Пабачыла свет кніга, дзе гомельскія вуліцы настолькі ярка ствараюць фон аповеду, што ажно хочацца наведаць гэты горад. Паразмаўлялі з пісьменніцай Югасяй Калядой, якая паходзіць з Гомеля, пра абыгрыванне марктвэнаўскага сюжэту, неабходнасць стварэння экрэгара беларускіх вуліц і прататыпаў новай кнігі.
– У цябе выйшла кніга. Калі я яе чытала, то ў мяне склалася ўражанне, што галоўны герой тут усё ж такі Гомель. Ці маю я рацыю?
– Героі – гэта тыя, хто дзейнічаюць і сваімі ўчынкамі рухаюць сюжэт. Гомель – істотная частка твора, але ён не ўдзельнічае ў сюжэце. Гэтая гісторыя магла б адбыцца ў любым беларускім горадзе, дзе ёсць суд, а суд ёсць паўсюль.
– Але ўсё ж такі ў творы прасочваецца не банальны Гомель, не турыстычныя месцы накшталт парку ці царквы, а адметныя, тыя, якія любяць гомельцы: сквер, аэрадром, Валатава. Ты тэкст пісала з настальгіі пра Гомель ці адразу была ідэя ўпісаць гомельскую прастору ў твор?
Не толькі з настальгіі. Дзеянні адбываюцца ў рэальным, не прыдуманым горадзе. Пісьменьніку трэба добра ведаць, куды ідуць героі, што яны робяць, што пры гэтым бачаць перад сабой. Прасцей за ўсё пісаць з натуры, а не прыдумляць сабе нейкую лакацыю, нейкі міфічны горад. Я добра ведаю Гомель. Я дакладна ведаю, колькі там ехаць у суд, якая адлегласць ад суда, напрыклад, да парка. І хаця, у прынцыпе, пісьменнік пры пэўным досведзе можа змясціць сваіх герояў ў любы горад, але прасцей за ўсё, калі дзеянне адбываецца ў сваім родным горадзе. Гэта па-першае.
А па-другое, я хачу, каб нашыя беларускія гарады ўвайшлі ў мастацкую сферу, каб займелі своеасаблівы эгрэгар (групавое біяполе – заўв.рэд.), нейкую агульную свядомасць, агульнае ўяўленне. Напрыклад, мы ведаем Парыж, бо мы чыталі пра гэты горад кнігі, у якіх апісаныя канкрэтныя вуліцы, масты, плошчы і саборы. Напрыклад, паводле “Нотр Дам дэ Пары” Віктора Гюго можна скласці турыстычны даведнік. І калі горад апісвае не адзін, а цэлая плеяда пісьменнікаў, калі цэлыя пакаленні пісьменнікаў змяшчаюць сваіх герояў у рэальны горад, і яны там дзейнічаюць, стагоддзе за стагоддзем, то апісаныя ў кнігах гарады становяцца легендарнымі. Паглядзіце, як шмат ёсць рамантызаваных песень пра парыжскія вуліцы, пра Шанз-Элізэ (Елісейскія палі). І таму гэтыя вуліцы ўсе ведаюць. Калі мастацкі твор класны, то тады і вуліцы становяцца класнымі разам з ім. І таму я хачу, каб нашыя беларускія вуліцы таксама сталі вядомымі. Няхай і Гомель стане вядомым горадам, такім легендарным, дзе адбываліся дзеянні кніг, цікавых чытачам.
– У творы абыгрываецца марктвэнаўскі сюжэт пра замену месцамі прынца і жабрака, уплятаецца яшчэ гарадская прастора Гомеля і пэўная палітычная сітуацыя. Ці ідэя твору нарадзілася падчас пратэстовых акцый?
