4 гады таму не стала гомельскага пісьменніка і даследчыка сталінскіх рэпрэсій Уладзіслава Ахроменкі. У апошнія гады жыцця літаратар працаваў у архівах карных савецкіх органаў НКВД і КГБ у Чарнігаве і Кіеве. Гэтыя архівы спецслужб ва Украіне, у адрозненне ад Беларусі і Расеі, адкрытыя для грамадзянаў і даследчыкаў.
Вынікам цяжкай у эмацыйным сэнсе працы стаў цыкл радыёперадач “На ўліку КДБ”, якія выходзілі ў эфіры на “Радыё Рацыя”. Праграмы Уладзіслава Ахроменкі былі спробай распавесці пра злачынствы сталінізму масавай аўдыторыі.
“Фізічна, маральна гэта абсалютна страшна вымотвала. Калі я ўпершыню патрапіў у архіў былога КДБ, мне вынеслі справу 1937 года “Польскай арганізацыі Вайсковай”, фігурантам якой быў беларускі вайсковец па прозвішчы Коршыц. На яго напісалі данос у Харкаве, што ён нібыта паляк. Ён сам з Заходняй Беларусі. Яго страшна катавалі. Потым з яго ўзялі распіску аб неразгалошванні метадаў НКВД… У 1940 годзе яго выпусцілі. Вось я добра памятаю свае адчуванні на той момант. Я выйшаў з таго СБУ. У мяне было ўражанне такое, прабачце, што сядзеў у трупярні з нейкімі муміямі чэкісцкімі. Чытаў з імі даносы. Выносяць мне такую справу таўшчынёй, можа, 5-10 см. Гадзінаў 6 я яе вывучаў… Настолькі быў жах проста маральны, што я пасля таго СБУ зайшоў адразу ў краму, набыў чакушку каньяка і выпіў на месцы. Інакш я проста бы памёр ад усіх гэтых шлюзаў, якія адкрыліся. Маральна гэта вельмі цяжкая праца… ”, — у адным з інтэрв’ю Уладзіслаў распавядае пра тое, наколькі балюча было прапускаць праз сваю псіхіку гісторыі закатаваных савецкім рэжымам людзей.
Уладзіслаў памёр пасля цяжкага інфаркту падчас працоўнай камандзіроўкі 9 лістапада 2018 года. Удзячныя гомельцы яго памятаюць дагэтуль.
Уладзіслаў Ахроменка нарадзіўся 29 студзеня 1965 года ў Гомелі. Як пісьменнік працаваў ў вострасюжэтных, запатрабаваных жанрах — дэтэктыў, трылер, альтэрнатыўная гісторыя. Разам з Максімам Клімковічам быў адным з пачынальнікаў у Беларусі жанру кінарамана.
Дэбютаваў апавяданнем (1988 год) у часопісе “Бярозка”. Аўтар кніг прозы “Здані і пачвары Беларусі” (1994, у суаўтарстве з М. Клімковічам; пад псеўданімамі Францішак Хлус і Марцін Юр), “Янкі, альбо Астатні наезд на Літве” (кінараман, 2007, сааўт. з М. Клімковічам), “Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша” (2009, сааўт. з М. Клімковічам), “Тэорыя змовы” (2011), “Музы і свінні” (2014), п’есы “Русалка Камсамольскага возера” (2010, суаўт. з М. Клімковічам). Пад псеўданімамі выдаў каля дзвюх соцень камерцыйных раманаў на расейскай мове, некаторыя з іх экранізаваны.