У час, калі шмат беларусаў едзе ў заходнім кірунку на летні адпачынак, а студэнты з еўрапейскіх ВНУ вяртаюцца на вакацыі дахаты, і без таго напружаная абстаноўка на мяжы істотна пагаршаецца. Паўплываць на даўжыню чэргаў мы не ў стане. Але часткі негатыўных наступстваў ад прастояў можна пазбегнуць, калі адказна ставіцца да планавання вандроўкі і выконваць шэраг правіл. Як рыхтавацца тым, хто едзе ў падарожжа аўтобусам, піша “Штодзень”.
ЗАКЛАДВАЙЦЕ Ў ПЛАН ВАНДРОЎКІ БОЛЬШ ЧАСУ
Нават да пандэміі, калі працавала значная колькасць памежных пераходаў на мяжы з Польшчай і Літвой, у гадзіну, пазначаную ў раскладзе, прыходзілі толькі цягнікі. Для міжнародных жа аўтобусаў час прыбыцця – гэта ўмоўная разліковая адзінка. Адзін і той жа рэйс, напрыклад, Берасце–Варшава, пры адпраўленні ў 6.00, мог прыбываць у польскую сталіцу і ў 9.00 (калі пашчасціць), і ў 12.00 (часцей за ўсё), і ў 14.00 (нечаканыя чэргі перыядычна ўзнікалі і раней). Таму планаваць вылет (ці перасадку) з Варшавы можна было не раней за 18.00.
Зараз чэргі сталі настолькі доўгімі і рэгулярнымі, што 8–17 гадзін на мяжы нікога не здзіўляюць. Таму, каб дакладна не спазніцца на самалёт, выязджаць варта за суткі і ночыць у горадзе вылету. Так дарога робіцца даўжэйшай і даражэйшай, але ў параўнанні з коштам новых квіткоў на самалёт (набытых у сезон, без зніжкі) гэта дробязь.
КАРЫСТАЙЦЕСЯ ПАСЛУГАМІ ЛЕГАЛЬНЫХ РЭЙСАВЫХ ПЕРАВОЗЧЫКАЎ
Існуюць як афіцыйна зарэгістраваныя рэйсавыя аўтобусы, так і тыя, хто проста аказвае паслугі перавозкі пасажыраў. Адрозніць іх вельмі проста: квіткі на рэйсавыя аўтобусы прадаюцца на афіцыйных сайтах. У Беларусі гэта ticketbus.by (з вельмі нязручным і абмежаваным функцыяналам) і infobus.by. Там жа можна даведацца назву юрасобы-перавозчыка і водгукі.
Нярэдка тыя, хто набыў квіток “у інстаграм”, на “нейкім сайце” ці напісаўшы ў вайберы кіроўцы, сутыкаліся з непрыемнымі наступствамі: некалькі асоб прэтэндуюць на адно і тое ж месца; транспартны сродак адсунуты на ўскраек чаргі, бо ў прыярытэце афіцыйныя рэйсавыя перавозчыкі; замест паўнавартаснага аўтобуса ноч давядзецца правесці і старэнькай маршрутцы і г.д.
НЕ НАБЫВАЙЦЕ КВІТКІ НЕПАСРЭДНА ДА/З АЭРАПОРТА
Ехаць на міжнародным аўтобусе варта да бліжэйшага горада. А потым рушыць у/з кірунку аэрапорта самастойна. Калі аўтобус уедзе ў замежжа са шматчасавым спазненнем, з такім жа спазненнем ён паедзе і ў зваротным кірунку. Правесці 5–15 дадатковых гадзін чакання ў горадзе куды прыемней (і танней), чым у аэрапорце. Да таго ж на аўтавакзале часцей за ўсё вас сарыентуюць, калі чакаць адпраўлення, у аэрапорце, калі няма непасрэднай сувязі з кіроўцам, давядзецца чакаць у невядомасці.