– Пратэсты 2017 года ў Гомелі – важны складнік сюжэта, але ўласна ідэю твораў спарадзілі не яны. Наогул, фабрыка пісьменьніка – гэта сакрэт, які чытачу лепш не ведаць, каб не знікла праўдападобнасць твора. У агульных рысах можна сказаць, што я асобна збіраю ідэі, мэтафары; асобна занатоўваю жыццёвыя перыпетыі, апісанні, потым спалучаю гэта адмысловым чынам; карацей, гэта ўсё, што складае мой пісьменніцкі метад.
– Ці маюцца ў творы рэальныя прататыпы? Напрыклад, у героя Ігара Ігаравіча?
– Дарэчы, наконт герояў я хачу сказаць, што хоць я пішу з натуры, але бяру адразу некалькі людзей, спалучаю іх у адным вобразе. Так што, калі адзін вобраз прачытваецца, то, магчыма, там яшчэ як мінімум тры чалавекі могуць быць спалучаныя. І гэта абавязкова, каб герой атрымаўся больш поўным. Таму я для натуры выкарыстоўваю некалькіх людзей.
І гэта зусім не абавязкова, што гэта людзі, якія займаюцца пэўнай прафесіяй. Гэта проста выпадкова ўбачаныя людзі. Мне цікава, як яны размаўляюць, як выглядаюць, іх манеры, як яны ходзяць, якая ў іх міміка, звычкі…. І гэта ўсё адлюстроўваецца ў апісанні герояў. Таму адзін чалавек можа быць разнесены на некалькі іншых персанажаў. Карацей, тут ужо адгадаць немагчыма. І напэўна, не трэба, таму што будзе нецікава чытаць.
– Адна з гераіняў твайго твора – суддзя. А ў нас стаўленне да суддзяў вельмі кепскае. Ты вырашыла разбурыць стэрэатыпы датычна гэтай прафесіі?
– Пісьменнік бярэ ў свой твор пэрсанажаў не праз тое, што да іх кепскае ці добрае стаўленне, а каб гэтыя пэрсанажы дапамаглі раскрыць яго мэтафару, галоўную ідэю тэкста. Да таго ж, любыя стэрэатыпы пазбаўляюць чалавека суб’ектнасці: нібыта за яго дзеянні адказвае не ён сам, а нешта звонку. А гэта – не так. Кожны чалавек ёсць добрым ці кепскім не праз тое, кім ён нарадзіўся ці кім працуе – а праз свае ўчынкі, праз свой выбар. Мне здаецца, у творы гэта вельмі выразна паказана. Ну і, у рэшце рэшт, без прафесіі суддзі, без справядлівага суда як інстытуцыі немагчымае дэмакратычнае грамадства.
– Дык пра што твая кніга ўвогуле, калі ў двух словах?
Пра Беларусь ад 1995, прыкладна, да 2020. Як мы жылі гэты час і, галоўнае, чаму так.
Кнігу можна купіць у кнігарнях Варшавы і Вільні і замовіць дастаўку з Польшчы і Літвы па ўсім (амаль) свеце; з часам яна з’явіцца ў Стакгольме, Лондане і Тбілісі.
Дзе купіць:Варшава
Кнігарня “Кнігаўка” ul. Kłopotowskiego 4
Беларуская кнігарня, Oleandruw 6/2
Вільня
Кнігарня “Гартайка” Hartajka, Nemenčinės pl. 48, дастаўка па Літве!
Кнігарня Knygynas eureka!, UAB S. Daukanto a. 2/10
Крама Kropka, Savičiaus g. 6
Сувенірная крама А2.print, Pilies g. 6
Стакгольм
Кнігарня Interbok, Hantverkargatan 32, Stockholm (будзе неўзабаве)Лондан
Онлан кнігарня выдавецтва “Скарына” https://shorturl.at/w2T9D (будзе неўзабаве)Тбілісі Tiflis Books (будзе неўзабаве)
Online з дастаўкай поштай
З Варшавы
https://knihauka.com/pieramiena_miescau ДАСТАЎКА ПА ЎСІМ СВЕЦЕ З Вільні https://bit.ly/3DRO8gi
З Лондана https://shorturl.at/w2T9D (будзе неўзабаве)