«Як ІЧУ Гомеля»: беларуса з лагера для ўцекачоў у Славакіі змясцілі ў турму

by ZB

Амаль тыдзень гомелец Дзмітрый Лукомскі знаходзіцца ў турме для замежнікаў у Славакіі. Яго перавялі туды па скарзе ад кіраўніцтва апошняга лагеру, дзе яны знаходзіліся з ягонай дзяўчынай Віялетай.

Дзмітрый Лукомскі. Фота: з ФБ-акаўнта актывіста

Адміністрацыя напісала заяву, што ён прадстаўляе фізічную пагрозу для іх і іншых сем’яў, што ён ледзь не кідаўся на іх. У сваю чаргу жанчына кажа, што Дзмітрый змагаўся за правы і паляпшэнні ўмоваў у лагеры. Умовы пасля змяшчэння ў турму яшчэ пагоршыліся.

«Ён кажа, што па выглядзе – гэта турма. Як ІЧУ ў Гомлі. З адрозненняў – магчымасць выходзіць з камеры, камунікаваць на калідоры з іншымі людзьмі. Але калідор маленькі, на 5 камераў, далей краты», – распавяла жонка Віялета Майшук «Белсату».

Паводле яе, у мужа ў турме абвастрыліся праблемы са здароўем і ПТСР, яго вазілі ў лякарню, ён кажа, што баіцца знаходзіцца ў Славакіі.

У цэнтры затрымання замежнікаў Дзмітрый будзе знаходзіцца папярэдне да 17 лістапада. Мусіць адбыцца суд, які вырашыць ягоны лёс. Ёсць верагоднасць, што яго перавядуць у іншы лагер і раздзеляць з жонкай.

Дзмітрый Лукомскі з’ехаў з Беларусі ва Украіну, ратуючыся ад палітычнага пераследу. З Украіны ўлетку 2024-га разам са сваёй дзеўчынай Віялетай Майшук паехаў у Славаччыну, дзе яны разам папрасілі прытулку. Але іх лёс у гэтай краіне склаўся не самым лепшым чынам.

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png