«Наш прэзідэнт» прадаецца за 205 руб. Прэзентацыя галоўнага ідэалагічнага выдання 2025 года адбылася ў Гомелі.
У Гомельскім грамадска-культурным цэнтры галоўныя прадстаўнікі ідэалагічных меншасцяў сабраліся на прэзентацыю шматстаронкавага выдання, прысвечанага А. Лукашэнку. Прадстаўнікі аўтарскага калектыву і іншыя госці са сталіцы распавялі пра важнасць дадзенага эпасу.
Каб чытачы пранікліся глыбінёю тэкстаў, папярэдне ў бібліятэцы ім. Леніна была арганізавана тэматычная выстава, прысвечаная візітам гэтак званага «першага» на Гомельшчыну. На жаль, супрацоўнікі бібліятэкі і наведвальнікі не выказалі належнай павагі да падзеі выхаду кнігі ў свет – з гэтай нагоды можна было б перастаць называць бібліятэку Ленінкай і надаць ёй імя А.Г. Лукашэнка – раз у фондах маецца такі грунтоўны твор. Але такую прапанову ніхто не агучыў.
Той, хто не меў шчасця быць запрошаным на прэзентацыю, можа самастойна набыць кнігу і пачытаць. «Прэзідэнт» прадаецца на сайце «Белкнігі» за 205 руб. Мабыць, такі кошт абумоўлены высокімі ганарарамі – на вітаміны аўтарам, перад якімі стала няпростая задача.
Шкада, што такі кошт не дазволіць набыць выданне бяднейшым слаям насельніцтва, напрыклад, занятым у сельскай гаспадарцы. Хто ведае, мо, калі б пачаць чытаць кнігу ўслых над палямі, засеянымі бульбай, ураджайнасць рэзка павысілася б (спрацоўвае ж з надоямі пры праслухоўванні класічнай музыкі). Спадзяёмся, навукоўцы ў бліжэйшы час правядуць даследаванні для пацверджаная гэтай гіпотэзы. І калі ўсё пацвердзіцца, урадам будзе распрацавана праграма танных крэдытаў на набыццё «Нашага прэзідэнта» для азначанай галіны.
А пакуль можна пашукаць іншыя выданні (куды таннейшыя), прысвечаныя А. Лукашэнка, бо іх выходзіла нямала:
- Валер Карбалевіч “Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт”, 2010 г.
- Святлана Калінкіна і Павел Шарамет “Выпадковы прэзідэнт”, 2004
- Уладзімір Падгол «Народны тэлевізар» – збор такіх цытат, што кніга з рэальнымі выказваннямі больш падобная па часопіс з анекдотамі. Было некалькі перавыданняў.
Будзьце ўважлівымі – у Беларусі гэтыя кнігі прызнаныя экстрэмісцкімі!