Як беларускія сяляне з гомельскай Касцюкоўкі спалілі рэўкам у 1930-х. Супраціў калектывізацыі і ўсталяванню савецкай улады на Гомельшчыне

Упершыню на беларускай мове публікуюцца фрагменты ўспамінаў арыстакратычнага роду Нолькенаў, продкі якіх хадзілі ў крыжовыя паходы

by ZB

У сярэдзіне 1960-х гадоў у Гомель інкогніта прыбывае непрыкметная турыстка з Польскай Народнай Рэспублікі. У адрозненне ад большасці тагачасных наведнікаў БССР, якіх цікавілі збольшага поспехі маладой сацыялістычнай рэспублікі па аднаўленні сталіцы, гэты чалавек мэтаскіравана наведаў Касцюкоўку пад Гомелем. Замежніца сустрэлася з мясцовымі жыхарамі, паблукала ў ваколіцах былой сядзібы баронаў Нолькенаў – сапраўдных уладальнікаў Касцюкоўкі. Гэтай дамай з Польшчы была кузынка Ядвігі Ханецкай-Нолькен (жонкі апошняга законнага ўласніка маёнтка Эдварда Нолькена), якая падрабязна распавяла нашчадкам уплывовай некалі сям’і пра тое, што зрабілі камуністы з іх родным гняздом. Турыстку звалі Геленай, яна вярнулася з Беларусі ў падаўленым стане, паколькі ад шыкоўнай сядзібы, у якой некалі спыняліся важныя людзі мінулага, уключна з князямі Паскевічамі і прэзідэнтам незалежнай Украіны гетманам Скарападскім, не засталося практычна нічога.

На вокладцы кнігі “Пазбаўленыя спадчыны” – аўтарка Данута Кораль. У мемуарах утрымліваюцца факты пра выхадцаў з арыстакратычных колаў Гомеля, якія гуртаваліся пасля вымушаных уцёкаў у 1919-м.

Касцюкоўская старажылка распавяла пані Гелене, што будынак сядзібы Нолькенаў спалілі мясцовыя сяляне. Але не праз класавую нянавісць да “паноў”, як можна было б падумаць, а таму што ў 1930-х у былым маёнтку размясціўся штаб па калектывізацыі, рэвалюцыйны камітэт і камісія, якая адбірала зямлю ў беларускіх сялян і стварала прымусовым чынам калгасы.

Гелена падзялілася са сваякамі навінамі пра іх радзіму, некалі квітнеючую Касцюкоўку:

“Не было ані парку, ані саду. Не было таксама садоў пры сялянскіх халупах, якія пахіляліся ўсё больш. Затое была нейкая фабрыка і кашмарны рабочы пасёлак. Як вокам сягнуць, цягнуліся сумныя краявіды з зарослымі кустамі палёў льну і жыта. Ніхто не выпякаў бліскучых карычневай скібай боханаў хлеба на лісцях хрэну. Вазілі хлеб часам з горада. Беларусь дзяцінства, якая пахла яблыкамі і свежай узаранай зямлёй, адышла ў нябыт. Не прыйшла таксама і будучыня, прагрэс, якія неслі дабрабыт. Нарадзілася Беларусь, ап’янелая ад самагону, запалоханая і ўбогая, дзе крадзеж з чужога поля не быў ужо злачынствам, але спосабам выжыць…”

“Каб Эдвард гэта ўбачыў, ён бы памёр у другі раз”, — падсумавала вынікі сваёй паездкі з сумам Гелена.

Нолькены ў 1912 годзе. Імаверна, ваколіцы Касцюкоўкі

Апошні гаспадар Касцюкоўскага маёнтку Эдвард Нолькен насамрэч, на шчасце, не пачуў апісанняў таго, што здарылася з ягоным домам. Ён памёр падчас нацыстоўскай акупацыі ў Польшчы, куды ягоная сям’я перабралася яшчэ ў 1919-м годзе, уцякаючы ад бальшавіцкіх пагромаў.

Род Нолькенаў – нашчадкі крыжакоў, якія паходзілі з далёкай Турынгіі, бароны з ласкі шведскай каралевы Крыстыны, аселі ў старадаўнія часы на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, дзе парадніліся з іншымі мясцовымі шляхецкімі родамі.

