Небяспечны для раслін інсект атакуе Мазыршчыну. Пасля паведамленняў пра тое, што шкоднік распаўсюдзіўся па Гомельскім раёне, забілі трывогу жыхары Мазыра. Карыстальнікі інтэрнэту выкладаюць фотаздымкі з дрэвамі і кустамі, якія поўнасцю аплеценыя павуціннем, якое пакідаюць у працэсе жыццядзейнасці вусені амерыканскага белага матылька. У далейшым гэтыя расліны, хутчэй за ўсё, загінуць.
Гэтае насякомае – надзвычай пражэрлівае і вельмі пладавітае. У раёнах, дзе з’яўляюцца гэтыя шкоднікі, абвяшчаецца фітасанітарны каранцінны рэжым. Раённыя інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін заклікаюць сельгаспрадпрыемствы і ўсіх жыхароў Гомельшчыны знішчаць шкодніка.
“Савецкая, 40. Каля крамы дрэва ўсё ў павуцінні. Гусеніцы паўзуць па фасадзе дома, камунальнікі нічога не робяць”, – б’юць у званы мазырчукі.
Небяспечныя шкоднікі захапілі ўжо каля 18 тысяч гектараў у вобласці. Амерыканскага белага матылька зафіксавалі ў 162 населеных пунктах. Гэтае інвазійнае насякомае ўпершыню выявілі на Гомельшчыне ў 2019 годзе. Белы матылёк усёедны: знішчае больш за 300 відаў раслін, сярод якіх яблыня, сліва, клён і іншыя. Праз некалькі дзён пасля з’яўлення на расліне вусеня белага матылька застаюцца толькі голыя галінкі, аплеценыя павуціннем. Сярод мер па барацьбе з белым матыльком – абрэзка гнёзд з вусенямі і спальванне на месцы.
Штодзень
Фота: тг-канал Мозырь