Як адзначаюць Дзень кнігі ў польскім Беластоку

by ZB

Ці можна сумясціць свята кнігі, аўтарскага права і сняданкаў, каб гэта было цікава ўсім – ад бабуль да дзетак, ад рэпераў да прадстаўнікоў мэрыі? У Беластоку атрымалася. Ці мог бы адказаць чымсьці падобным Гомель?

 

Другая палова вясны багатая на святы. 23 красавіка адзначаецца сусветны дзень кнігі і аўтарскага права, 24 красавіка – еўрапейскі дзень сняданкаў. Беластоцкая сетка бібліятэк Książnica Podlaska вырашыла адсвяткаваць усё адначасова, запрасіўшы чытачоў, пісьменнікаў і артыстаў на літаратурны сняданак.

 

 

Гасцям было прапанавана прачытаць невялічкі кавалачак з любой кнігі (з выданняў, падрыхтаваных бібліятэкарамі, ці з прынесеных з дома). Пры гэтым можна было паснедаць альбо проста выпіць кавы і гарбаты (уваход на фуршэт быў вольны).

 

 

Напачатку прагучаў урывак з кнігі Густава Херлінг-Грудзіньскага «Іншы свет», прысвечанай успамінам вязня лагера пад Архангельскам у 1940-1942 гадоў.

 

 

А далей – чаго толькі не было. Мастацкая проза, паэзія, мемуары, публіцыстыка і нават невялічкая лекцыя па вытворчасці бетону ад студэнткі архітэктурнага факультэта.

 

 

Мерапрыемства прыцягнула ўдзельнікаў рознага ўзросту. Пасля таго, як адзін з чытачоў заахвоціў дарослых часцей чытаць дзеткам, на сцэну пачалі выходзіць школьнікі. Не адставалі ад іх і асобы залатога веку.

Часам і кнігі не былі патрэбныя

 

 

Трэба адзначыць, што мерапрыемствы ў бібліятэках асабліва цікавыя для пенсіянераў, якія, з аднаго боку, нават у век смартфонаў не страцілі цікавасці да кніг, з іншага боку, маюць час і прагу да актыўнасці.

Зацікаўленыя гледачы

 

Да свята кнігі ахвотна далучыліся прадстаўнікі творчых прафесій – акторы тэатраў, рэжысёры, музыкі. Рэп на тэму верша Чэслава Мілаша? Чаму не!?

 

 

Дарэчы, уся дзея суправаджалася вытанчанай жывой музыкай.

 

 

Мерапрыемства атрымалася насычаным і цікавым. Калі атрымалася ў Беластоку, то мо і ў Гомелі можна было б стварыць нешта падобнае? Тэарэтычна, так. Усе складнікі для гэтага ёсць: бібліятэчная сетка Гомельшчыны мае вялікі досвед у арганізацыі розных імпрэз, хапае ў горадзе і аўтараў-літаратараў, і чытачоў. Як і музыкаў. Мо ў наступным годзе пабачымся на літаратурным сняданку з нагоды Дня кнігі ў Гомелі?

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png