“Хітры чалавек”, “непатапляльны кадр”, “кар’ерыст” – такія ацэнкі вядомаму на ўзроўні вобласці ідэолагу, чыя зорка закацілася пасля 2020 года, мы пачулі ад нашых рэспандэнтаў. Нараджэнец Рэчыцы Віталь Атаманчук у дадзены момант ціха дапрацоўвае да пенсіі на пасадзе намесніка дырэктара па ідэалогіі ў Гомельскім аўтобусным парку №6. А яшчэ зусім параўнальна нядаўна вяршыў лёсамі апазіцыянераў, супрацьдзейнічаў актывістам і ўсяляк дэманстраваў сваю ўладу.
У верасні 2020 года яго нечакана знялі з пасады намесніка старшыні гарвыканкама і перавялі ў аўтобусны парк. Для амбіцыйнага кіраўніка гэтае кадравае прызначэнне было яўным ударам і прыніжэннем. Тады нават з’явілася версія, што перавод Атаманчука – ледзьве не пакаранне за “сабатаж” распараджэнняў цэнтральнай улады ў крытычны для яе момант. Маўляў, ён пацярпеў за тое, што недапрацаваў з мясцовымі прапагандыстамі, якія ў 2020 годзе масава пачалі пераходзіць на бок народа. Але насамрэч, калі прасачыць ягоную біяграфію, вымалёўваецца зусім іншая карціна.
Змаганне з футбольнымі фанатамі, пераслед апазіцыі, рускі мір. Рэчыцкі перыяд Атаманчука.
Сваю прафесійную кар’еру Віталь Атаманчук пачаў у Рэчыцы, дзе ён працаваў у адной са школ звычайным “фізруком”. У другой палове 1990-х, калі да ўлады ў Беларусі прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, адным з правераных варыянтаў прасоўвання па службовай лесвіцы быў шлях спартовага чыноўніка. У гэтым Атаманчук разглядзеў для сябе магчымасці для таго, каб забяспечыць сабе будучыню. І не памыліўся. У дзяржаве, якая выдатна ўсведамляла прапагандысцкі патэнцыял спартовых мерапрыемстваў, насамрэч адчыніліся дзверы для рознага роду “спартоўцаў-лаялістаў”, якія рабілі імклівыя кар’еры і займалі найвышэйшыя пасады. Даволі хутка малады настаўнік узначаліў Рэчыцкі аддзел спорту і турызму пры выканкаме, пасля чаго шлях у намеснікі кіраўніка Рэчыцкага выканкама быў адкрыты.
Фота: Рэчыца. Без цэнзуры
У выканкаме ён спачатку адказваў за сельскую гаспадарку, але паступова ўсё больш пачаў курыраваць пытанні ідэалогіі.
“На гэтай пасадзе ён вельмі любіў рабіць розныя праверкі, таксама ўручаў граматы “перадавікам” на Дажынках. Але рэдка ён быў задаволены калгаснікамі, ад якіх увесь час патрабаваў і патрабаваў усяго. Але сам, з’яўляючыся кіраўніком, практычна ніяк не дапамагаў”, – распавядае нам адзін чалавек з Рэчыцкага раёна, які працаваў у тыя часы на сельгаспрадпрыемстве.
Андрэй Стрыжак. Фота: з асабістага архіва рэспандэнта
Рэчычанін Андрэй Стрыжак прыгадвае свае ўражанні ад Віталя Атаманчука, які арганізоўваў рэпрэсіі ў раёне яшчэ да таго, калі яны захлынулі ўсю краіну:
– Чалавек пакідае ўражанне непатапляльнасці. Ён вельмі доўгі час быў на пасадзе ў Рэчыцкім выканкаме, калі іншыя чыноўнікі змяняліся. Ён жа ніколі не мяняўся. І адна з ягоных задач была якраз-такі праца з апазіцыяй, супрацьдзеянне грамадзянскай супольнасці. Ён моцна шчыраваў на гэтым полі. Цяпер нешта цяжка прыгадаць канкрэтнае, але агульны флёр быў такі, што ён увесь час усіх “шчаміў”. Гэта хіба першы чыноўнік у маёй біяграфіі, хто рабіў гэта прадумана, сістэмна. Ён і ў Гомелі таксама ціснуў на людзей, якія былі супраць улады.
