Ілля Міронаў паскардзіўся на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ

by ZB

У сваёй скарзе Ілля Міронаў піша, што 16 сакавіка 2023 год ён паехаў у суд Савецкага раёна, каб папрысутнічаць на судовым пасяджэнні, дзе адказчыцай выступала яго маці – Валянціна Міронава. Але калі ён туды прыехаў – яго беспадстаўна затрымалі.

Як тлумачыць Міронаў у тэксце сваёй скаргі, спачатку яму сказалі, што затрымліваюць «з мэтай правесці гутарку аб недапушчэнні адміністрацыйных парушэнняў, але пасля падпісання папер не адпусцілі, а адвезлі ў ІЧУ».

Актывіст падкрэслівае: «У адпаведнасці з ч. ч. 1 і 2 арт. 2,5 ПВКаАП, «ніхто не можа быць затрыманы за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў пры адсутнасці на тое законных падстаў і ў парушэнне парадку, вызначаным гэтым Кодэксам. Суддзя, пракурор, орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, абавязаны неадкладна вызваліць усякага незаконна адміністрацыйна арыштаванага, адміністрацыйна затрыманага звыш тэрміну, устаноўленага законам або пастановай аб накладанні адміністрацыйнага спагнання».

Таксама Міронаў паскардзіўся на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ. Усяго актывіст пералічыў 15 парушэнняў, якія супярэчаць Працэсуальна-выканаўчаму кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях і правілаў унутранага распарадку ІЧУ.

У прыватнасці, гомелец распавёў, што камеры, у якіх ён знаходзіўся на працягу двух адміністрацыйных арыштаў, былі перапоўненымі, з-за чаго ўсім не хапала спальных месцаў. Матрацаў і пасцельнай бялізны не выдавалі. Кармілі вельмі дрэнна. Было недастаткова пітной вады. Не выводзілі на прагулкі. Мыцца ў душы дазвалялі раз на 15 сутак. Прымушалі стаяць у расцяжцы, перасоўвацца на напаўсагнутых нагах з заведзенымі за спіну рукамі, аказвалі псіхалагічны ціск. Утрымлівалі ў вельмі халоднай камеры з блашчыцамі і з жудаснымі санітарнымі ўмовамі. Падчас транспарціроўкі на беспадстаўна апраналі на яго кайданкі, ставіліся вельмі груба і не перадавалі ўсе перадачы.

У канцы тэксту сваёй скаргі Ілля Міронаў падкрэсліў, што згодна з актамі міжнароднага права, а таксама згодна з Канстытуцыяй Беларусі «ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму гонар і годнасць відам пакаранняў».

Актывіст настойвае на поўнай і аб’ектыўнай праверцы ў ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкама, заклікае прызнаць умовы яго ўтрымання там не адпаведнымі закону і праінфармаваць яго асабіста аб выніках праверкі.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png