Як здзекваюцца з нацыянальнай эліты ў цяперашняй Беларусі. Аповед навукоўца Сяргея Гараніна пра свае суткі

Пасля 10 сутак арышту выйшаў на волю беларускі навуковец, знаўца беларускай сярэднявечнай літаратуры, намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Сяргей Гаранін. Даследчыка затрымалі ўладаахоўнікі ў межах “зачысткі” Акадэміі навук. Некаторых з навукоўцаў, у тым ліку Сяргея Гараніна, адправілі за краты. Па выхадзе з ізалятара Сяргей Гаранін апублікаваў на сваёй старонцы ў ФБ рэфлексіі пра тое, як здзекваюцца з нацыянальнай эліты.

Сяргей Гаранін. Фота: з ФБ-старонкі героя публікацыі

Дзякуй усім, хто падтрымаў і клапаціўся, я выйшаў з Акрэсціна.

У якасці справаздачы:

за час зняволення для сукамернікаў прачытаны курс лекцый па беларускай літаратуры XI–XV стагоддзяў у поўным аб’ёме. Колькасць слухачоў вагалася ад 31 да 18 у 6-меснай камеры.

Таксама праслуханы лекцыі па:

– квантавай механіцы

– японскай эстэтыцы

– філасофіі піфагарэйцаў

– структуры чалавечага вока, афтальмалагічных захворваннях і метадах іх лячэння

– філасофскай сістэме Марціна Хайдэгера

– авіяцыйных рэактыўных рухавіках

– гісторыі падводнага флота ад пачатку да ХХІ ст.

– практычных спосабах ачысткі нафтавых адходаў

– гісторыі сіцылійскай мафіі.

Браў удзел у семінарах-дыспутах “Лютаўская рэвалюцыя ў Расіі 1917 года” і “Лепшыя здабыткі сучаснай замежнай і айчыннай літаратуры”.

Так што трэба ўносіць прапанову ў МУС РБ, каб палітычным пасля Акрэсціна выдавалі не даведку, а адмысловы сертыфікат.

Было ў камеры з намі і пару крымінальных, але іх трымалі ў руках, нават не дазвалялі мацюгацца. Яны ахвотна ішлі на кантакт і падпарадкоўваліся агульным правілам. Адзін хлопец псіхічна хворы быў. Вельмі шкада яго, бо яму не давалі патрэбных лекаў, а без іх ён упадае ў дэпрэсію і ўсяго палохаецца. Бамжоў двое было, але па чарзе. Адзін зваўся Сірожа. Яго адмылі яшчэ да мяне, і ён ціха сядзеў у куточку. Пасля яго адпусцілі. Пасадзілі наступнага. Але ён сам адмыўся, бо сам прасіўся да палітычных. Яго нават выводзілі з камеры на ўсялякія работы. Аднойчы яму далі на кухні вялічэзную торбу турэмных катлет, дык ён прынёс у камеру “для ўсіх”. Мы елі — чаму ж не?! — Чалавек жа стараўся, зарабіў, нёс, клапоцячыся аб нас, бо перадач не даюць. Бялізны, натуральна, няма, прагулак таксама, ад спёртага паветра ва ўсіх кашаль і вочы заплываюць гноем. Ну, вошы — гэта святое.

Хлопцаў маладых шкада, бо іх вельмі моцна збіваюць у ГУБАЗіКу. Адзін быў збіты так, што мог ляжыць толькі на жываце. Паклалі яго пад краты, дзе троху цягне халодным паветрам. Так ён мог спаць.

Тым, хто памятае Савецкі Саюз, псіхалагічна лягчэй: мы, у адрозненне ад моладзі, не здзіўляемся, што “к людям можно вот так относиться”, мы нічога не чакаем, ні на што спадзяемся і ні ў ва што не верым. — Закрылі? Ну дык сядзі і не злуй “гражданина начальника”, бо самому ж горш будзе. Прыдзе час — і ўсё вернецца.

Вернецца абавязкова!

Бо век так не будзе.

Жыве Беларусь!

Штодзень 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары