Усе ведаюць жамчужыну гомельскага палацава-паркавага ансамбля – капліцу-пахавальню Паскевічаў. Але далёка не ўсе ў курсе, што гэта было не адзінае падобнае збудаванне ў дарэвалюцыйным Гомелі і нават у Гомельскай вобласці. Большасць з падобных помнікаў невядомая аматарам лакальнай гісторыі. Таму давайце разам зробім невялікае падарожжа па гэтых цікавых помніках. Пачнём з Гомеля.
Лідарам сярод падобных збудаванняў Гомельскай вобласці, а можа нават і ўсёй Беларусі, з’яўляецца, безумоўна, капліца-пахавальня князёў Паскевічаў.
Узведзеная ў 1870-1889 г. у псеўдарускім стылі па праекце архітэктара Яўгена Чарвінскага капліца ўяўляе сабой квадратны ў плане маленькі храм, які зверху ўвенчаны чатырма тонкімі главамі і вялікім шатром пасярэдзіне. Усё афармленне капліцы вельмі тонкае, нават выкшталцонае, абыгрывае ідэалізаваныя вобразы храма ў маскоўскай архітэктуры XVII ст. У яе аздабленні выкарыстаная мастацкая кераміка, рознакаляровыя кафлі, мазаіка, маёліка, фрэскавы роспіс, мастацкая кавальства, дэталі з мармуру, граніту і іншых матэрыялаў. Уласна сама пахавальня знаходзіцца пад зямлёй, яна збудавана ў выглядзе вялікага арачнага тунэлю, уваход у які ажыццяўляўся з левага боку ад капліцы праз спецыяльнае збудаванне таксама ў псеўдарускім стылі. Капліца была відавочным упрыгожваннем не толькі парка, але і ўсяго горада, таму неаднаразова трапляла на сувенірныя паштовыя карткі з відамі горада.
У капліцы былі пахаваны восем прадстаўнікоў роду Паскевічаў. Пасля кастрычніцкага перавароту 1917 г. і прыходу да ўлады бальшавікоў капліца Паскевічаў была разрабавана – з надмагілляў зніклі ўсе аздабленні, а ў самім падземным тунэлі быў зроблены стралковы цір, пашкоджаны былі і самі пахаванні. Шматлікія ўспаміны гомельскіх старажылаў сведчаць, што нават у пачатку 1970-х гг. дзеці маглі свабодна залезці ў тунэль і разглядаць парэшткі пахаваных.
У час Другой сусветнай вайны капліца моцна пацярпела. Апісваючы парк у час і пасля вайны з савецкіх часоў, усталявалася кананічная фраза: “У час акупацыі парку была нанесена вялікая шкода, у тым ліку фашыстамі была разбурана капліца-пахавальня Паскевічаў… ” Аднак пры разглядзе рэальных дакументаў, а не савецкіх прапагандысцкіх клішэ, вымалёўваецца крыху іншая сітуацыя.
Як і на пачатку ХХ ст., так і ў час вайны капліца часта трапляла на фотаздымкі чарговых прыезджых “турыстаў”, якімі ў гэты раз былі салдаты Вермахта. Гэтыя фотаздымкі шырока вядомыя, імі поўны ўвесь інтэрнэт. На нямецкіх фотаздымках зробленых у 1941-1942 гг. бачна, што капліца Паскевічаў амаль не мае нейкіх пашкоджанняў, толькі над уваходам адсутнічае мазаіка са святым, збітая яшчэ ў 1920-1930-х гг.
Перад капліцай па абодва бакі ад сцежкі, што вяла да галоўнага ўваходу, знаходзілася некалькі шэрагаў пахаванняў нямецкіх салдат.
Аднак на фотаздымках 1943 г. ужо бачны шматлікія пашкоджанні з правага боку капліцы.
Менавіта ў такім выглядзе капліца была зафіксавана на шматлікіх фотаздымках гомельцаў 1950-1970-х гг.
