У аграгарадку Грабаўка Гомельскага раёна адбыўся фестываль «Імяніны ў Кацярыны», прысвечаны дню нараджэння расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. У імпрэзе ўдзельнічалі школьнікі, педагогі, творчыя калектывы і мясцовыя жыхары, якія апрануліся ў імітацыю касцюмаў той эпохі і рэканструявалі “вялікасвецкае” святкаванне.
Старшыня абласной асацыяцыі мясцовых саветаў дэпутатаў Вікторыя Ладуцька адзначыла, што праект быў падтрыманы фінансава самімі жыхарамі і мясцовымі ўладамі. То бок беларусаў мэтанакіравана русіфікуюць за іх жа ўласныя грошы.
На першы погляд – бяскрыўдная культурная падзея. Але насамрэч гэта чарговы прыклад таго, як у Беларусі прасоўваецца чужая, расійская гістарычная спадчына.
Пра тое, што развіваць турыстычны патэнцыял Гомельшчыны праз пашырэнне стэрэатыпаў, міфаў і недарэчнасцяў не з’яўляецца добрай ідэяй «Штодзень» пісаў раней. Варта дадаць, што імператрыца Кацярына ІІ вядомая, сярод іншага, тым, што праводзіла палітыку асіміляцыі народаў, у тым ліку і продкаў цяперашніх беларусаў. Замест папулярызацыі сапраўднай беларускай гісторыі і культуры падлеткам прапануюць шанаванне чужых манархаў.
Гэтая падзея – трывожны сігнал, што культурная прастора Беларусі працягвае выкарыстоўвацца для распаўсюду імперскіх наратываў пад выглядам «гістарычных рэканструкцый».
Штодзень
Фота: Гомельшчына афіцыйна