Іллю Міронава пераследуюць за скаргі на міліцыянтаў?

Раніцай 2 сакавіка гомельскі валанцёр Ілля Міронаў паспеў паведаміць у сацсетках пра тое, што яго затрымліваюць. Пазней ягоная маці ўдакладніла, што актывіста забралі з дому міліцыянты і даставілі ў Савецкае РАУС Гомеля. Далей быў суд па адміністрацыйнай справе паводле артыкула 19.11 ч.2 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), у выніку чаго Іллю ў чарговы раз накіравалі ў ІЧУ на 13 сутак. “Штодзень” разбіраецца, чаму пераследуюць валанцёра і хто можа быць ініцыятарам ціску.

Напярэдадні арышту Ілля інфармаваў рэдакцыю “Штодня” пра тое, як ён абараняе свае канстытуцыйныя правы. У апошнія тыдні ён напісаў некалькі скаргаў на вядомы праўладны тэлеграм-канал, які распальвае нянавісць у дачыненні да апанентаў улады. Таксама ён намагаўся прыцягнуць да адказнасці адыёзных прапагандыстаў. Акрамя гэтага, Ілля Міронаў спрабаваў высветліць, на якой падставе міліцыянты пры затрыманні апазіцыйна настроеных грамадзянаў перасталі выдаваць пратаколы адміністрацыйных працэсаў. Вось менавіта апошняя скарга на супрацоўнікаў Савецкага РАУС Гомеля, як мы мяркуем, магла справакаваць нервовую рэакцыю міліцыянтаў.

“Я падаў скаргу начальніку РАУС г. Гомеля на парушэнне парадку вядзення адміністрацыйнага працэса супрацоўнікам РАУС Савецкага раёна г. Гомеля. 21 лістапада 2022 года я быў затрыманы супрацоўнікамі, у выніку чаго былі парушаныя мае правы. У прыватнасці, супрацоўнікі не выдалі мне пратакол затрымання і пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Тое ж самае было 8 снежня 2022 года. Нявыдача пратаколаў парушае маё права на абарону, паколькі для таго, каб абараняць сябе самастойна альбо з дапамогай абаронцы, мне неабходна ведаць і разумець, што менавіта я парушаю з пункту гледжання супрацоўнікаў…”, — распавядаў “Штодню” напярэдадні арышту Ілля.

Ілля Міронаў — вядомы ў Гомелі актывіст і валанцёр, былы палітвязень. У пачатку лютага 2023 года ўнесены ўладамі ў так званы “спіс экстрэмістаў”.

Штодзень

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса