Змейка, бокс, пляцоўка – нестандартны конкурс прафесійнага майстэрства прайшоў у Гомелі. Імя пераможцы застаецца тайнай.
У Гомелі адбыўся конкурс прафесійнага майстэрства сярод вадзіцеляў смеццявозаў. За званне найлепшага спаборнічалі шэсць удзельнікаў, у тым ліку і пераможцы мінулага года. Канкурэнцыя аказалася напружанай, бо ўсе ўдзельнікі мелі высокі ўзровень падрыхтоўкі.
Спаборніцтвы праходзілі ў два этапы. На тэарэтычнай частцы канкурсанты адказвалі на пытанні па Правілах дарожнага руху з дапамогай камп’ютара. Так правяраліся іх веды і гатоўнасць да нестандартных сітуацый на дарозе.
Практычны этап прайшоў на спецыяльным палігоне, дзе вадзіцелі дэманстравалі свае навыкі кіравання габарытнай тэхнікай. Ім трэба было выканаць складаныя элементы: «Габарытны праезд», «Змейка», «Бакавая паркоўка», «Бокс» і «Пляцоўка». Улічваючы памеры смеццявоза і неабходнасць частых манеўраў у дварах, гэтыя заданні патрабавалі максімальнай уважлівасці і дакладнасці.
Такія конкурсы не толькі падкрэсліваюць важнасць і складанасць працы камунальных службаў, але і дапамагаюць павышаць прафесійны ўзровень спецыялістаў. У тым выпадку, канешне, калі яны праводзяцца па добраахвотнай ініцыятыве і не дзеля справаздачы аб конкурсе на паперы. Як насамрэч праводзіўся дадзены конкурс, цяжка сказаць. Але той факт, што ні «Гомельскія ведамасці», ні Гомельскае аб’яднанне прафсаюзаў, якія асвятлялі падзею, нават не падалі імя пераможцы, прымушае задумацца аб значнасці асобы супрацоўніка на дзяржаўных прадпрыемствах у Беларусі.
Фота: “Гомельскія ведамасці”