Як адчуваюць сябе ўкраінцы ў Беларусі пасля пачатку вайны

by ZB

З пачаткам поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны дзяржаўныя СМІ ў Беларусі фактычна пераўтварыліся ў прыдатак расейскай прапагандысцкай машыны. У шматлікіх паведамленнях пра Украіну як дзяржаву і  яе народ гаворыцца ў зневажальных катэгорыях. Як на гэтым фоне сябе адчуваюць этнічныя ўкраінцы, якія з’яўляюцца па колькасці трэцяй нацыянальнай групай у Гомелі? “Штодзень” паразмаўляў з гомельскім украінцам пра тое, ці змянілася стаўленне да ўкраінцаў з пачатаку вайны? І што будзе, калі абазначыць машыну жоўта-блакітнай стужкай.

Ці змянілася стаўленне да ўкраінцаў у Гомелі на побытавым узроўні з пачаткам вайны?

У мяне вельмі вузкі круг зносін цяпер, паколькі ўсе сябры з’ехалі за тры апошнія гады. Таму размовы толькі са сваякамі ці на працы з калегамі. На працы — адсоткаў 30 этнічныя ўкраінцы, з імі можна па душах пагаварыць. Астатнія — ці ў “тэлевізары”, ці не гавораць на тэму вайны нічога, робяць выгляд, што іх гэта не датычыць. Так што ў гэтым грамадстве я ніякіх змен у стаўленні не заўважыў.

У вачах улады ўкраінцы павінны ўяўляць сабой дэкаратыўную супольнасць, прадстаўнікі якой ходзяць у шараварах і танцуюць гапак, але не з’яўляюцца самастойнай групай насельніцтва. Фота: Гродна +

Наколькі заўважная антыўкраінская кампанія ў дзяржаўных СМІ?

Антыўкраінскай кампаніі асабіста я не бачу, бо з 2014-га года ў нас няма тэлевізара. Газет я не чытаю. У месэнджарах на праўладныя каналы не падпісаны. Зразумела, я ў курсе, што адбываецца. Час ад часу знаёмыя дасылаюць лінкі на антыўкраінскі трэш з прапагандысцкіх СМІ. 

Жоўта-блакітныя стужкі са сваёй машыны я яшчэ ў 2020-м годзе прыбраў

Ці сутыкаліся знаёмыя ўкраінцы з пераследам на нацыянальнай глебе?

Пра пераслед этнічных украінцаў чытаў толькі ў навінах. Кагосьці цягалі ў КДБ, але гэта, хутчэй за ўсё, на дзяржпрадпрыемствах, дзе ў кіраўніцтва ёсць звесткі, ёсць ідэолаг, якому трэба даць справаздачу. У астатнім усё, здаецца, па-ранейшаму…

Што будзе, калі абазначыць машыну жоўта-блакітнай стужкай?

Жоўта-блакітныя стужкі са сваёй машыны я яшчэ ў 2020-м годзе прыбраў, ужо тады можна было на адміністратыўку патрапіць. Калі б не было сям’і, я б даўно быў ва Ўкраіне. Тут мяне, акрамя родных, нічога не трымае. Думкі ёсць, вядома, вось такія: “Калі наша возьме, я вельмі спадзяюся, што не саскочыць ні адна брыдота — усіх праз суд на тэрмін, штраф або “шэры пашпарт”, які абавязкова трэба для такога кантынгенту будзе ўвесці.

Яшчэ нядаўна адносіны афіцыйных уладаў да ўкраінцаў былі іншымі. На фота -- візіт прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў Гомель у 2018 годзе. Кіраўнік суседняй дзяржавы сустрэўся з прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары каля помніка Тарасу Шаўчэнку

Ці мелі месца праявы ўкраінафобіі ў савецкія часы?

Не. Гэта не ў абарону “саўка” кажу, але ў маім пакаленні размыта было паняцце нацыянальнай ідэнтычнасці. Я вельмі шмат часу праводзіў у ўкраінскай бабулі. Праз гэта больш адчуваў сябе ўкраінцам, а потым ужо савецкім чалавекам. Ва Украіне раённая прэса была на ўкраінскай мове, чытаў я з 4-5 гадоў, у тым ліку і газеты, перакладчык не патрэбен быў. Запомнілася, што калі глядзелі спорт па тэлевізары, заўсёды заўзеў за УССР, калі гэта былі ўнутраныя спартакіяды і чэмпіянаты. Мяжы ж не было тады, таму розніца паміж Беларуссю і Украінай для мяне толькі ў шыльдах была. За 50 гадоў, што я тут жыў, толькі “хахлы” на слыху, але без жадання пакрыўдзіць, у адным шэрагу з “бульбашамі” і “маскалямі”. У Гомель вельмі шмат народа прыехала ў 1970-80-х з суседніх раёнаў Чарнігаўскай вобласці. Многія ўкраінцы працавалі на чыгунцы. Ды і на Сельмашы нашых нямала было і ёсць — там кватэру за паўгода-год атрымлівалі, у Чарнігаве такога і блізка не было, як і прамысловасці такой, вось і ехалі туды, дзе лепш.

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png