Выбухі ад збітых расейскіх беспілотнікаў над гомельскім небам выклікалі вялікі рэзананс у СМІ. Але больш за ўсё падзея ўразіла мясцовае насельніцтва, якое, хоць і прызвычаілася з 2022 года жыць з усведамленнем небяспекі, але ўсё адно не бачыла вайну так блізка. Паводле паведамленняў СМІ, у ноч з 4-га на 5-га верасня ў паветраную прастору Беларусі патрапілі да 8 расейскіх дронаў-камікадзэ. 2 з іх былі збітыя непасрэдна на Гомельшчыне, абломкі аднаго са збітых беларускай авіяцыяй лятальных апаратаў упалі на занядбаны склад у гомельскай Навабеліцы, у выніку чаго адбылася ўзгаранне. Як рэагавалі на начныя выбухі гомельцы? Чытачы “Штодня” дзеляцца сваімі назіраннямі.
“Цэлы дзень (5 верасня) людзі ў Гомелі абмяркоўвалі наступствы начной акцыі па збіцці БПЛА. Гавораць, што гукі выбухаў было добра чуваць у ваколіцах “Крышталя” на Навабеліцы. Па цэнтры раёна так бабахнула, што ажно сям-там шкло вылятала, дзверы трэсліся. На раёне “Фестывальны” людзі чулі таксама, што нешта здарылася. У пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў у Гомелі таксама чуваць было, як перамяшчаюцца вялікія транспартныя самалёты, знішчальнікі. Калі цяжкія ваенныя летакі праносіліся ў небе, стаяў гул такі страшны. Таму многія мясцовыя навучыліся па гуку адрозніваць вайсковыя самалёты. Карацей, тут “весела”, але “шахеды” яшчэ не ляталі…”
“Цікава, што беларускія ваенныя ў афіцыйных каментарах нічога канкрэтнага не гаварылі. Маўляў, пэўна, што гэта былі БПЛА і ўсё. А вось прапагандысты з БТ, паказваючы навіны, сказалі ў такім рэчышчы: “Раней з боку Украіны дроны таксама заляталі. Гэта не першы выпадак, бла-бла-бла.” Карацей, Украіна ў іх дакладна вінаватая. Гэта спецыяльна робіцца, каб нашыя людзі злыя былі на Украіну. Але ж у Гомелі дзіўны настрой: нават вата закаранелая не каментуе, хто гэта зрабіў. Яны ходзяць і распавядаюць, як бабахнула, як страшна ім было. Пакуль няма высноваў, што гэта адныя ці іншыя. А нармалёвыя людзі па зразумелай прычыне маўчаць. І такіх вельмі шмат…”
“На дзяржаўных прадпрыемствах ідэолагі прамываюць працоўным мазгі, што не трэба давяраць неафіцыйным крыніцам. А слухаць толькі заявы Мінабароны. У чатах заводаў распаўсюджваюць паведамленні супраць распаўсюду чутак пра здарэнне… Але тэма ўсё адно актыўна прагаворваецца. Я і ў грамадскім транспарце чуў, і ў крамах. Я спецыяльна не падслухоўваў, але паўсюль выбухі абмяркоўваюць. Пакуль адмашку не далі ўсім аматарам РФ крычаць, што Украіна БПЛА адпраўляе, то ніхто гэта і не гаворыць. Прыхільнікі рэжыму спалохаліся не таму, што каментаваць асабліва нельга, але яны “абасраліся”, што да іх прыляцела. Вайна ж “далёка”, а тут, аказваецца, побач. Добра, што не трапіла ў жылы будынак, а на склад мэблевай фабрыкі, якая даўно не існуе. Няма там больш фабрыкі, дык яшчэ і дроны падаюць. А каб, не дай Божа, у жылы будынак трапіла?! Карацей, вайна сапраўдная страшная, калі яе бачыш на свае вочы, а не на экране ТВ.”