Самаізаляцыі адукацыі, нізкая сфарміраванасць крытычнага мыслення, недастатковая ўвага да адукацыі дарослых — гэта няпоўны спіс праблемаў, якія назапасіліся ў беларускай сістэме адукацыі за апошнія тры гады. Праект “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” прадставіў базавае даследаванне стану беларускай адукацыі пасля 2020 года.
Якасць беларускай школьнай адукацыі – сярэдняя
Паводле даследавання PISA-2018 і дадзеных рэспубліканскіх маніторынгаў, якія будуюцца на падставе міжнародных вымяральных інструментаў (напрыклад, PIRLS – маніторынг чытацкай пісьменнасці), якасць сярэдняй беларускай адукацыі мае сярэдні ўзровень, не вышэйшы і не ніжэйшы за чаканні ад краіны з адпаведным узроўнем эканамічнага развіцця і выдаткаў на адукацыю. Як зазначае адзін з аўтараў даследавання, кандыдат філасофскіх навук Андрэй Лаўрухін: “Калі параўноўваць эфектыўнасць беларускай адукацыі з іншымі дзяржавамі, улічваючы сціплыя аб’ёмы фінансавання галіны, то сітуацыя выглядае сярэдняй”. Аднак ацэнка вынікаў даследаванняў значна разыходзіцца (ад высокай пазітыўнай ацэнкі з боку Міністэрства адукацыі – да рэзка негатыўных інтэрпрэтацый у недзяржаўных медыя). Асноўнымі хібамі беларускай школы можна назваць нізкую сфарміраванасць крытычнага мыслення, здольнасці самастойна разважаць і выказваць абгрунтаваныя думкі нават сярод высокаадукаваных вучняў.
Ахоп дашкольнай адукацыяй у Беларусі – адзін з найвышэйшых у рэгіёне, ахоп адукацыяй для дарослых – адзін з ніжэйшых у свеце
Паводле дадзеных у даследаванні, амаль 90 % дзяцей ва ўзросце 1–6 гадоў наведваюць установы дашкольнай адукацыі. Аднак пры гэтым якасць і эфекты такой адукацыі застаюцца недаследаванымі.
Калі паказнік “дашкольная адукацыя” ў Беларусі выглядае досыць няблага, то з адукацыяй для дарослых справа выглядае куды горш. У Беларусі “дарослая адукацыя” ахоплівае менш за 15 % людзей ва ўзросце 25–64 гадоў (у Еўропе і ЗША – каля 50–60 %), што можа сведчыць пра вельмі нізкую ўвагу да гэтага ўзроўню адукацыі як з боку дзяржавы, так і з боку недзяржаўных актараў.
Курс на самаізаляцыю адукацыі, што выгадна Расеі
Шэраг праграмных дакументаў, распрацаваных дзяржорганамі, дэкларуюць сістэму адукацыі РБ як частку сусветнай адукацыйнай прасторы і заяўляюць пра прытрымліванне сусветных тэндэнцый у сферы адукацыі. На практыцы ж, як заўважаюць аўтары даследавання, улады ізалююць сябе ад сусветнай адукацыйнай прасторы.
Прыклады:
-
Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі (ЕПВА) прыпыніла членства Беларусі ў Балонскім працэсе;
-
Беларусь разарвала ў аднабаковым парадку пагадненне з Польшчай аб прызнанні раўназначнасці вышэйшай адукацыі і вучоных ступеняў у навуцы і мастацтве;
-
У Беларусі ўнеслі змены ў закон «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», што адмяняюць адтэрміноўку ад службы ў войску для беларусаў, якія навучаюцца за мяжой.
Галоўны бенефіцыяр цяперашняй ізаляцыі Беларусі – Расея
Згодна з дадзенымі Рассупрацоўніцтва, колькасць месцаў паводле квоты ўрада РФ за кошт бюджэту для беларусаў павялічылася з 73 у 2019 г. да 1300 у 2023 г. (яшчэ каля 1000 чалавек вучацца платна). Станам на сакавік 2023 г. у ВНУ РФ ужо вучацца больш за 12,5 тыс. грамадзян і грамадзянак Беларусі.
Сімптомы:
-
увядзенне ЦЭ як аналага расейскага ЕГЭ;
-
стварэнне 150 інжынерна-інавацыйнах класаў (STEM-класаў) на грошы ўрада РФ на 100 млн. долараў у межах дзяржаўнай праграмы РОББО;
-
планы на павышэнне колькасці філіялаў расейскіх ВНУ у РБ.
Мілітарызацыя і ідэалагізацыя адукацыі
Вайна ва Украіне стала трыгерам для шэрагу змяненняў у сістэме адукацыі.
Сімптомы:
-
са снежня 2020 г. у ВНУ РБ уведзена новая пасада “сакрэтны” прарэктар “па бяспецы і кадрах” з шырокім колам абавязкаў;
-
пастановай Міністэрства адукацыі ад 15.07.2021 ва ўсіх установах адукацыі (уключна з яслямі-садамі, але за выключэннем пачатковых школ, вячэрніх школ, дапаможных школ, спецыялізаваных ліцэяў) уведзена пасада кіраўніка вайскова-патрыятычнага выхавання;
-
у 2022г. у школы прыйшлі 2000 “кіраўнікоў вайскова-патрыятычнага выхавання”, многія з якіх – “людзі ў пагонах” без спецыяльнай педагагічнай адукацыі і адпаведных кампетэнцый;
-
у навучальныя праграмы ўсіх узроўняў адукацыі ўведзены курсы вайскова-патрыятычнага і ідэалагічнага зместу;
-
з 2022 года – прадастаўленне ільгот пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі выпускнікам класаў спартыўна-педагагічнай
і ваенна-патрыятычнай накіраванасці, а таксама дзецям ваеннаслужачых, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў.
Прачытаць падрабязнасці і спампаваць брашуру “Базавае даследаванне адукацыі Беларусі” можна ТУТ.