Іншыя нашыя суразмоўцы, якія памятаюць Атаманчука яшчэ па рэчыцкіх справах, таксама апісваюць яго жорсткім, але адначасова вельмі хітрым чалавекам. Нездарма ў сусветным павуцінні, якое “памятае ўсё”, практычна няма фактаў удзелу Атаманчука ў рэпрэсіях. Але “Штодзень” усё ж мае доказы датычнасці гэтага функцыянера да арганізацыі пераследу грамадзян. Так, у Рэчыцы, напрыклад, ён адзначыўся тым, што асабіста каардынаваў ціск на некаторых апазіцыянераў. У архівах Радыё “Свабода” дагэтуль можна знайсці матэрыял пра тое, што былому дэпутату ВС РБ ХІІ склікання, палітвязню Андрэю Клімаву, які адбываў пакаранне на “хіміі” за арганізацыю акцыі 25 сакавіка 2004 года, у 2006 годзе зменшылі заробак у 10 разоў. Гэта здарылася пасля таго, як Клімаў распавёў пра ўмовы працы незалежным журналістам. Пацярпелы апазіцыянер сведчыў, што распараджэнне аб змяншэнні заробку паступіла прама ад намесніка старшыні Рэчыцкага райвыканкама па ідэалогіі. На той момант пасаду займаў Віталь Атаманчук, які, зрэшты, адкінуў абвінавачанні ва ўласцівай яму манеры. “Што тычыцца таварыша Клімава, то гэта выдумка. Я не ведаю ні памеру ягонага заробку, ні на якім прадпрыемстве ён працуе”, – адказаў на зварот журналістаў “Свабоды” Атаманчук.
У далейшым ён будзе таксама адмаўляцца ад удзелу ў рэпрэсіях, усяляк прымяншаць сваю ролю ў арганізацыі пераследу іншадумцаў.
Для Атаманчука ўласціва тое, што ён на публіцы ніколі не павышае голас на апанентаў, імкнецца асцярожна камунікаваць з прэсай, але, калі застаецца з апанентам сам-насам, то тады яго часта “нясе”. Некалькі рэспандэнтаў “Штодня” нам распавялі пра тое, што Атаманчук умее моцна ціснуць на людзей падчас размовы, часта пагражае расправай і ўвогуле вядзе сябе “з пазіцыі сілы”.
“Гэта чалавек, які пры размове з табой заўжды глядзіць “праз цябе”. У яго такі спецыфічны позірк, які вельмі добра адлюстроўвае ягонае стаўленне да суразмоўцы. Ты яму можаш быць цікавы толькі як функцыя. Калі ты адпавядаеш ягоным мэтам нейкім, цікавы яму чымсьці, ён табой цікавіцца роўна столькі, колькі яму гэта трэба”, – распавядае пра стыль камунікацыі Атаманчука з людзьмі Андрэй Стрыжак.
Пратэст рэчыцкіх ультрас у 2015 годзе. Фота: Рэчыца. Без цэнзуры
У 2015 годзе сілавікі ў Беларусі, напалоханыя вынікамі ўкраінскага “Еўрамайдану”, узяліся за пераслед футбольных фанатаў. У моладзі, якая займалася спортам, наведвала футбольныя матчы і спрабавала быць актыўнай у грамадскім сэнсе, улада ўбачыла прамую пагрозу. За супрацьдзеянне фанацкім супольнасцям адказваў той самы ГУБАЗіК, які займеў праз 5 гадоў сумную славу перадавога атраду змагання з апазіцыяй. Але не спалі ў шапку і некаторыя раённыя ідэолагі.
На сцяжыну вайны з мясцовымі фанатамі выйшаў Віталь Атаманчук.
У красавіку 2015 года некалькі лідараў мясцовага ФК “Ведрыч” трапілі ў ІЧУ па надуманых абвінавачаннях. Хлопцаў пакаралі суткамі. Каля 20 удзельнікаў каляфутбольнага руху прайшлі праз допыты і тлумачальныя размовы, якія вяліся як міліцыянтамі, так і адміністрацыямі навучальных установаў горада. Каардынаваў гэтую кампанію Віталь Атаманчук. Ён асабіста быў пакрыўджаны на фанатаў за тое, што яны выставілі яго на пасмешышча падчас аднаго з матчаў.
19 красавіка 2015 года перад пачаткам гульні каманд Ведрыч-Слонім рэчыцкіх фанатаў не пусцілі па стадыён. На месца здарэння аператыўна прыбыў Віталь Атаманчук, які патлумачыў заўзятарам, што цяпер яны будуць плаціць грошы за наведванне гульні, хоць раней на матчы першай лігі ўваход быў бясплатны. У знак пратэсту фанаты зладзілі акцыю ля стадыёна, дзе скандавалі лозунг “Фанаты – не злачынцы”. У пабліку “Рэчыца. Без цэнзуры” так апісваюць здарэнне: “У прыватнай размове з адным з фанатаў Атаманчук на падвышаных танах стаў узгадваць збор подпісаў у падтрымку клуба, які дадаў яму працы. Калі было прапанавана ўключыць дыктафон, тон намесніка старшыні выканкама змяніўся”.
Паралельна з ціскам на фанатаў Атаманчук адзначыўся падтрымкай арганізацый “Рускага міру”. Пры яго ўдзеле ў раёне быў створаны і атрымаў рэгістрацыю страйкбольны клуб “Русіч”, кіраўніком якога з’яўляўся апалагет дактрыны “Рускага міру” Дзмітрый Марозаў. Атрымаўшы дзяржрэгістрацыю, Марозаў змог бесперашкодна весці сваю агітацыйную дзейнасць ва ўстановах адукацыі раёна.
Кіраўнік прарасейскага “патрыятычнага” клубу “Русіч” дэманструе ўсім знаёмы жэст. Фота: з сацсетак
“Да нашага берагу прыбівае то г…но, то трэскі”. Гомельскі перыяд Атаманчука
У пачатку 2016 года рэчыцкія актывісты дэмакратычных арганізацый і апазіцыянеры ўздыхнулі з палёгкай. Іх шматгадовы візаві з выканкаму быў пераведзены на падвышэнне ў Гомель. “Гомельцам тады вельмі не пашанцавала, што на іх бераг вынесла Атаманчука”, – падзяліўся ўспамінамі адзін апазіцыянер.
І сапраўды, не паспеўшы пабыць намеснікам кіраўніка Гомельскага гарвыканкама нават месяц, Атаманчук уляпаўся ў скандал. Вертыкальшчык з раёна, які прызвычаіўся да безадмоўнага падпарадкавання, не ўлічыў рэаліі абласнога цэнтра, дзе яму маглі ўказаць на ягоныя памылкі і адсутнасць кампетэнцый. Так, ён сутыкнуўся з калектывам гомельскіх акцёраў Маладзёжнага тэатра, якія адкрыта выказаліся супраць хамства Атаманчука. Сутнасць канфлікта заключалася ў тым, што новапрызначанаму ідэолагу не спадабалася назва тэатральнага праекту, які спрабавалі рэалізаваць у “Маладзёжным тэатры” акцёры. Ён убачыў нейкую крамолу ў назве “Інтымны тэатр”. Калі яму паспрабавалі патлумачыць, што пад “інтымным тэатрам” мелася на ўвазе тое, што тэатр павінен быць маленькім і блізкім да гледача, а не тое, пра што ён падумаў, то ідэолаг раззлаваўся. Прагрэсіўнага дырэктара Зою Пархамчук, якая забяспечыла аншлагі спектаклям Маладзёжкі, звольнілі за адну гадзіну. Пра тое, якая атмасфера панавала на адмысловым пасяджэнні ў выканкаме, арганізаваным па сітуацыі ў Маладзёжным тэатры, распавядала “Камсамольскай праўдзе” актрыса Алеся Бардухаева-Арол: “Праводзіўся сход з удзелам … Віталя Атаманчука. Мы спрабавалі абараніць “Інтымны тэатр”, але чыноўнік нам груба закрыў рот. А потым зусім загадаў нам “пайсці прэч”. Мы і выйшлі. Звольніліся чатыры акцёры…”
Фота: “Камсамольская праўда”
Пачатак фіяска
Будучы галоўным ідэолагам Гомеля, Віталь Атаманчук займаўся звычайнымі для гэтай пасады справамі: забараняў мітынгі апазіцыі, курыраваў пераслед актывістаў дэмакратычнага руху, дыскрэдытаваў апанентаў улады, каардынаваў працу прапагандысцкіх СМІ. Але Атаманчуку не пашанцавала. На яго долю выпалі дастаткова цяжкія выклікі, якім ён не мог знайсці хуткія адказы. Калі на раённым узроўні яму ўдавалася “застроіць” механізатараў і калгаснікаў, то ў абласным цэнтры такія падыходы яўна не працавалі. Акрамя гэтага, ён стаў ідэолагам у крытычны для аўтарытарнага рэжыма перыяд, калі ён уваходзіў у фазу турбулентнасці.
