Як “рускі мір” прыходзіць у Беларусь праз бібліятэкі

by ZB

Мы неаднойчы пісалі пра прасоўванне ў Гомелі расейскай культуры праз Рускі дом. Дзейнасць дадзенай арганізацыі шмат у чым можна назваць шкоднай для беларускай культуры, але прынамсі не для беларускага гаманца – фінансаванне забяспечвае нашая ўсходняя суседка. У Магілёве ж вучыць беларускіх дзяцей гісторыі, геаграфіі і культуры Расеі збіраюцца за сродкі абласнога бюджэту.

Ілюстрацыйнае фота

 

На сайце goszakupki.by праводзіцца электронны аўкцыён на набыццё літаратуры для Магілёўскай абласной бібліятэкі. На кнігі плануецца выдаткаваць 50 000 бел. руб. (каля 15 720 долараў). І можна было б парадавацца за краіну, якая інвестуе столькі грошай у развіццё культурніцкага патэнцыялу, каб не адзіны факт: выдавецтвы спрэс расейскія («Насця і Мікіта», “МІФ”, “Ружовая жырафа”, “КомпасГід”, “Росмэн”, “Махаон” (дадзенае выдавецтва зарэгістравана ў Беларусі, але належыць расейскай выдавецкай групе “Азбука-Атыкус”), “Самакат”, “Эксма”, “АСТ”).

Не менш здзіўляе і выбар кніг. Ёсць у спісе пераклады добрых заходніх аўтараў, дзіцячыя энцыклапедыі і навукова-папулярная літаратура – папоўніць фонды такімі кнігамі было б карысна. Але чаму (за беларускія, нагадаем, грошы!) беларускім дзецям збіраюцца набыць такія выданні, як “Арбат”, “ВДНХ. Главная выставка страны”, “Бульварное кольцо”, “Кремль – сердце Москвы”, “О чём молчат башни Кремля?”, “Московские высотки”, “Необычные дома Москвы”, “Паруса России”, “Парки Москвы”, “Русская изба”, “Как жили на Руси”, “Мифы Поволжья”, “Коломна. Маленький город с большой историей”, “Как Пушкин русский язык изменил”, “Великие победы генерала Ушакова”, “Иркутск. Город сам по себе” і г.д.?!

 

Фрагмент спіса выданняў, якія плануецца набыць для Магілёўскай абласной бібліятэкі

 

Набываць надрукаваныя ў Расіі контурныя карты і геаграфічныя атласы ўвогуле недапушчальна, бо межы краін у бачанні РФ моцна адрозніваюцца ад сусветных стандартаў.

У Беларусі налічваецца 566 выдавецтваў (такая колькасць арганізацый уключана ў рэестр  выдаўцоў  на сайце Міністэрства інфармацыі). Штогод яны выпускаюць тысячы кніг. Напрыклад, па дадзеных belta.by у 2021 годзе ў РБ выйшла 4 647 кніг агульным накладам болей 10 млн. асобнікаў. Магчыма, у Расеі можна знайсці вузкапрофільную навукова-папулярную літаратуру, аналагаў якой у нашай краіне няма. Але калі казаць пра мастацкую літаратуру, то сучасныя беларускія аўтары нічым не горшыя за расейскіх калег. Літаратараў Беларусі дакладна не бракуе. Саюз беларускіх пісьменнікаў на момант сваёй ліквідацыі ў 2021 годзе налічваў 504 асобы, у Саюз пісьменнікаў Беларусі ўваходзяць больш за 700 асоб. Аўтараў кніг, якія не ўваходзяць у літаратурныя аб’яднанні, падлічыць цяжка, але гаворка дакладна ідзе пра тысячы. Дык чаму мы не ўкладаем грошы ў падтрымку нашых аўтараў і нашых выдавецтваў?

