Ідэалагічнае шапіто

by homieldays

Большасць тых, што жыў у СССР, шчыра верыла, што жыве ў лепшай на свеце краіне, дзе жыццё арганізавана так, як ніколі раней. Усе роўныя і вольныя. Можа, пакуль жывецца небагата, але ўсё робіцца, каб у будучыні нашчадкі не ведалі гора. Зараз, з далечыні гістарычнай перспектывы, мы ведаем, што гэта было не так. Ідэя, пакладзеная ў падмурак савецкай дзяржавы, была ўтапічнай. Рэалізацыя ішла зусім не так, як было запланавана. Адносна шчаслівае жыццё ў  60-я было дасягнута галадаморам і рэпрэсіямі 30-х…

Але колішнія акцябраты, піянеры і камсамольцы не мелі нашых ведаў. Затое яны добра ведалі, як існаванне арганізацый, сябрамі якіх яны з’яўляюцца, уключана ў дасягненне агульнае мэты – пабудовы камунізму, – і рабілі ўсе, што маглі, для яе найхутчэйшага дасягнення. Таму ўсе іх дзеянні былі асэнсаванымі. Кожны крок рабіўся шчыра і з натхненнем.

А якая глабальная ідэя закладзена ў працягванне піянерскіх і камсамольскіх традыцый у наш час? Пра пабудову ва ўсім свеце камунізму ніхто (на шчасце) ужо не марыць. Нейкай новай ідэі сучасныя беларускія ідэолагі не прапанавалі.

Крынжовыя касцюмы на святкаванні гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Гомелі

 

У траўні мінулага года давялося пабачыць вельмі паказальны выпадак у грамадскім транспарце. Падлеткі ў піянерскіх гальштуках зайшлі ў тралейбус. Было зразумела, што яны толькі што былі на нейкім святочным мерапрыемстве. Спадар сталага веку запытаўся: “Гэта адкуль вы такія прыгожыя? Што святкавалі?”. Хлопчыкі разгублена глядзелі адзін на аднаго:

– Ну, там, было колькі год… Не памятаеш, колькі?..

– Не… Здаецца, 85, ці 90, ці 105 – не памятаю.

– …Карацей, нейкі там юбілей гэтай, ну як яе… суполкі нейкай…

Ніводны з пяці хлопчыкаў-піянераў не зразумеў, што быў на мерапрыемстве, прысвечаным 100-годдзю піянерскай арганізацыі. І пытанні тут не да дзетак, а да тых дарослых, хто прычапіў на іх гальштукі, не патлумачыўшы сэнсу ўсяе гэтае дзеі (што ні дзіўна – як патлумачыць тое, чаго наўпрост не існуе?). Не менш здзіўляе і пазіцыя бацькоў: падлеткі маглі б выдаткаваць час на творчыя ці спартыўныя секцыі, пайсці на курсы англійскай мовы ці праграмавання…

Сучасныя піянерскія і камсамольскія арганізацыі пераўтварыліся ў ідэалагічнае шапіто, якое існуе выключна для імітацыі нейкай дзейнасці. Дзіцячыя і юнацкія арганізацыя – важная і неабходная для працэсаў выхавання і сталення рэч. Але дзяржаўныя інстытуцыя і самі не здолелі сфармуляваць нейкія ідэі, на базе якіх можна было б знітоўваць і накіроўваць падрастаючае пакаленне, і не далі гэта зрабіць некамерцыйным грамадскім арганізацыям. Пры тым што менавіта на НКО ў большасці краін прыпадае значна частка пазаадукацыйнай працы з дзецьмі (яскравыя прыклады – рух скаўтаў і гайдаў).

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png