Як рыхтаваць горад да глабальнай змены клімату

by ZB

Пакуль зіма не пужае беларусаў маразамі ды снегападамі. Але ці лягчэй ад гэтага гомельцам? Калі жыхары нашага горада сутыкаюцца з меншай колькасцю праблем на вуліцах: у цяпле ці ў холадзе, разбіраўся “Штодзень”.

 

Фота: greenbelarus.info

 

Такія зімы, як былі яшчэ напрыканцы ХХ ст., у Гомелі ўжо рэдкасць. Але за тры зімовыя месяцы бывае некалькі тыдняў (ці дзён), калі прырода бярэ сваё. І тады ўзнікаюць самыя розныя праблемы. У асобных выпадках наступствы маглі б быць меншымі пры іншым падыходзе да ўрбаністыкі.

Калі вам падаецца, што Штодзень патрэбны, падтрымайце нас праз патрэон

Аўтамабілі не заводзяцца, бо замерзлі. Здавалася б, пры чым тут урбаністыка? Машыны павінны захоўвацца не на холадзе, а ў гаражах, падземных гаражах і крытых шматпавярховых паркінгах. Па дадзеных на 2020 год у Гомелі зарэгістравана 519 800 аўтамабіляў. Шматпавярховікаў з падземнымі гаражамі ў горадзе не больш за дзясятак. Буйных крытых шматпавярховых парковак – нуль. У гаражных кааператывах маюць месцы толькі каля 37 000 (па дадзеных на 2018 год) уладальнікаў аўто. Ствараць новыя кааператывы не мае сэнсу – абмежаваны рэсурс – зямля – выкарыстоўваецца малаэфектыўна. Старыя гаражы можна знесці і на іх месцы ўзвесці шматпавярховыя падземныя ці наземныя паркінгі, каб больш аўто захоўвалася ў лепшых умовах і не псавала выгляд двароў. Але тое, што за апошнюю чвэрць стагоддзя Гомель разросся цэлымі новымі мікрараёнамі каласальных памераў без падземных парковак, выправіць ужо немагчыма.

 

Фота: greenbelarus.info

 

Уражвае і колькасць прыватных аўто. У тым жа 2020 годзе насельніцтва Гомеля складала каля 510 000 асоб. То бок амаль столькі ж, як і аўто! Гэта вынік непрадуманай урбаністычнай палітыкі, якая стымулявала гомельцаў ездзіць на аўтамабілях, а не карыстацца грамадскім транспартам, роварам ці хадзіць пешкі.

Што рабіць, калі машына не завялася? Ехаць на працу грамадскім транспартам. Калі, канешне, ён будзе працаваць. Бо паломкі аўтобусаў і, куды часцей, тралейбусаў у кепскае надвор’е здараюцца часта. Сітуацыя, калі па вуліцы рух тралейбусаў спынены больш чым на паўгадзіны, а аўтобусаў па гэтым маршруце ходзіць так мала, што лічаныя асобы здолеюць у іх улезці, даўно нікога не здзіўляе. Пры гэтым ніхто не інфармуе гомельцаў аб праблеме і магчымым часе яе вырашэння, таму як стаяць на марозе доўгі час і мерзнуць, гарантавана спазніўшыся на працу, нічога не застаецца. Пра прычыны такіх выпадкаў і магчымыя шляхі вырашэння мы пісалі раней, таму пяройдзем да наступнай праблемы.

Снег. У вялікай колькасці. Трэба адзначыць, што ў такой сітуацыі камунальнікі звычайна дзейнічаюць спрытна: снегаачышчальная тэхніка працуе і днём, і ноччу. Але каб за кароткі час ачысціць паўмільённы горад належным чынам, трэба вельмі шмат тэхнікі і спецыялістаў. Укладваць каласальныя грошы ў набыццё і захоўванне абсталявання, якое трэба лічаныя дні ў год, не мае сэнсу. Ходнікі з падагрэвам у краіне, эканоміка якой знаходзіцца мо нават у больш крытычным стане, чым урбаністыка, застаюцца для беларусаў марай. Тутака можа сядзець і скардзіцца на камунальнікаў, якія нічога не паспяваюць, а можна ўзяць у рукі рыдлёўку і на прылеглых да дома тэрыторыях усё расчысціць. Добрым прыкладам для гомельцаў можа быць іспанская Валенсія.