Добрых перакладаў замежнай літаратуры ў беларускай кніжнай прасторы таксама хапае. Навошта набываць у Расеі кнігі пра прыгоды Мамы Му ці Фіндуса і Пэтсана, калі іх можна купіць у сваёй краіне, прычым на роднай мове? Колькі бацькоў жаліцца, што дзяцей цяжка прывучыць да беларускай мовы, бо творы ў школьных падручніках не адпавядаюць інтарэсам малых. А такія кнігі яшчэ як заахвоцілі б да чытання.

Вокладка беларускага выдання з сайта Белкнігі

 

На нашую думку, на падбор літаратуры для Магілёўскай абласной бібліятэкі тэарэтычна маглі паўплываць два фактары.

Фактар першы – ІДЭАЛАГІЧНЫ.

Наколькі расейская ўлада можа ўплываць на прыняцце рашэнняў у Беларусі, простаму беларусу невядома. Цалкам магчыма, што нашая краіна з’яўляецца дэ факта незалежнай у куды меншай ступені, чым мы думаем, і нават сродкі беларускага бюджэту мы размяркоўваем па ўказцы з усходу. Высмоктванне рэсурсаў на ваенныя дзеянні панізіла ўзровень дабрабыту расіян, даходы выдавецтваў і кніжнага гандлю крытычна знізіліся, рынак збыту вырашылі пашырыць за кошт беларускіх пакупнікоў.

Пакуль закупка выключна расейскіх кніг на 50 000 бел. руб. адзінкавы выпадак, сур’ёзнай фінансавай падтрымкай яе не назавеш. Але як гэта стане распаўсюджанай практыкай? У сталіцы і кожным абласным цэнтры ёсць абласная, гарадская і раённая бібліятэкі, ёсць бібліятэкі і ў кожным са 118 раёнаў – а гэта ўжо зусім іншыя грошы.

Хочацца верыць, што ўсё ж ідэалогія тут ні пры чым і гэта толькі нашыя тэарэтычныя разважанні. Але верагоднасць такога развіцця падзей, хай і маленечкая, існуе.

Больш падобна, што мае месца другі фактар – ЭКАНАМІЧНЫ.

Расейскія кнігі таннейшыя, за беларускія. І гэта не дзіўна. Цана кнігі напрамкі залежыць ад памеру накладу. Патэнцыйны рынак для расейскіх кніг – каля 150 млн чытачоў (гэта не толькі РФ, але і рускамоўныя чытачы з іншых краін), таму наклад можа быць і некалькі дзясяткаў тысяч асобнікаў. Беларускія ж выдаўцы могуць разлічваць на менш чым дзесяцімільённы рынак, адпаведна, наклад у 1000 штук ужо лічыцца неблагім (часам цудоўныя выданні існуюць у колькасці ўсяго некалькі соцень штук).

Бібліятэкам штогод даводзяцца планы па абнаўленню фондаў, але грошай на гэта выдзяляюць замала (ці ўвогуле не выдзяляюць). Каб забяспечыць паказчыкі, набываюцца самыя танныя – у значнай колькасці расейскія – кнігі. Таму і чытаюць беларускія дзеткі кнігі пра Мурам ці Калінінград, а не пра Магілёў ды Гомель.

Праблема выцяснення беларускіх выданняў расейскімі даволі сур’ёзная. Часткова выправіць становішча маглі б некаторыя заканадаўчыя меры. З бібліятэкамі ўсё проста: за бюджэтныя грошы варта набываць кнігі, выдадзеныя ў Беларусі. Паўплываць на набыццё кніг фізічнымі асобамі куды цяжэй. Можна было б увесці падатак на імпартныя кнігі, што зраўняла б іх кошт з беларускімі. Але тады пакупнікі, замест Белкнігі ці OZ.by, больш набывалі б у расейскіх інтэрнэт-крамах – пры адсутнасці мяжы гэта не праблема.

Глабальнае вырашэнне гэтай праблемы існуе толькі адно – вяртанне беларусаў да роднай мовы. Калі б чытачы былі прызвычаеныя да чытання па-беларуску, расейскія кнігі аўтаматычна перасталі б ствараць сур’ёзную канкурэнцыю.

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png