Валанцёр Ілля Міронаў просіць адкрыць крымінальную справу ў дачыненні да начальніка гомельскага ізалятара часовага ўтрымання Баравых. Ілля накіраваў адпаведную заяву ў Следчы камітэт.
На думку валанцёра, начальнік ІЧУ парушыў некалькі артыкулаў: “злоўжыванне ўладай” (ч.2 арт. 424 КК) і “перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў” (ч. 3 арт. 426 КК). Ілля Міронаў падрабязна распавядае пра парушэнні сваіх правоў у ізалятары часовага ўтрымання, дзе ён знаходзіўся з 8 па 20 снежня.
“Было парушанае маё права на гуманнае абыходжання і павагу чалавечай годнасці. Бо мне не прадставілі матраца і бялізны, чыстай вопраткі і прадметаў гігіены. Я быў пазбаўлены сну і адпачынку. Мяне спецыяльна будзілі ноччу і не давалі прылегчы ўдзень. Для запалохвання ў адносінах да мяне незаконна выкарыстоўвалі кайданкі. Ежа, якую мне давалі, была агіднай, прызначанай хутчэй для харчавання жывёл, чым для людзей. Без нармальнага харчавання, сну, адпачынку, вопракі, прадметаў гігіены, ва ўмовах стрэсу я знаходзіўся 12 дзён.” – Адзначае Ілля Міронаў у заяве, накіраванай у Следчы камітэт.
Прачытаць пра тое, як сядзеў у ІЧУ ў снежні Ілля Міронаў можна ў артыкуле “Я буду працягваць займацца грамадскай дзейнасцю“.