“Як на Грамніцы адліга, з ураджаю будзе хвіга”

Грамніцы, або Стрэчанне. Свята, якое мае дахрысціянскае паходжанне і хрысціянскае тлумачэнне, укарэненае ў народным побыце: грамнічныя свечкі, Стрэчаньскія Дзяды і шэраг народных прыкмет.

Мова Гомель паразмаўляла  з фалькларысткай Аленай Ляшкевіч пра тое, што гэта за свята Грамніцы або Стрэчанне, і пра тое, чаму ў гэты дзень на Гомельшчыне ялінку ўпрыгожвалі.

Абрад гукання вясны на Грамніцы ў вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна


Грамніцы, што гэта за свята? Ці правільна так сказаць, што гэта адно з тых святаў, якое бярэ свой пачатак яшчэ ў язычніцкія часы, але прыжылося таксама і ў хрысціянстве?

— Я фалькларыст, этнограф, антраполаг. Ва ўсіх маіх спецыялізацыях, патэнцыйных і рэальных, прынята працаваць ад наяўнага стану рэчаў. Таму мы “капаем” ад таго, што ёсць цяпер і далей углыб, а не наадварот, як робяць гісторыкі. Я гляджу на цяперашні стан традыцыйнай культуры, на запісы канца 19 – пачатку 20 стагоддзя, і ўжо з гэтага можна рабіць нейкую рэканструкцыю. У кананічным хрысціянстве Грамніцы, Стрэчанне – гэта свята, якое адзначаецца 2 лютага ў католікаў і 15 лютага ў праваслаўных, і абазначае ўнясенне Ісуса Хрыста ў храм праз сорак дзён пасля яго нараджэння. Бацькі Ісуса, Марыя і Іосіф, у храме сустрэлі праведніка Сімяона, ад гэтай сустрэчы і Стрэчанне. Назва ж Грамніцы паходзіць ад Маткі Боскай Грамнічнай. Тут робіцца акцэнт на тое, што гэта было не толькі ўнясенне Ісуса ў Іерусалімскі храм (яўрэі ў той час павінны былі прыносіць першынца ў храм і ахвяраваць на храм, таму што першынцы былі абяцаныя Богу), але і робіцца акцэнт на ачышчэнні Дзевы Марыі пасля родаў. Жанчына пасля родаў лічылася “не чыстай”, і толькі праз сорак дзён адбывалася яе вяртанне, увядзенне ў храм. Каталіцкія краіны вядомыя большым культам Дзевы Марыі, чым праваслаўныя, таму робіцца такі акцэнт.

Рэверс манеты “Стрэчанне” з рэльефнай выявай птушкі, якая ляціць над заснежанымі палямі, што сімвалізуе сустрэчу зімы і лета.

 

Ёсць яшчэ і народная этымалогія назвы свята і яго паходжання. Грамніцы ад грому. Існавала павер’е, што ад гэтага свята паварочваецца год на вясну і ўжо можна пачуць грымоты, могуць ісці дажджы з громам. І ёсць яшчэ версія дахрысціянскага паходжання свята ад імя бога Грымотніка, Перуна, што ў гэты дзень ён пачынаў ездзіць па небе і грымець. Калі ж казаць пра народную этымалогію слова Стрэчанне, то ў народзе лічыцца, што “зіма з летам стрэчаецца”. Ёсць і шэраг адпаведных песень:

Зіма з летам стракалася,

Пра здароўе пыталася:

– Здароў, зімачка з кастылькамі!

– Добрае здароўе, лецечка з кіенкамі.

Пайшла зімачка з кастылькамі,

Прышло лецечка з кіенкамі (в. Старыя Дзятлавічы Гомельскага р.).

 

А ў нас сёння стрэчанне, стрэчанне,

Зіма з летам стрэлася, стрэлася,

Лета зіму піхнула, піхнула

І ножачку звіхнула, звіхнула.

Зіма пайшла плачучы, плачучы,

Лета пайшло скачучы, скачучы (в. Замосце Талачынскага р.).

Або, напрыклад, такі сюжэт, калі Зіма пытаецца, чаму яе ніхто не любіць:

Зіма з летам сустратаецца,

Пра здаровейка пытаецца:

– Ой, чалом, чалом, да цёплае лецечка!

– Ой, здарова була, да халодная зімачка!

– Што цябе, лецейка, узвелічаюць,

Мяне, зімачку, праклінаюць?