 

 

 

Восенню 2024 года на горад абрынулася катастрафічнага ўзроўню непагадзь, якая (не без “дапамогі” ўрбаністычных и арганізацыйных пралікаў мясцовых улад) не толькі напоўніла вуліцы вадою на вышыню больш за 1 м, але і пакінула тоўсты слой гліністага бруду. Каб ачысціць горад сіламі толькі камунальнікаў, спатрэбіліся б гады. Таму тутэйшыя, у гумавых ботах, па калена ў брудзе, чым толькі магчыма прыводзілі горад у норму.

 

 

Адной з галоўных праблем цёплае зімы з’яўляецца нестабільнасць надвор’я, што спрыяе ўтварэнню наледзі. І тут камунальны службы часцей за ўсё прымаюць неадэкватныя рашэнні: калі ніякай наледзі няма, вуліцы шчодра пасыпаюцца сумесямі, якія псуюць абутак і настрой гараджан, але як галалёд сапраўды з’явіцца, горад пераўтвараецца ў коўзанку пад адкрытым небам (пры тым, што сіноптыкі папярэджвалі пра пагрозу). Чаму так? Бо адказныя за прыняцце рашэнняў не ходзяць пешкі, а з акна аўтамабіля не вельмі бачна, як гомельцы паслізгаюцца на ходніках і трапляюць у траўмпункты. Чыноўніка, які едзе на працу на ровары ці ідзе пешкі, у Беларусі можна пабачыць хіба што ў кіно.

 

Кадр са стужкі “Слуга народа”

 

Цёплая зіма звычайна падаўжае ўсе восеньскія праблемы. Напрыклад, лужыны. Нельга рэгуляваць колькасць ападкаў, што выпадае, але запраектаваць вуліцы такім чынам, каб гэтая вада сыходзіла без перашкод, цалкам рэальна. У кожным раёне безліч месцаў, дзе гэтая праблема не вырашана. У выніку, перад сметніцамі – мора, на ходніках – мора, на праезджай частцы – мора.

Вялікую праблему з гэтага пункта гледжання ўяўляюць прыпынкі грамадскага транспарту (пра іншыя праблемы гомельскіх прыпынкаў чытайце тутака. Калі дарога ідзе значна ніжэй ходнікаў, і паверхня няроўная, ліўнёвак няма, затое высокія броўкі паўсюль, лужыны могуць быць такімі, што даходзіцца скакаць, як у балетнай пастаноўцы, каб патрапіць у салон.

Ёсць у Гомелі і мясцовае ноў-хаў, вартае “шнобелеўкі” ў архітэктуры. Узровень паверхні на прыпынку рэзка паніжаецца перад броўкай. Канешне, так вада не стаіць на асноўнай плошчы прыпынку і сцякае… да броўкі. І зноў без балетных па не абысціся. Гэткія перапады ўзроўняў ствараюць праблемы не толькі ў дрэннае надвор’е. Хто з каляскай, на вазку, з цяжкімі торбамі ці хворымі нагамі апынецца ў цяжкім становішчы.

У ідэале пляцоўку прыпынку і кавалак дарогі, дзе спыняецца транспарт, трэба выводзіць на такі ўзровень, каб і тая нага пасажыра, што ўжо ў транспарце, і тая што яшчэ на паверхні прыпынку, былі на адным узроўні. Пра гэтым узровень прыпынку павінен быць трохі вышэй тэрыторыі навокал, каб не было лужын.

Зразумела, што перарабіць такім чынам усе аўтобусныя і тралейбусныя прыпынкі (і сам транспарт) немагчыма. Вырашэннем магло б стаць стварэнне ў Гомелі трамвайнай лініі (гэта ў любым выпадку патрабавала б новай інфраструктуры, і можна было б адразу зрабіць усё правільна).

Відавочна, што праблем на гомельскіх вуліцах хапае ў любую пару года. І каб іх пераадолець, трэба не скардзіцца на надвор’е, а праектаваць горад адпаведным чынам і дбаць аб экалогіі, каб прыродных катаклізмаў было менш.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png