму, які купіў свядомых”.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png