Губернатары ў Беларусі былі да прыходу Расеі

Гомельскі гісторык абвяргае чарговы міф і дзеліцца важнымі архіўнымі знаходкамі

by ZB

З набыццём Беларуссю незалежнасці ў нашым слоўніку з’явіўся шэраг новых слоў. Сярод такіх моўных новаўтварэнняў вуха неяк рэзала выкарыстанне назвы пасады вышэйшага кіраўніка вобласці “губернатар” замест сапраўднага афіцыйнага тэрміна “старшыня аблвыканкама”, піша гісторык Яўген Малікаў у блогу для выдання Мова Гомель.

Староста гомельскі, канцлер ВкЛ, князь Міхал Чартарыйскі

Гэтае слова аддавала відавочнай калькай з расейскай тэрміналогіі яшчэ часоў імперыі Раманавых і іх губерній Заходнерускага краю. А што зробіш, любяць нашы людзі малпаваннем займацца! Можна, канешне, зразумець, што выкарыстанне слова “ваявода” у якасці назвы пасады вышэйшага кіраўніка вобласці, было б хоць і больш адпаведным беларускай гістарычнай тэрміналогіі, але пачуць у навінах “Сёння Жыткавіцкі раён з рабочым візітам наведаў гомельскі ваявода …” сталася б ужо зусім пікам нацыянальнага рамантызму (“гомельскі ваявода Аляксандр Якабсон” ці “ваявода Уладзімір Дворнік”).

Але якім было здзіўленне, калі ў дакументах, звязаных з Гомельскім староствам XVIII ст., некалькі разоў трапіўся… “gubernator homelski”! Спачатку ўзніклі сумневы, ці правільна слова было расчытана ў вязях са старажытных каракуль, але гэтыя сумневы хутка адпалі – прачытана верна.

Пасля цяжка было зразумець, чаму ў інвентарах гомельскага староства вышэйшай асобай адміністрацыі пададзены губернатар, але ягонае імя не супадае з вядомым імем гомельскага старасты на той час. Напрыклад, на першай старонцы люстрацыі Гомельскага староства 1765 г., якая захавалася ў Літоўскім нацыянальным гістарычным архіве, губернатарам староства названы Станіслаў Непакайчыцкі, пры тым агульна вядомым факце, што ўладальнікам гомельскага староства ў гэты час быў канцлер ВКЛ князь Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі, аб чым таксама было напісана на той жа старонцы. А ў дакументах 1736 г. з Кіеўскай губернскай канцылярыі, якая ўваходзіла ў склад Маларосіі Расейскай імперыі, паведамлялася, што для вырашэння памежных спрэчак паміж сялянамі вёскі старыя Юркавічы Гомельскага Рэчыцкага павету і вёскай Фаевічамі, маёмасці бунчуковага таварыша Пятра Чарналуцкага ў Тапальскай сотні Маларасейскага Старадубскага палку, выязджаў губернатар гомельскага староства Фёдар Борн. І такіх прыкладаў вялікая колькасць.

Дзіўнай і незразумелай выглядала тая акалічнасць, што пасада “гомельскі губернатар” узгадваецца толькі ў дакументах перыяду старасты М.-Ф. Чартарыйскага (1730-1772 гг.). І толькі праз доўгі час чытання старажытных дакументаў вымалевалася разуменне, што “гомельскі губернатар” XVIII ст. гэта фактычна намеснік гомельскага старасты, які рэальна кіруе староствам, у першую чаргу яго гаспадарчым жыццём, у той час як уладальнік староства – падканцлер, а пазней і канцлер ВКЛ, князь М.-Ф. Чартарыйскі, быў адным з самых уплывовых палітычных дзеячаў Рэчы Паспалітай таго часу і, відавочна, не мог адсочваць, каму з сялян і на колькі год даць слабаду, а ў каго яна ўжо скончылася і трэба ўводзіць поўную аплату чыншу. Гэтым, дарэчы, стараста Міхал Чартарыйскі адрозніваецца ад папярэдніх гомельскіх стараст Фамы і Мікалая Красінскіх, якія з 1682 па 1730 г. валодалі Гомельскім староствам, непасрэдна тут пражывалі і асабіста ім кіравалі.

Такім чынам, “гомельскі губернатар” з пункту гледжання гістарычнай тэрміналогіі абсалютна абгрунтаваны тэрмін, які мае карані ў часы значна ранейшыя за прыход сюды Расейскай імперыі.


Этымалогія слова “губернатар”, нягледзячы на агульна прынятае разуменне яго ад слова “губернія” (вышэйшая адзінка тэрытарыяльнага падзелу ў Расейскай імперыі і сучаснай Расейскай федэрацыі), у рэальнасці паходзіць ад абсалютна іншага слова.

Лацінскае слова “gubernator” паходзіць ад сугучнага грэцкага слова, што азначае “стырнавы” – чалавек, які стаіць на карме карабля і кіруе яго рухам, па іншаму “рулявы”. Адпаведна ў сістэме кіравання “губернатар” – гэта кіраўнік пэўнай вялікай адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі. Гісторыя губернатарства ў розных краінах – Францыі, ЗША, Расейскай імперыі паказвае, што яны, як правіла, кіравалі самымі вялікімі адміністратыўна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, большымі за якія была толькі ўласна сама дзяржава.

У гэтым кантэксце сучаснае выкарыстанне ў Беларусі тэрміну “губернатар” адносна назвы пасады найвышэйшага кіраўніка вобласці цалкам лагічнае і абгрунтаванае, і, нягледзячы на грамадскія стэрэатыпы, мае значна больш глыбокае гістарычнае паходжанне, у тым ліку для Гомельшчыны, дзе свае губернатары былі яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай, хоць і з значна меншымі тэрытарыяльна-адміністратыўнымі паўнамоцтвамі, чым сучасныя.

Што да гіпатэтычнага на сёння выкарыстання тэрміна “ваявода”, дык перш за ўсё для яго ўжывання павінны быць уласна самі “ваяводствы”. Ваяводствы былі ў Беларусі ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай, адпаведна тады ж былі і ваяводы, якія ўзначальвалі мясцовую ўладу ў ваяводстве, кіравалі адміністратыўнымі, гаспадарчымі і вайсковымі справамі ў ваяводстве, яны прызначаліся пажыццёва вялікім князем і каралём з ліку буйных магнатаў. Напрыклад, Гомель да прыходу Расейскай імперыі адносіўся да Гомельскага староства ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Сёння тэрмін “ваявода” адносна Беларусі не актуальны.

Штодзень
Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png