У афіцыйных тг-каналах РЦНК у Гомелі з’явілася паведамленне пра выкарыстанне беларускіх дзяцей ва ўшанаванні памяці адыёзнага расейскага прапагандыста, які заклікаў забіваць і рабаваць украінцаў.
“Вельмі кранальная падзея адбылася сёння ў нашым Доме дзякуючы Дзмітрыю Уклейку і яго выхаванцам з СШ №59. Перад кінасеансам хлопцы ўшанавалі памяць расійскага ваенкара Уладлена Татарскага, які трагічна загінуў ад тэракту ў пецярбургскім кафэ. Глыбокія спачуванні… Нагадаем, трагедыя адбылася ўчора ўвечары. У кавярні, дзе праходзіў творчы вечар журналіста, прагрымеў выбух, ударная хваля выбіла шкло. Папярэдне вядома аб 25 пацярпелых, з якіх 19 паранены”, — напісалі прэс-сакратары расейскай арганізацыі.
Уладлен Татарскі (сапраўднае імя Максім Фамін) — прарасейскі баявік, прапагандыст і крымінальнік (мае судзімасці за ўзброены напад на банк), які стаў вядомым падчас расейскай вайны супраць Украіны. Нават на фоне іншых прагандыстаў ён выглядаў надзвычай адыёзна.