«У мяне 10 кроваздачаў (Беларусь+Ізраіль). Так што я магу сябе лічыць прафесійным донарам. Маю другую групу крыві з адмоўным рэзусам. Мінусавыя рэзусы – досыць рэдкія, таму такая кроў заўсёды неабходна, выкарыстоўваецца па прамым прызначэнні і ніколі не перапрацоўваецца на плазму. Па статыстыцы маім рэзусам (A(II) Rh -) валодае 4% чалавецтва», – распавёў Алег Барадзін.
Паводле ягоных звестак, донарская кроў прыдатная на працягу 35 дзён, таму доўгатэрміновы запас стварыць немагчыма. Аналага чалавечай крыві таксама яшчэ не распрацавалі, і неабходны рэгулярны збор донарскай крыві.
«Толькі здача донарскай крыві зможа выратаваць жыцці людзей, якім патрабуецца пераліванне крыві. Адна доза донарскай крыві можа выратаваць як мінімум тры жыцці», – апісаў выхадзец з Гомеля.
Як у Ізраілі
Барадзін адзначыў, што першую порцыю крыві ў Ізраілі ён здаў у пачатку вайны з ХАМАСам, пасля 7 лістапада 2023 года, калі служба крыві Маген Давід Адам (МАДА) звярнулася да грамадзян з просьбай здаць кроў параненым салдатам Арміі абароны Ізраіля і пацярпелым грамадзянскім з прыфрантавых раёнаў.
«Каля пунктаў здачы крыві тады былі шматметровыя чэргі, даводзілася чакаць больш за тры гадзіны сваёй здачы. З таго часу маі здачы крыві сталі рэгулярнымі», – адзначыў ён.
У Ізраілі ёсць, паводле ягоных словаў, мабільныя аплікацыі станцыі крыві па рэгіёнам, па якіх можна даведацца пра падрабязнасці, нюансы, дзе якія станцыі прымаюць кроў. Па ім і па SMS людзі атрымліваюць запрашэнне на планавую здачу крыві ці ў крытычнай сітуацыі.
«На жаль у Беларусі няма культуры донарства, яе не развіваюць. У Ізраіля іншая сітуацыя – ён знаходзіцца ў сутнасці паўваенным становішчы, акружаны патэнцыйнымі ворагамі. У гэтым плане тут грамадства вельмі кансалідавана, згуртаванае і патрыятычнае, моцна развіта пачуццё адказнасці і ўзаемадапамогі», – апісаў ён сітуацыю.
Паводле ягоных звестках, у іх школах праводзяць сістэматычныя мерапрыемствы па донарстве, старэйшым класам, дазволена з дазволу бацькоў здаваць кроў. «Ды што там кроў, калі школьнікі ўжо наведваюць ваенныя заводы ды авіяцыйныя базы, дзе размаўляюць з камандным складам, такім чынам рыхтуюцца да арміі і ваенных спецыяльнасцей», – дадае выхадзец з Гомеля.
Крыві, паводле яго, хапае. «У Ізраілі не ідзе поўнамаштабнае ўварванне як ва Украіне, дзе ўцягнутыя вялізныя тэрыторыі, задзейнічаныя вялікія чалавечыя рэсурсы для адпору ордам рускіх акупантаў, і ў зоне паражэння аказалася значная колькасць грамадзянскага насельніцтва. У Ізраілі лакальны канфлікт і ёсць запатрабаванне толькі ў абмежаваных групах крыві/рэзусах у залежнасці ад таго якія былі страты падчас правядзення той ці іншай ваеннай аперацыі», – апісаў сітуацыю Алег.
Ці небяспечна здаваць кроў?
Паводле Барадзіна, гэта бяспечна. Ён аргументуе гэта такім чынам:
«Рызыка атрымання небяспечнага захворвання пры здачы крыві нулявая. Пры пераліванні донарскай крыві так, ёсць мінімальная верагоднасць атрымаць вірусны гепатыт і ВІЧ, бо гэтыя хваробы вельмі складана выявіць у крыві заражанага донара ў інкубацыйным перыядзе.
Апошнія 15 гадоў усе дозы крыві праходзяць праз жорсткі кантроль і скрынінг з выкарыстаннем інавацыйнага малекулярнага метаду (NAT), які значна павялічвае ўзровень бяспекі пры выкарыстанні донарскай крыві. Так што як здача так і пераліванне донарскай крыві бяспечныя».
Паводле ягоных словаў, усе дозы крыві трапляюць на каранцін – пакуль не правераць кроў на прыдатнасць, яе выкарыстоўваць нельга.
Правілы здачы крыві простыя:
– за суткі да здачы неабходна ўстрымацца ад алкаголю, тлустай ежы і лекаў (антыбіётыкаў).
– забаронена здаваць донарскую кроў людзям, якія маюць цукровы дыябет, лейкемію, лімфому, якія перанеслі гепатыт В і С, СНІД і яшчэ шэраг вірусных захворванняў.
– «У Ізраілі спачатку вы анлайн запаўняеце анкету са сваёй верыфікацыяй і адказваеце на ўсе пытанні па наяўнасці хвароб. Там некалькі лістоў, адказы падрабязныя. Указваеце ў пункце здачы крыві свой код запрашэння смс ад станцыі крыві, сваё пацвярджэнне асобы і праходзьце на здачу крыві. Увесь інструмент аднаразовы, урачы акуратныя, вельмі дасведчаныя, хоць і маладыя», – распавёў Алег Барадзін «Штодню».
Ці карысна донарства?
Алег Барадзін лічыць, што так.
«Для здаровага чалавека донарства крыві карысна. Для нашага арганізма гэта своеасаблівае ўзварушванне арганізма праз рэзкую страту крыві, – апісаў ён. – Страта крыві прымушае ўсе сістэмы арганізма функцыянаваць у экстрэмальных умовах, накіраваных на кампенсацыю страты крыві».
Паводле яго ўражанняў, пасля здачы крыві паляпшаецца настрой і з’яўляецца нейкая бадзёрасць: «А ўсё таму што пры страце крыві, а па факце стрэсе, наш мозг вылучае эндарфіны (гармоны шчасця і адважнага настрою)».
9 адрозненняў Беларусі і Ізраіля
- У Ізраілі сутачная неабходнасць спажывання донарскай крыві для выратавання жыццяў хворых і параненых складае каля 1 000 порцый у дзень (у ваенны час падымаецца на 20% для рэзерву). У Беларусі не менш за 1050 порцый (380.000 порцый у год).
- У Беларусі ў Барадзіна былі пазаштатныя здачы крыві, калі ён здаваў кроў выключна па просьбе супрацоўнікаў станцыі пераліванні крыві, каб папоўніць адсутныя запасы рэдкага рэзусу.
- У Беларусі кроў дазволена здаваць раз на два месяцы, у Ізраілі раз у тры.
- Як у Беларусі, так і ў Ізраілі донарам крыві можа быць любы фізічна здаровы чалавек, ад 18 да 65 гадоў, які адпавядае крытэрам, устаноўленымі нацыянальнымі Міністэрствамі аховы здароўя, на аснове правіл, рэкамендацый і інструкцый камітэтаў трансфузійнай тэрапіі, а таксама кіраўніцтвах FDA і еўрапейскіх кантрольных органаў.
- У Беларусі кроў здаюць выключна ў стацыянарных пунктах. У Ізраілі, па міма стацыянарных памяшканняў клінік і бальніц, часта выкарыстоўваюць перасоўныя станцыі крыві службы МАДА.
- Афіцыйна пасля атрымання статусу ганаровага донара ў Беларусі ён мае пакет ільгот: платныя здачы крыві, падвышаная пенсія на 40%, ільготы на праезд у грамадскім транспарце, медыцынскае абслугоўванне па-за чаргой і гэтак далей. Але нават самі донары пісалі, што з гэтага апісанага ў дакументах, даступныя толькі пару пунктаў.
У Ізраілі донарства гэта чысты альтруізм – донар не мае ніякіх ільгот. Алег Барадзін лічыць, што гэта правільна, бо «для падвышэння ўзроўню бяспекі і якасці донарскай крыві вельмі важна, каб збор крыві праводзіўся добраахвотна і без якіх-небудзь грашовых узнагарод». Ён крытычна ацэньвае сітуацыю ў Беларусі праз гэтую акалічнасць, і кажа «пра высокі адсотак неякаснай крыві», «бо гэта адносна лёгкі спосаб зарабіць хуткія грошы за кароткі час і атрымліваць іх сістэматычна» для розных катэгорыяў насельніцтва і ў тым ліку хворых.
«Толькі з 2016 года, на колькі я памятаю, на пунктах крыві ў Беларусі пачалі праводзіць агітацыю за бязвыплатную здачу крыві», – дадаў Барадзін.
Максімум, што мае донар у Ізраілі – гэта сертыфікат донара крыві і гематалагічную страхоўку службы крыві МАДА, якая гарантуе забеспячэнне запатрабаванняў донараў, чальцоў іх сем’яў і іх найбліжэйшых сваякоў (бацькі, браты і сёстры) у донарскай крыві на працягу аднаго года.
«У маім выпадку як патэнцыйнаму пацыенту з рэдкім рэзусам крыві гэта ідэальны варыянт, бо страхоўка гарантуе мне і маёй сям’і экстранае пераліванне крыві са стратэгічных запасаў МАДА дозы замарожанай крыві рэдкіх падгруп», – адзначыў донар.
- «Да нюансаў можна аднесці тое, што ў Беларусі на стацыянарах заўсёды донару даюць гарбату, печыва, рэдка сок ці шакаладны батончык. Я здаваў у Ізраілі ў мабільных пунктах – гэта як правіла ці аўтобус ці грузавы аўтамабіль, пераабсталяваны пад станцыю крыві. Таму, нягледзячы на тое, што ў правілах здачы крыві ў Ізраілі таксама пазначаны сокі і салодкае, мне прапаноўвалі толькі ваду», — сказаў «Штодню» Алег.
- «У мяне пасля здачы крыві ў Ізраілі ні разу не было сінякоў на вене. Я на наступны дзень з цяжкасцю знаходзіў месца ўколу. У Беларусі ж некалькі разоў калолі так, нібы рэзалі кабана. Аднойчы нават рука балела», – кажа гомелец.
- Нормы крыві, паводле яго, – аднолькавыя: 500 грам за адзін раз. Ёсць невялікая розніца ў аб’ёме крыві, якая выкарыстоўваецца для аналізаў – 50-75 грам (425-450 грам чыстага забора крыві).
«Донарства крыві вельмі важна. Я быў бы рады, калі кожны з нас зробіць свой унёсак у справу выратавання жыццяў і далучыцца да нацыянальных праектаў «Донараў крыві» ў сваіх краінах». — Перакананы выхадзец з Гомеля Алег Барадзін.
Штодзень
Фота: з асабістага архіву Алега Барадзіна