Губернатары ў Беларусі былі да прыходу Расеі

З набыццём Беларуссю незалежнасці ў нашым слоўніку з’явіўся шэраг новых слоў. Сярод такіх моўных новаўтварэнняў вуха неяк рэзала выкарыстанне назвы пасады вышэйшага кіраўніка вобласці “губернатар” замест сапраўднага афіцыйнага тэрміна “старшыня аблвыканкама”, піша гісторык Яўген Малікаў у блогу для выдання Мова Гомель.

Староста гомельскі, канцлер ВкЛ, князь Міхал Чартарыйскі

Гэтае слова аддавала відавочнай калькай з расейскай тэрміналогіі яшчэ часоў імперыі Раманавых і іх губерній Заходнерускага краю. А што зробіш, любяць нашы людзі малпаваннем займацца! Можна, канешне, зразумець, што выкарыстанне слова “ваявода” у якасці назвы пасады вышэйшага кіраўніка вобласці, было б хоць і больш адпаведным беларускай гістарычнай тэрміналогіі, але пачуць у навінах “Сёння Жыткавіцкі раён з рабочым візітам наведаў гомельскі ваявода …” сталася б ужо зусім пікам нацыянальнага рамантызму (“гомельскі ваявода Аляксандр Якабсон” ці “ваявода Уладзімір Дворнік”).

Але якім было здзіўленне, калі ў дакументах, звязаных з Гомельскім староствам XVIII ст., некалькі разоў трапіўся… “gubernator homelski”! Спачатку ўзніклі сумневы, ці правільна слова было расчытана ў вязях са старажытных каракуль, але гэтыя сумневы хутка адпалі – прачытана верна.

Пасля цяжка было зразумець, чаму ў інвентарах гомельскага староства вышэйшай асобай адміністрацыі пададзены губернатар, але ягонае імя не супадае з вядомым імем гомельскага старасты на той час. Напрыклад, на першай старонцы люстрацыі Гомельскага староства 1765 г., якая захавалася ў Літоўскім нацыянальным гістарычным архіве, губернатарам староства названы Станіслаў Непакайчыцкі, пры тым агульна вядомым факце, што ўладальнікам гомельскага староства ў гэты час быў канцлер ВКЛ князь Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі, аб чым таксама было напісана на той жа старонцы. А ў дакументах 1736 г. з Кіеўскай губернскай канцылярыі, якая ўваходзіла ў склад Маларосіі Расейскай імперыі, паведамлялася, што для вырашэння памежных спрэчак паміж сялянамі вёскі Старыя Юркавічы Гомельскага Рэчыцкага павету і вёскай Фаевічамі, маёмасці бунчуковага таварыша Пятра Чарналуцкага ў Тапальскай сотні маларасійскага Старадубскага палку, выязджаў губернатар гомельскага староства Фёдар Борн. І такіх прыкладаў вялікая колькасць.

Дзіўнай і незразумелай выглядала тая акалічнасць, што пасада “гомельскі губернатар” узгадваецца толькі ў дакументах перыяду старасты М.-Ф. Чартарыйскага (1730-1772 гг.). І толькі праз доўгі час чытання старажытных дакументаў вымалевалася разуменне, што “гомельскі губернатар” XVIII ст. гэта фактычна намеснік гомельскага старасты, які рэальна кіруе староствам, у першую чаргу яго гаспадарчым жыццём, у той час як уладальнік староства – падканцлер, а пазней і канцлер ВКЛ, князь М.-Ф. Чартарыйскі, быў адным з самых уплывовых палітычных дзеячаў Рэчы Паспалітай таго часу і, відавочна, не мог адсочваць, каму з сялян і на колькі год даць слабаду, а ў каго яна ўжо скончылася і трэба ўводзіць поўную аплату чыншу. Гэтым, дарэчы, стараста Міхал Чартарыйскі адрозніваецца ад папярэдніх гомельскіх стараст Фамы і Мікалая Красінскіх, якія з 1682 па 1730 г. валодалі Гомельскім староствам, непасрэдна тут пражывалі і асабіста ім кіравалі.

Такім чынам, “гомельскі губернатар” з пункту гледжання гістарычнай тэрміналогіі абсалютна абгрунтаваны тэрмін, які мае карані ў часы значна ранейшыя за прыход сюды Расейскай імперыі.


Этымалогія слова “губернатар”, нягледзячы на агульна прынятае разуменне яго ад слова “губернія” (вышэйшая адзінка тэрытарыяльнага падзелу ў Расейскай імперыі і сучаснай Расейскай федэрацыі), у рэальнасці паходзіць ад абсалютна іншага слова.

Лацінскае слова “gubernator” паходзіць ад сугучнага грэцкага слова, што азначае “стырнавы” – чалавек, які стаіць на карме карабля і кіруе яго рухам, па іншаму “рулявы”. Адпаведна ў сістэме кіравання “губернатар” – гэта кіраўнік пэўнай вялікай адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі. Гісторыя губернатарства ў розных краінах – Францыі, ЗША, Расейскай імперыі паказвае, што яны, як правіла, кіравалі самымі вялікімі адміністратыўна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, большымі за якія была толькі ўласна сама дзяржава.

У гэтым кантэксце сучаснае выкарыстанне ў Беларусі тэрміну “губернатар” адносна назвы пасады найвышэйшага кіраўніка вобласці цалкам лагічнае і абгрунтаванае, і, нягледзячы на грамадскія стэрэатыпы, мае значна больш глыбокае гістарычнае паходжанне, у тым ліку для Гомельшчыны, дзе свае губернатары былі яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай, хоць і з значна меншымі тэрытарыяльна-адміністратыўнымі паўнамоцтвамі, чым сучасныя.

Што да гіпатэтычнага на сёння выкарыстання тэрміна “ваявода”, дык перш за ўсё для яго ўжывання павінны быць уласна самі “ваяводствы”. Ваяводствы былі ў Беларусі ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай, адпаведна тады ж былі і ваяводы, якія ўзначальвалі мясцовую ўладу ў ваяводстве, кіравалі адміністратыўнымі, гаспадарчымі і вайсковымі справамі ў ваяводстве, яны прызначаліся пажыццёва вялікім князем і каралём з ліку буйных магнатаў. Напрыклад, Гомель да прыходу Расейскай імперыі адносіўся да Гомельскага староства ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Сёння тэрмін “ваявода” адносна Беларусі не актуальны.

Штодзень
Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства

Related posts

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты

У Гомельскай вобласці на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў сабралі вертыкальшчыкаў і правераных «актывістаў»