У кнізе дачкі Эдварда Дануты Кораль (Нолькен у дзявоцтве) “Пазбаўленыя спадчыны” прыводзіцца апісанне родавага маёнтка Нолькенаў у Касцюкоўцы:

“Стары дом з арыгінальным купальным дахам, які ўвенчваў цэнтральную частку першага паверху і ганак, абапёрты на чатырох калонах, размясціўся на лагодным узгор’і пасярод вялікага парку. Над ганкам віднеўся герб: тры скрыжаваныя пальмавыя лісці на шчыце і вакол шлему, які знаходзіўся над ёй. Гэты герб увекавечыў чыны продка, кампаньёна Hermana von Salza, у крыжовым паходзе з роднай Турынгіі да Святой Зямлі”.

Родавае гняздо сям’і Нолькен у Касцюкоўцы

Як піша ў сваёй кнізе ўспамінаў Данута Кораль, яе бацька вельмі любіў вёску і гаспадаранне. Таму менавіта ён, хоць і не быў старэйшым сынам, атрымаў у спадчыну галоўны маёнтак у Касцюкоўцы.

Падвячорак у Касцюкоўцы. Ад левага боку – Ядвіга Ханецкая-Нолькен і апошні ўласнік сядзібы пан Эдвард. 1907 год.

Эдвард намагаўся ўводзіць найноўшыя спосабы вядзення сельскай гаспадаркі на касцюкоўскіх палетках. У прыватнасці, навучыў сялянаў карыстацца жнівяркамі-вязалкамі фірмы McCormicka з ЗША. “Машына прыйшла ў частках з дакладнай інструкцыяй мантажу. Разам з кузынам і прыяцелем, Місем Солтанам з Беліцы, складалі яе з цяжкасцю і доўга. Эдвард любіў машыны, а Міхал быў выпускніком кіеўскай палітэхнікі…”, — прыводзіць успаміны дачка Эдварда.

У кнізе таксама згадваецца тое, як рэагавалі на тэхнічнае ноў-хаў беларускія вяскоўцы:

“Калі машына ўрэшце была сабраная і выведзеная ў поле, сяляне збегліся натоўпам і аглядалі са здзіўленнем нейкі дзіўны механізм, які цягнуўся пяцёркай коней… Калі машына пачала выкідаць гатовыя снапы, гледачоў ахапіў энтузіязм”.

Пазней, дзякуючы пану Эдварду, на поле выехалі касілкі, таксама ад McCormicka і Deeringa, а ўрэшце малацілка паравая з лакамабілем з высокай трубой.

Бабуля Дануты Кораль у Касцюкоўцы, у сваім пакоі. 1914 год.

Першую сусветную вайну і рэвалюцыю паны Нолькены сустрэлі ва ўласнай сядзібе, якая стала для іх прыстанішчам.

“Навокал шалела вайна, гінулі людзі, Беларусь жа заставалася выспай спакою і нармальнага жыцця. Часам наведваў Касцюкоўку хтосьці важны – напрыклад, атаман Скарападскі”, – пісала ва ўспамінах Данута Кораль.

Паводле аўтаркі кнігі, гаспадары маёнтка думалі, што ўсе рэвалюцыйныя віхуры часовыя, што хутка жыццё наладзіцца: “Нават калі пасля Керанскага прыйшла кастрычніцкая рэвалюцыя, не верылася, што гэта ўсё пратрывае больш за некалькі месяцаў. Амаль ніхто своечасова не забраў грошы, ані ўпрыгожанні са сховішчаў банка”.

Дарэчы, па прачытанні сямейнай сагі Нолькенаў становіцца зразумела, як насамрэч беларусы ставіліся да расейскай чырвонай улады і чаму бальшавіцкія прыхадні не мелі ніякай падтрымкі.

“На вёсцы пачалі з’яўляцца агітатары. Склікалі веча і падбухторвалі сялян супраць паноў. Але беларускі сялянін быў лагодны з натуры і чужых не любіў. Гаспадары маёнткаў раслі і паміралі з пакалення на пакаленне на іх вачах і былі інтэгральнай часткай іх сусвету, тым больш, што збольшага суіснаванне было пабудавана на згодзе і без вялікіх канфліктаў. Эдвард, як заўжды, цікавіўся ўсім, што рабілася наўкол, хадзіў на сходы бальшавікоў і слухаў, як агітатар выкрыкваў з экспрэсіяй:

—   Я для вас, для вашего счастья і благополучія страдал в царской поліціі! Меня почті убілі!

І голас з натоўпу:

— Шкада, што не забілі!

Альбо на іншым сходзе.

— Не шанавалі вас паны. Пагарджалі вамі! Сам чуў, як тутэйшы пан звяртаўся да старога сяляніна “на ты”.

І голас з натоўпу:

— А ты чуў, як мы, старэйшыя, да яго звяртаемся?

Бальшавік сумеўся.

— Не.

—  Шкада. Мы яму гаворым “ты, Эдзя!” Бо мы яго ведаем ад дзяцінства, а яго бацька ведаў нас ад дзяцінства і ніводнай крыўды не было. Разумееш!”

Альбо яшчэ адна павучальная гісторыя, якая паказвае тое, што бальшавікі ў першыя месяцы свайго кіравання не адчувалі ўсенароднай падтрымкі, насуперак усёй пазнейшай савецкай міфалогіі.

“У вёсцы Касцюкоўка таксама паўстаў рэвалюцыйны камітэт, які павінен быў пераняць маёнтак з цэлым інвентаром і рухомасцямі. З гэтай мэтай у нейкі дзень прыйшлі дэлегаты і расселіся ў сталовай. Прыхадні курылі махорку, не падымалі вачэй на Эдварда і Ядвігу, якія ўселіся разам з імі. У нейкі час адзін з прысутных на сустрэчы сялян выказаўся:

— Перастаньце паліць! Пані не прывыкла да махоркі.

Курыльшчыкі пагасілі свае цыгаркі, а слуга прынёс срэбра сталовае і расклаў яго перад імі. Пачалі пералічваць і ўносіць рэчы ў пратакол. Калі ўсё было палічана, хтосьці спытаў:

—  А чым яны будуць есці?

— І праўда, – адказаў правадыр групы, які дагэтуль не адчуваў сябе ўпэўнена ў сваёй новай ролі. – Пакінуць для кожнага па відэльцу, лыжцы і нажу.

— А як да іх раптам госці прыйдуць?

У канцы было прынята саламонавае рашэнне: пакінуць усё, але Эдвард мусіў падпісаць, што ўсё належыць рэвалюцыйнаму камітэту.”

У гэта цяжка паверыць, як падсумоўвае Данута Кораль пострэвалюцыйныя падзеі на Гомельшчыне, да моманту прыхода кайзераўскіх войскаў у 1918-м ніхто не ўламаўся ані ў дом, ані ўва двор. “Сёння гэта гучыць усё як байка, але ёсць найчысцейшай праўдай”, — дзеліцца развагамі аўтарка. Дадзеныя сведчанні сям’і Нолькенаў толькі пацвярджаюць іх высновы адносна бесканфліктнага існавання беларускіх сялян і арыстакратыі. Больш за тое, відавочна, нашчадкі камуністычных улад у цяперашняй Беларусі не адкрываюць архівы спецслужб якраз па той прычыне, што грамадства дазнаецца пра штучны і гвалтоўны характар усталявання бальшавіцкага рэжыму, які не прымала большасць насельніцтва.

У лютым 1919 года сям’я Нолькенаў і іншыя гомельскія арыстакраты былі вымушаныя пакінуць радзіму праз пагрозу бальшавіцкіх рэпрэсій. Ім удалося дамовіцца з армейскім камандаваннем немцаў, якое пагадзілася ў выніку доўгіх перамоваў прычапіць да вайсковых эшалонаў некалькі дадатковых таварных вагонаў для эвакуацыі праціўнікаў бальшавікоў. Людзі выязджалі ў наваствораную Польшчу, якая яшчэ змагалася за сваё існаванне і рыхтавалася да супрацьстаяння з камуністычнай Расеяй. У новых палітэмігрантаў у Польшчы часта не было аніякай маёмасці, ані працы. Прадстаўнікі арыстакратычных родаў, якія стагоддзямі з’яўляліся элітай краю, з’язджалі назаўжды ў невядомае.

— Як мяркуеш, Эдзю, пасеяў я сто дзесяцін (гектараў) пшаніцы. Зможам вярнуцца на жніва? – спытаў перад ад’ездам Олек Лісоўскі ў Эдварда Нолькена.

— Пане Аляксандр, куды там! Мы сюды ніколі не вернемся! – адказала замест мужа пані Ядвіга Нолькен-Ханецкая, якая мела рэнамэ адной з нешматлікіх рэалістак у кампаніі невыпраўляльных аптымістаў.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png