ДОБРА РЫХТУЙЦЕ ДАКУМЕНТЫ
Аўтобус можа захраснуць на пашпартным кантролі, калі нехта з пасажыраў мае праблемы з паперамі. Як маеце малы досвед у гэтым пытанні, лепей звяртайцеся да прафесіяналаў ці райцеся з больш дасведчанымі асобамі. Здавалася б, колькі ўжо пісалі пра праблемы з фальшывымі працоўнымі польскімі візамі, але ўсё роўна знаходзяцца тыя, хто спрабуе перасекчы мяжу з такім шэнгенам. У выніку ўсе павінны чакаць, пакуль памежнікі вырашаюць, пускаць яго ці не.
ЧЫТАЙЦЕ ЎВАЖЛІВА ІНФАРМАЦЫЮ ПРА ТРАНСПАРТНЫ СРОДАК
Раней, калі дарога ў Вільню ці Варшаву займала няшмат часу, можна было смела ездзіць любым транспартным сродкам. Шматгадзіннае чаканне на мяжы патрабуе куды больш камфортных умоў. Розныя перавозчыкі забяспечваюць роўны ўзровень камфорту. Яшчэ год дзесяць таму максімальны набор паслуг (выгодныя сядзенні з адэкватным памерам месца для ног, кандыцыянер, зарадка для гаджэтаў, вай-фай, туалет) у Беларусі прапаноўвалі толькі элітныя (у тым ліку і па кошце) перавозчыкі кшталту “Экалайнс” (і тое не на ўсіх маршрутах). Зараз усё гэта можна сустрэць і ў аўтобусах звычайнай цанавой катэгорыі. Што з пералічанага маецца ў аўтобусе, абавязкова напісана на сайце infobus.by. Але падобна, што далёка не ўсе пакупнікі чытаюць напісанае ўважліва, бо рэгулярна з’яўляюцца негатыўныя водгукі на тэму “не было фай-фая” ці “няма прыбіральні” ў тых выпадках, калі перавозчык і не абяцае гэтых паслуг.
Чытайце водгукі. Па іх можна зразумець, што вас чакае ў падарожжы. Па нашых назіраннях, ад дзяржаўных перавозчыкаў нельга чакаць максімальнага ўзроўню камфорту і ўсяго спектру паслуг, але гэта надзейны сярэдні варыянт, якім заўсёды можна карыстацца. З прыватнымі перавозчыкамі ўсё непрадказальна. Ёсць тыя, хто стабільна забяспечвае максімальны ўзровень камфорту і прафесіяналізму кіроўцаў, але хапае і тых, хто адпраўляе ў доўгачасовы рэйс ламачча, прыдатнае хіба што для паездак у прыгарад, з мала дасведчанымі, абыякавымі да патрэб пасажыраў кіроўцамі. Каб зразумець, да якой катэгорыі належыць перавозчык, райцеся з тымі, хто рэгулярна перасякае мяжу, і чытайце водгукі.
НЕ ПАТРАБУЙЦЕ АД ПЕРАВОЗЧЫКАЎ НЕМАГЧЫМАГА
Калі праз спазненне на мяжы вы згубілі квіткі на далейшую вандроўку, нельга патрабаваць ад перавозчыка кампенсацыі страт. Кампенсацыя выплачваецца толькі ў выпадку наяўнасці віны (напрыклад, калі стары аўтобус зламаўся пасярод дарогі і перавозчык не забяспечыў падменны транспарт). У з’яўленні чэрг на мяжы няма ніякай віны фірмы-перавозчыка, і грошай ад прастояў яна губляе куды больш, чым пасажыр (кіроўца долей знаходзіцца на працы, а гэта трэба дадаткова аплачваць, паліва спажываецца больш запланаванага і г.д.). Нават пры высокім кошце квіткоў рэйс можа аказацца стратным, таму грошай на кампенсацыю кампаніі няма адкуль узяць. Калі вы не закладалі ў падарожжа неабходную колькасць часу, нельга перакладваць адказнасць на іншых.
Спадзяёмся, доўгія чэргі не сапсуюць ваш адпачынак. Добрай дарогі і прыемных уражанняў!