– Бо ты, зімачка, халодная,

Лугі, балоты памарозіла,

Ой, я, лецечка, да вясёлае,

Лугі, горы ізмачыла,

Лугі, горы ўзвесяліла;

Ой, там хлопчыкі збіраюцца

Да на мёд, віно складаюцца;

Ой ты, Іваначка, кладзі больш за ўсіх,

Твая Ганначка лучш за ўсіх (в. Новыя Дзятлавічы Гомельскага р.).

То бок у карціне свету селяніна ў ранейшыя часы было фактычна два сезоны – лета і зіма, а мяжа паміж імі прыпадала акурат на Стрэчанне. Але ёсць і прымаўкі, што “Грамніцы – зіміцы палавіцы”. Ці сканчаецца ўжо зіма, ці гэта яшчэ яе сярэдзіна, тут ужо як хто лічыць.

ГРАМНІЧНАЯ СВЕЧКА ЯК АТРЫБУТ НА РОЗНЫЯ ВЫПАДКІ ЖЫЦЦЯ

Калі казаць пра Грамніцы, то я помню нават з дзяцінства, што з гэтым святам вельмі моцна звязаныя свечкі, якія так і называюць грамнічнымі. Вядома, што свечкі маюць значэнне пры кожным хрысціянскім свяце, але падчас Стрэчання ім надаецца большая ўвага. Чаму так?

 Так, свечкі да гэтага свята асвячаюць. Грамнічныя свечкі звычайна даўжэйшыя і таўсцейшыя за звычайныя. Даследчыкі звязваюць гэта з культам агню, з тым жа богам Грымотнікам, Перуном, з нябесным агнём. Грамнічная свечка – гэта ўвасабленне жывога агню, яна выкарыстоўвалася ў розных абрадах і ў розных крытычных сітуацыях.

Грамнічная свечка, фота: katolik.life

 

Калі, напрыклад, была навальніца, а людзі баяліся грымотаў, адчувалі сябе неабароненымі перад гэтай стыхіяй, то запальвалі грамнічную свечку і верылі, што гэты абярог адвядзе той жа ўдар маланкі ад хаты. Калі паміраў чалавек, то яму ў рукі ўкладалі грамнічную свечку, або калі ў жанчыны былі цяжкія роды, то таксама яе запальвалі. То бок ва ўсіх “памежных” сітуацыях, у абрадах пераходу, грамнічная свечка так ці іначай выкарыстоўвалася. Калі казаць пра вяселлі, гэта ўжо асаблівасць Гомельшчыны, то на вяселлі таксама маглі выкарыстоўваць грамнічныя свечкі. Бралі гэтую свечку і на першае ворыва, на зажынкі, на першы выпас жывёлы.

Гэта быў такі прыдатны ў гаспадарцы магічны атрыбут.

І што важна: грамнічную свечку нельга было пазычаць. Ёсць яшчэ такія звесткі, што калі свечка не спалілася за год, то яе спальвалі на Каляды, або наадварот захоўвалі, і даследчыкі падчас экспедыцый бачылі ў хатах цэлыя калекцыі такіх грамнічных свечак. Па-рознаму гэта магло быць.

НАВОШТА НА СТРЭЧАННЕ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЯЛІНКУ ЎПРЫГОЖВАЛІ

Са Стрэчаннем звязаны абрад, які быў пашыраны найбольш у Лельчыцкім раёне. Раскажыце, калі ласка, пра гэты абрад.

— Так, гэта гуканне вясны з упрыгожанай ялінкай, якая завецца “ёлкай”, і гэта асаблівасць Гомельшчыны. Фактычна гэтае гуканне вясны магло прыпадаць на розныя святы, але ў некаторых вёсках пераважна Лельчыцкага раёна, а таксама ў Галубіцы Петрыкаўскага раёна і ў Баршчоўцы Добрушскага раёна (з таго, што ў мяне атрымалася знайсці) гуканне вясны з ёлкай адбывалася акурат на Грамніцы. Выглядала гэта так:

Упрыгожаную ялінку бралі ў карагод, або залазілі з ёй на нейкае больш высокае месца, на страху нейкага гаспадарчага будынка, ці на стог з сенам, і там спявалі-гукалі вясну. Таксама маглі гэтую ўпрыгожаную ёлку ўтыркнуць у каравай, і тут мы бачым спалучэнне сусветнага дрэва, гэтай ялінкі, і дабрабыту, які сімвалізуе каравай.

У вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна гэты абрад я назірала на ўласныя вочы, і там ён больш разгорнуты: збіраецца гурт, ёлку трымае звычайна маленькая дзяўчынка, якую хлопцы на санках вязуць да прыдарожнага крыжа. Па звестках старажылаў магла гэта быць і маладая жанчына, якая нядаўна выйшла замуж, або дзяўчына “на выданні”. І ў пачатку абраду водзяць карагоды, і каля крыжа водзяць карагоды, а ёлку вешаюць на крыж, дзе яна цэлы год і вісіць, старую ёлку пры гэтым спальваюць. Што цікава, у Новым Палессі, дзе я гэта назірала ў 2018 годзе, акрамя арганізаванага гурта “Палескія напевы”, стылю выканання якога нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, ёсць і супольнасць старэйшых жанчын, якія таксама ўпрыгожваюць сваю ёлку і вешаюць яе на крыж з самай раніцы або нават і з вечара, яшчэ перад “Палескімі напевамі”. Праўда, у 2018 годзе яны акурат не змаглі сабрацца ў гэты час, і таму іх старая ёлка так і засталася вісець на крыжы, ніхто яе не зняў.

Дарэчы, у Новым Палессі ёлку ўпрыгожвалі таксама на вяселле, у іншых вёсках Лельчыцкага раёна ўпрыгожаная ёлка фігуравала і на Масленіцу, а ў іншых раёнах нават на Юр’я. Можна сказаць, што гэты абрад гукання вясны маглі ў розных мясцінах выконваць на розныя каляндарныя святы.

Таксама сустракаецца яшчэ і такая назва як Стрэчаньскія дзяды. Гэта таксама да гэтага свята Стрэчання адносіцца?

 Так. Насамрэч, Дзядоў на працягу года было шмат і ў розных лакальных традыцыях у розны час. Звычайна, калі глянуць на традыцыю асобна ўзятай вёскі, то ёсць нейкае восеньскае памінанне Дзядоў і гэта не абавязкова Дмітраўскія Дзяды, якія цяпер у нас лічацца агульнапрынятымі, проста нейкая восеньская дата – Пакроўскія, Міхайлаўскія Дзяды ці іншыя. І ёсць нейкая дата веснавога памінання Дзядоў, і зноў жа гэта не абавязкова агульнапрынятая сёння Радаўніца, бо дзесьці маглі хадзіць на могілкі на Вялікдзень, дзесьці у чацвер па Вялікадні, дзесьці ў нядзелю па Вялікадні. Паміж восеньскім і веснавым памінаннем Дзядоў існуюць яшчэ і даты, істотныя ў лакальных традыцыях, якія могуць выпадаць перад Стрэчаннем, напрыклад, Бабы ў пятніцу і Дзяды ў суботу, або перад Масленіцай, або перад Тройцай, і ўлетку могуць быць таксама Дзяды.

“ЯК НА ГРАМНІЦЫ АДЛІГА, З УРАДЖАЮ БУДЗЕ ХВІГА”

З Грамніцамі, Стрэчаннем, звязана шмат народных прыкмет, таму абавязкова трэба прыглядацца да надвор’я.

– Да Грамніц не скідай рукавіц, а як прайшлі Грамніцы, то ўжо не патрэбны рукавіцы.

– Калі на Стрэчанне рана з’явіцца сонца, то будзе ранні лён.

– На Стрэчанне зіма на мароз ідзе, а сонца на лета.

– На Стрэчанні сняжок, вясной дожджык.

– Калі вецер на Грамніцы дзьме, дык з дрэваў нячысцікаў здымае, летам ураджай садавіны багаты будзе.

– Кармі на Стрэчанне курэй аўсом, вясной будзеш з яйцом.

– Грамніцы – палавіна зіміцы, маразоў палавіцы.

– На Грамніцы мяцеліца, вясна будзе позняй.

Дарэчы пра Стрэчанне ў вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна ў 2004 годзе знялі невялікі дакументальны фільм “Грамніцы на Палессі”:

 

 

Мова Гомель.

Фотаздымкі з абраду ў Лельчыцкім раёне прадастаўленыя Аленай Ляшкевіч.

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў

Уладзіслаў «Нож» Наважылаў выпусціў новую песню Rinkimai («Выбары»), упершыню на літоўскай мове