Звяртае ўвагу, што “нанесеныя немцамі разбурэнні капліцы” чамусьці ўсе знаходзяцца амаль выключна на правым, усходнім яе баку. Нейкі дзіўны эстэтычны падыход быў у акупантаў. Але ўсё становіцца зразумелым, калі ўлічыць што гэта той бок капліцы, які звернуты да Якубоўкі і Навабеліцы, што былі вызваленыя Чырвонай арміяй яшчэ ў верасні 1943 г., на два месяцы раней, чым уласна сам Гомель. Тады становіцца зразумелым, што пашкоджанні былі нанесеныя не немцамі, а наступаючымі войскамі Чырвонай арміі, якія абстрэльвалі патэнцыйныя месцы знаходжання нямецкіх назіральнікаў на высокім правым беразе Сожа.
Гэтая выяўленая акалічнасць ні ў якім выпадку не апраўдвае нямецкі акупацыйны рэжым у Гомелі і ўсе тыя злачынствы, якія ім былі здзейснены, яна ж і не абвінавачвае Чырвоную армію ў “неювелірным” абстрэле Гомеля перад вызваленнем. Але гэта сітуацыя паказвае вайну такой, якой яна на самой справе была: без ідэалагічных прымітывізацый і навешвання ўсіх “нязручных сабак” на ворага. Каб вызваліць Гомель ад нямецкіх акупантаў, Чырвоная армія, як зрабіла б, мабыць, і любая іншая армія таго часу, бамбіла і абстрэльвала наш горад, знішчаючы разам з фашыстамі і шматлікія дарагія сэрцу кожнага гамяльчаніна помнікі. Таму, як ніколі раней, актуальны сёння заклік “Ніколі зноў!”, бо ён – пра недапушчэнне такіх знішчэнняў, незалежна ад таго, салдат якой варагуючай арміі націскаў на курок зброі. І гэтым ён адрозніваецца ад рэваншысцкага, а па сутнасці неафашысцкага лозунга “Можам паўтарыць!”, бо “паўтарэнне”, як мы бачым па сённяшніх падзеях у нашых суседзяў, цягне разбурэнні абодвум бакам, незалежна ад таго, хто першы пачаў і на чыім баку праўда.
У 1968-1975 гг. капліца была адноўленая, праўда, з невялікімі зменамі пашкоджаных керамічных дэталяў. Замест першапачатковых вензеляў Паскевічаў у выглядзе літары “П” пад каронай абапал цэнтральнага ўваходу былі змешчаныя падобныя па кампазіцыі раслінныя матывы. Магчыма, рэстаўратары не хацелі аднаўляць паскевіцкі вензель пад княжацкаю каронаю, што ўваходзіла ў супярэчнасць з ідэалогіяй пабудовы развітога сацыялізму ў краіне саветаў, а магчыма, яны проста не мелі выразных фотакрыніц для аднаўлення, а на даступных у той час паштовых картках пачатку ХХ ст. вензелі і сапраўды выглядалі як пышныя раслінныя матывы. У любым выпадку вензелі на ўваходзе ў капліцу не былі адноўленыя і ў 2008-2016 г., калі была праведзена чарговая яе рэканструкцыя. Затое ў час той рэканструкцыі была адноўленая гідраізаляцыя падземнага тунэлю, бо створаная яшчэ ў канцы ХІХ ст. першапачатковая сістэма натуральнай вентыляцыі была пашкоджана і не функцыянавала (ад чаго капліца ўвесь час мокла, што пагражала яе разбурэннем у будучым). Таксама па старых фотаздымках былі адноўлены роспісы і мазаікі на знешніх і ўнутраных сценах капліцы, механічна адчышчана знешняя паверхня пацямнелай ад часу старой цэглы.
З гістарычных крыніц вядома таксама яшчэ пра існаванне ў Гомелі як мінімум трох каменных капліц, але іх мы разгледзім ужо ў наступных публікацыях.
Штодзень
Аўтар: Раман Абуховіч, гісторык