У 2017 годзе Гомель стаў адным з цэнтраў рэспубліканскага супраціву адыёзнаму прэзідэнцкаму Дэкрэту “Аб дармаедстве”. Таксама ён не змог у належнай меры супрацьстаяць святкаванню Дню Волі ў 2018 годзе. Пра тое, што над галавой Атаманчука згушчаюцца хмары, сталі сведчыць “вымовы”, якія выносіліся яму ад Аляксандра Лукашэнкі. Так, падчас аднаго з рэзанансных скандалаў у сферы школьнай адукацыі Атаманчук атрымаў строгую вымову. Гаворка ідзе пра выпадак у 2019 годзе, калі школьнікі выклалі ў інтэрнэт відэа з пагрозамі настаўніцы адной з гомельскіх школ, якая абяцала “прыбіць партай” непаслухмянага вучня. Пасля розгаласу настаўніцу спачатку звольнілі, але потым па патрабаванню Лукашэнкі аднавілі на рабоце. А шэраг чыноўнікаў, у тым ліку Атаманчук, атрымалі вымовы.
У 2020 годзе, у разгар пратэстаў, яго дэманстратыўна перавялі на пасаду ідэолага аўтобуснага парка №6 Гомеля.
Віталь Атаманчук і гераіня адной з папярэдніх публікацый “Штодня” Аксана Рудзянок на акцыі ў падтрымку Ал. Лукашэнкі ў 2020 годзе. Фота: Флагшток
Андрэй Стрыжак заклікае не шукаць у гісторыі з пераводам Атаманчука нейкіх падводных камянёў. Маўляў, ён проста трапіў пад гарачую руку незадаволенага правіцеля:
“Цікавая гісторыя з яго паніжэннем. Магчыма, гэта была кадравая чыстка сярод чыноўнікаў, якія “праспалі” пратэст 2020 года. У яго ж задачы ўваходзіла маніторыць настроі грамадзян. Ён не прадбачыў пратэст. У яго былі задачы купіраваць незадаволенасць, чым ён і займаўся раней. Але пратэст быў маштабны і не кантраляваўся. Я не думаю, што Атаманчук пераўзуўся і перайшоў на бок народа. Ён проста трапіў пад гарачую руку. Ідэолаг 6-га аўтапарку – гэта фенаменальная кар’ера…”
Ідэолаг аўтобуснага парка
З верасня 2020 года Атаманчук ціха працуе на пасадзе ідэолага аўтобуснага парка. На гэтым месцы ён нічым асаблівым не адзначыўся, калі не браць у разлік запуск “патрыятычных маршрутаў”. Напярэдадні дзяржсвятаў на лінію выходзяць аўтобусы, якія інфармуюць грамадзянаў пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтым ноў-хаў вельмі ганарыцца Атаманчук, пра што ахвотна распавядае дзяржСМІ.
Патрыятычны аўтобус Атаманчука. Фота: “Гомельскія ведамасці”
Але, калі пачытаць водгукі пасажыраў, то яны ставяць цвёрдую двойку кіраўніцтву парка за якасць паслуг. Супадзенне ці не, але, калі пачытаць водгукі, незадаволенасць працай Аўтобуснага парка №6 у гомельцаў расце з 2020 году. “Гэта зусім не дзіўна. Ён умее ціснуць на людзей, крычаць на іх, а да нармальнай працы ён не прыдатны”, – рэзюмуе адзін былы падначалены Атаманчука пра вынікі ягонай працы ў аўтобусным парку.