Гомельскія агенты КДБ: гісторыі вярбоўкі і іх лёсы

by ZB

Незалежная журналістка Кацярына Андрэева магла атрымаць дадатковыя 8 год турмы праз гомельскага “сексота” Сяргея Васільева. Такую здагадку на сваёй старонцы ў Фэйсбуку змясціў муж палітзняволенай Ігар Ільяш. “З прысуду мінула ўжо амаль 14 месяцаў (гаворка ідзе пра новы прысуд Кацярыне Андрэевай — рэд.), а мы па-ранейшаму пазбаўлены магчымасці даведацца, у чым канкрэтна Кацю абвінавацілі, на падставе якіх падзеяў узнікла крымінальная справа і калі тыя падзеі адбыліся. Аднак сам факт таго, што Васільеў, як высветлілі калегі, вярнуўся ў Беларусь і быў у 2021 годзе асуджаны за «здраду дзяржаве» (той жа 356-ы артыкул КК, што і ў Каці) дазваляе зрабіць пэўныя высновы”, — разважае Ігар.

Палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева

Спецслужбісты сапраўды маглі пакрыўдзіцца на Кацярыну, якая ўзяла рэзананснае інтэрв’ю ў агента КДБ Васільева, калі той спрабаваў атрымаць палітычны прытулак у Польшчы ў 2017 годзе. У відэа, якое выйшла ў эфіры тэлеканала “Белсат”, гомелец распавядаў падрабязнасці пра сваю агентурную дзейнасць, дыскрэдытацыю апазіцыйных актывістаў і спосабы вярбоўкі. У 2020 годзе ён, паводле дадзеных выдання reform.by, нечакана вярнуўся ў Беларусь, а праз нейкі час быў затрыманы і асуджаны на 11 гадоў за “здраду дзяржаве”. Кацярына Андрэева, сваёй чаргой, павінна была выйсці з калоніі, дзе яна апынулася за анлайн-трансляцыю з акцыі ўшанавання забітага Рамана Бандарэнкі на Плошчы Перамен у Менску ў лістападзе 2020 года. Аднак журналістку з турмы не выпусцілі. 10 лютага 2022 года стала вядома, што яе этапавалі ў СІЗА №3 і абвінавацілі ў “здрадзе дзяржаве”. Выглядае на тое, што падставай для новага тэрміну стала тое самае злашчаснае інтэрв’ю…

У папярэднія гады ў Гомелі было некалькі выпадкаў, калі агенты спецслужбаў публічна прызнаваліся ў сваёй дэструктыўнай дзейнасці. Як правіла, гэтыя людзі пісалі даносы на паплечнікаў пад ціскам ці праз шантаж. Некаторыя з іх, пайшлі на здзелку з КДБ, не вытрымаўшы прэсінгу. У выніку гэтая супраца сканчвалася для іх трагічна: нехта з’ехаў за мяжу, а хтосьці нават апынуўся ў псіхіятрычнай лякарні. Так ці інакш, у аўтарытарнай краіне з разгалінаванымі спецслужбамі цалкам прадказальна, што знаходзяцца грамадзяне, якія супрацоўнічаюць з органамі бяспекі. “Штодзень” прыгадвае некалькі самых гучных выпадкаў вярбоўкі дэмакратычных актывістаў.

Агент “Вектар” (Улад Міхайлаў)

Пры выразе “гомельскі агент КДБ” узгадваюцца адразу тры асобы: агент “Вектар”, агент “Эколаг” і агент “Сімон”. Пасля выбараў 2006 года сталі вядомыя імёны двух інфарматараў КДБ: агент “Вектар” і агент “Эколаг”. Лёс першага, “Вектара”, склаўся асабліва трагічна. Апошняя згадка пра яго – у 2013 годзе, калі з’явілася інфармацыя ў сацсетках, што “Вектар” скончыў жыццё самагубствам.

Такім памятаюць Улада актывісты сярэдзіны 2000-х

Der Oper, ён жа агент “Вектар” ці ў рэальнасці Улад Міхайлаў. Актывіст, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарта. Ён актыўна ўключыўся ў грамадска-палітычнае жыццё яшчэ да электаральнай кампаніі 2006 года. І на пачатку грамадскай дзейнасці, як узгадваюць актывісты тых часоў, гэта быў досыць прыязны малады чалавек. Улад Міхайлаў працягнуў сваё навучанне ў Польшчы па праграме Каліноўскага. Там ён і прызнаўся, што быў завербаваны КДБ яшчэ ў пачатку 2006 года. Аднак у Польшчы маладзён не застаўся, а вярнуўся ў Беларусь. Яго паказалі па дзяржаўным тэлебачанні, дзе ён крытыкаваў праграму Каліноўскага і заявіў, што каліноўцаў прымушаюць удзельнічаць у акцыях супраць Беларусі. Пасля гэтага псіхічнае здароўе Улада Міхайлава пахіснулася, ён сцвярджаў, што яму пагражаюць па тэлефоне невядомыя. У выніку ён стаў рэгулярна праходзіць спецыялізаванае лячэнне ў стацыянары. Меў 2 групу інваліднасці. У ліпені 2013 года ў сваім ЖЖ ён размясціў некалькі фотаздымкаў пад назвай “Адзін дзень з гомельскай псіхушкі”. А ў жніўні ў сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, што маладзён скінуўся з пешаходнага моста праз Сож. Пасля 2013 года ягоныя сацыяльныя сеткі, якія Улад не выдаліў, так і не аднаўляліся.

Агент “Эколаг” (Сяргей Гаўрылін)

Сяргей Гаўрылін, ён жа агент “Эколаг”. Вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце. У 2009 годзе падчас знаходжання на экалагічным форуме ў Берліне маладзён прызнаўся, што быў завербаваны і 4 гады працаваў за грошы на КДБ. Акрамя таго, ён размясціў у інтэрнэце “Дневник Источника”. На жаль, сам Дзённік ужо выдалены. Аднак некаторыя актывісты размясцілі вытрымкі з гэтага дакумента. Прыводзім цытаты з Дзённіка з захаваннем аўтарскага стылю Сяргея Гаўрыліна: “Каждый Источник пишет сообщения (по крайней мере, в начале своей «карьеры»). Это то, за что он получает от КГБ деньги. Источник передаёт их своему сотруднику, а тот аналитикам КГБ (…) Сообщения подписываются псевдонимом. У Михайлова был «Вектор», у меня же «Эколог» (думаю понятно, почему именно такой псевдоним). После того, как я вышел на Дэвида Гамильтона (руководителя киевского офиса NDI), сотрудник сказал, что необходимо поменять псевдоним. Новым моим псевдонимом стал «Меркурий». После прочтения аналитиками, сообщения сжигаются самими Сотрудниками в специальной печи”.

У сваім Дзённіку Сяргей прызнаўся, што паведамляў супрацоўнікам спецслужб пра тое, што адбываецца ў апазіцыі. У 2009 годзе, пасля свайго прызнання, Сяргей даў інтэрвію Deutsche Welle, дзе распавёў, што яго выкарыстоўвалі для атрымання інфармацыі і для аказвання ўплыву на нейкія працэсы, для перадачы ілжывай інфармацыі. Так, напрыклад, каб адвесці ад яго падазрэнні, Сяргея Гаўрыліна выклікалі позвамі ў міліцыю. Інфармацыя пра гэта трапляла ў СМІ. У выніку складвалася ўражанне, што яго пераследуюць улады. Дарэчы, у Дзённіку дастаецца не толькі спецслужбам, але і апазіцыі. Пасля гэтай публікацыі ў дэмакратычным руху нават разгарэлася цэлая дыскусія: Дзённік пісаў сам Гаўрылін ці КДБ? У канцы жніўня 2009 года Сяргей Гаўрылін вярнуўся ў Гомель. І пасля гэтага кантактаў з прадстаўнікамі дэмакратычнага руху не меў.

Агент “Сімон” (Сяргей Васільеў)

Яшчэ адной гучнай гісторыяй выкрыцця агента стала прызнанне былога жыхара Гомеля Сяргея Васільева, які пасля ад’езду ў Польшчу заявіў, што агульны стаж супрацы з органамі дзяржбяспекі ў яго складае каля 20 год. Агент “Сімон” за перыяд сваёй працы на КДБ займаўся сачэннем за незалежнымі журналістамі, актывістамі і палітыкамі. Сярод заданняў, якія ён атрымліваў ад куратараў, былі: збор інфармацыі пра ўдзельнікаў апазіцыйных мерапрыемстваў і разнастайныя правакацыі. Але самую вялікую праблему Васільеў ствараў адміністраваннем рэсурса “Гомельбэст” (сайт цяпер не існуе), у якім сістэмна публікаваліся паклёпніцкія матэрыялы пра дэмакратычных актывістаў рэгіёна. Сярод ахвяраў агента “Сімона” — журналістка Ларыса Шчыракова і праваабаронца Леанід Судаленка. У сваё апраўданне Васільеў гаворыць, што час ад часу адмаўляўся выконваць даручэнні куратараў па дыскрэдытацыі апанентаў улады, а таксама “рабіў усё, каб сумленныя людзі не пацярпелі”.

Агент “Эколаг” у сваім выкрывальніцкім Дзённіку падсумаваў вынікі супрацы з органамі КДБ наступнымі словамі: “Я очень надеюсь, что мой дневник покажет «начинающим» Источникам, что чем дольше сотрудничать с КГБ, тем тяжелее покончить с этим. Найдите в себе силы преодолеть свой страх. Помните, что ложь порождает новую ложь. Пусть правда победит!”

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png