Ілля Міронаў унесены ў спіс экстрэмістаў. Эксклюзіўны каментар для “Штодня” 

МУС унесла ў спіс экстрэмістаў валанцёра з Гомеля Іллю Міронава. Як паведамляюць праваабаронцы з “Вясны”, спіс экстрэмістаў папоўніўся новымі прозвішчамі. Сярод якіх і гомельскі валанцёр Ілля Міронаў.

У эксклюзіўным каментары для “Штодня” Ілля распавёў пра сваё стаўленне да “спіса экстрэмістаў” і да таго факту, што ягонае прозвішча апынулася ў гэтым дакуменце.

Ілля Міронаў:

Ад сяброў я сёння даведаўся, што мяне афіцыйна ўключылі ў так званы “спіс экстрэмістаў”, у якім знаходзіцца ўжо больш за 2000 сумленных беларусаў. Што я магу сказаць? Я ганаруся, бо сярод гэтых людзей вельмі шмат выбітных, паважаных мною асобаў. Я ганаруся тым, што пражываю з імі ў адной краіне. Гэта такі, на мой погляд, спіс гонару Беларусі. Упэўнены, мой нябожчык бацька, у якога бацькі былі стараверамі і яны ў свой час былі не згодныя з тым бязмежжам, якое рабілася, мной ганарыўся б. Яго маці, мая бабуля, была вельмі веруючым чалавекам і мне запомнілася, што яна адзін раз узяла мяне разам з сабой у Іллінскую стараабрадніцкую царкву. У маёй сям’і заўсёды выступалі за парадак і закон. Я памятаю тое нервовае ўзрушэнне, калі мая маці галасавала на рэферэндуме ў 1990-х, а перад ёй нейкая жанчына выцягнула з сумкі пачак пашпартоў. Маю маці тады “паслалі”, бацька ўмяшаўся, але яму сказалі, што грамадзяне іншай краіны (а ён быў грамадзянінам РФ) не маюць права ўмешвацца ў суверэнныя справы Беларусі. Я быў узрушаны. Я добра памятаю: у 1991 у нас быў бчб-сцяг, а мне з дзяцінства куплялі добрыя кніжкі, у тым ліку на беларускай мове, якія вучылі быць сумленным, заўсёды дапамагаць людзям у бядзе. Таксама веру, што дабро заўсёды перамагае зло. Старэйшы брат слухаў, у тым ліку беларускі рок: “Мроя”, “Уліс” і г.д. Я такім і рос, як мяне выхавалі, заўсёды дапамагаў, з самага юнацтва ўдзельнічаў у грамадскай дзейнасці. У школе таксама быў добрым вучнем. Такім чалавекам і застаўся — дзе б я ні быў: тут, у Маскве ці ў Польшчы!

Я заўжды выступаю за законнасць, парадак і справядлівасць. Яшчэ шмат чаго магу напісаць, чытайце мае сацыяльныя сеткі, тамака я выкладваю справаздачы пра зробленыя справы. Што да апошняга часу, я не змог застацца ў баку ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі з лета 2020 года. Я вярнуўся дадому з Польшчы, хаця ў мяне была цікавая, высокааплатная праца з перспектывай росту. Я стаў, як вядома, сам, без усялякіх там рухаў ці аб’яднанняў, валанцёрам. Рабіў і раблю, што ў маіх сілах, аддаючы ўсю сваю энергію, рэсурсы, час на добрыя справы. За сваё жыццё не парушыў закону (акрамя выпадку, звязанага з ужываннем алкаголю ў 2013-2014 гадах) ні адміністрацыйнага, ні, тым больш, крымінальнага. Я пісаў лісты салідарнасці тым, хто знаходзіўся ў турме, збіраў, набываючы ў тым ліку на свае сродкі, прадукты і рэчы для перадач, наведваў і наведваю судовыя паседжанні, дзе падтрымліваю такіх жа людзей, сяброў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, змагаюся за грамадзянскія правы, дадзеныя нам асноўным законам нашай краіны — Канстытуцыяй РБ. За гэта я вельмі шмат разоў затрымліваўся, яшчэ з 2000-х гадоў, маю больш за дзясятак адміністрацыйных спагнанняў, адну крымінальную справу, якая, на маю думку, палітычна матываваная і не звязаная з парушэннем дзеючага закона. Агулам я прабыў пад вартай больш за 500 сутак, маю буйныя штрафы і сёння, як разыначка на торце, ганаровы статус — “экстрэміст”. Я ганаруся гэтым, а ўсе абмежаванні ў звязку з гэтым мне не цікавыя. Жадаю найхутчэйшага выхаду ўсіх палітвязняў на волю! За свабодную Беларусь!

Цяпер, згодна нормам лукашэнкаўскага права, на Іллю Міронава могуць накладацца пэўныя абмежаванні. У прыватнасці, згодна часткам  3 і 4 артыкула 18 Закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, ён не зможа займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, займаць дзяржаўныя пасады і праходзіць ваенную службу.

Штодзень 

 

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса