Як у Польшчы беларускія дзеці вучаць беларускую мову?

На сённяшні дзень у Польшчы жыве прыкладна 52 тысячы дзяцей, грамадзян Беларусі. Такую лічбу называе прафесар Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай Акадэміі Навук Павел Баркоўскі. З іх, на яго думку, толькі каля 1-2 працэнтаў ахопленыя беларускімі адукацыйнымі ініцыятывамі ў Польшчы.

Ці беларусы ў Польшчы маюць магчымасці навучаць сваіх дзяцей роднай мове па-за межамі сям’і, і ці ёсць у іх увогуле такая запатрабаванасць? Мова Гомель спрабуе разабрацца ў гэтым пытанні.

Возьмем сітуацыю ў Беластоку, дзе даволі колькасная беларуская дыяспара. З афіцыйнай статыстыкі вынікае, што на сёння ў Беластоку і ў цэлым Падляшскім ваяводстве навучаецца ў школах 2600 вучняў з Беларусі. У кастрычніку-лістападзе 2022 года ў Беластоку прайшла акцыя, якую праводзілі прадстаўнікі дыяспары супольна з мясцовымі СМІ, мэтай якой было высветліць запатрабаванасць на вывучэнне беларускай мовы. Дык вось па выніках акцыі паступіла 50 заяў ад бацькоў, якія выказалі жаданне, каб іх дзеці вучылі родную мову. Гэта ўсяго каля 2% ад 2600 вучняў, тым не менш гэтыя заявы перадалі ў Дэпартамент адукацыі ў Беластоку (так званую Кураторыю асветы) з просьбай знайсці магчымасць арганізаваць дадатковыя класы з вывучэннем беларускай мовы для гэтых дзетак. Але заяўнікі атрымалі адмову. Пазнейшыя спробы дамовіцца таксама не далі пакуль плёну.

У чым праблема?

Справа найперш у польскім заканадаўстве, паводле якога дзяржава мае забяспечыць навучанне на роднай мове для дзяцей з нацыянальных меншасцей. Гэта дзеці, у якіх прынамсі адзін з бацькоў мае польскае грамадзянства. Да прыкладу, у Беластоку ў пачатковай школе №4 імя Сібіракаў ёсць навучанне беларускай мове для дзетак меншасці. Але… дзеці прадстаўнікоў беларускай дыяспары, то бок грамадзян Беларусі, на такія заняткі хадзіць не могуць. Гэта выглядае абсурдна, але, як кажуць, закон ёсць закон. Мясцовыя ўлады, у сваю чаргу, таксама спасылаюцца на заканадаўчыя дакументы, акрамя таго, на нястачу грошай на дадатковыя класы.

Такім чынам дзеці, грамадзяне Беларусі, на сёння не могуць у польскіх школах на пастаяннай аснове вывучаць родную мову. Выйсцем з сітуацыі бачацца альтэрнатыўныя адукацыйныя пляцоўкі ў выглядзе тых жа заняткаў або школак выхаднога дня. У якасці прыкладу прывядзём “Беларускую школу ў Варшаве”, пра якую нам распавёў яе кіраўнік Алесь Лозка.

Алесь Лозка. Фота: budzma.org

– Гэта адзіная школа ў Еўропе, нават у свеце, дзе ўсе прадметы выкладаюцца на беларускай мове. Акрамя Беларусі, дзе бываюць такія школы.  І таксама адзіная школа, дзе анлайн навучаюцца дзеці з 17-ці краін свету: Японіі, Ірана, ЗША, Германіі, Албаніі, Беларусі, краін Балтыі і іншых. Але гэта ўсё ж школа дадатковая. Мы прынялі такую канцэпцыю: дзеці навучаюцца ў сваіх школах у Японіі, Іране, Германіі і так далей, а ў нас яны вывучаюць такія прадметы, якіх няма ў іх школах. Гэта прадметы беларускага кампаненту, то бок беларуская мова і літаратура, гісторыя Беларусі, геаграфія Беларусі, айчынная і сусветная мастацкая культура і некаторыя іншыя. Дзеці навучаюцца не толькі ў выхадныя дні, бо ў нас ёсць заняткі афлайн (для дзяцей з Варшавы) і анлайн (для дзяцей з розных краін свету). Галоўная наша задача – гэта не толькі падтрымаць нацыянальную ідэнтычнасць, але і каб дзеці не згубілі час, калі яны ў перспектыве вернуцца ў Беларусь.

Дзеці якога ўзросту цяпер у вас навучаюцца?

– Ад першага класа і да восьмага класа на сённяшні дзень. Цяпер мы праводзім анкетаванне і запрашаем вучыцца на наступны год, таму магчыма будуць і 9, і 10 класы. Таксама ў нас ёсць магчымасць адкрываць філіялы беларускай школы ў гарадах Польшчы. Мы можам адкрыць больш за 20 класаў у Беластоку, Познані і іншых гарадах, якія будуць працаваць афлайн (і анлайн пры жаданні). На сёння мы ўжо набралі тую колькасць дзяцей, якая была на працягу гэтага, першага, навучальнага года. Цяпер рыхтуемся да другога навучальнага года.

Пра якую колькасць дзяцей ідзе гаворка?

– Сёння нашым навучаннем ахоплена 150 дзяцей. Спадзяемся, што іх будзе больш.

Ці гэта платна?

– Навучанне ў нас бясплатнае. Ад дзетак і бацькоў патрэбныя толькі жаданне і час. Адзінае бывае, што часам цяжкавата знайсці сродкі, каб аплаціць працу настаўнікаў. Але гэтае пытанне вырашаецца. Мы цэлы год ужо па-сутнасці адпрацавалі, і збояў у нас не было.

Цяпер “Беларуская школа ў Варшаве” вядзе набор вучняў на 2023-2024 навучальны год.

Іншы прыклад – Беларуская школа і садок “Я дома” у Варшаве. Гэта ўстанова, якая працуе па педагагічнай сістэме Мантэсоры і з выкарыстаннем досведу фінскай сістэмы адукацыі, і якая існуе дзякуючы самафінансаванню, то бок адукацыю дзяцей аплачваюць бацькі. Тут дзеці засвойваюць адначасова польскую, беларускую і англійскую мовы (рускую па жаданні). Пры гэтым навучанне ў школе цалкам замяняе навучанне ў польскай школе, у тым ліку выдаецца польскі сертыфікат аб заканчэнні адпаведнага класа.

Скрын з сайта ўстановы “Я дома”

У розных гарадах Польшчы існуюць іншыя беларускія адукацыйныя ініцыятывы. Да прыкладу, ва Уроцлаве паспяхова дзейнічае дзіцяча-падлеткавы Клуб развіцця і культуры “Spadčyna” (пра які Мова Гомель пісала раней), у Беластоку – суботняя школа “Родны кут”. Гэта сведчыць пра тое, што пры жаданні саміх бацькоў, усё магчыма.

Аднак для гэтага патрэбнае не толькі жаданне, але і рэальныя дзеянні, напрыклад, трэба прысвяціць вольны час у выхадныя дні, каб завесці дзіця на заняткі. Важная і матывацыя саміх дзяцей, бо малодшых яшчэ можна завесці “за руку”, а старэйшыя павінны самі мець такую ахвоту.

Як бачым, фактараў шмат. Сярод іх, на жаль, і той, што як у самой Беларусі, так і па-за яе межамі, большасць беларусаў размаўляе на рускай мове або адаптуецца да мовы свайго атачэння.

Мова Гомель

 

 

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры