Адзін з рэкардсменаў па працягласці тэрміна банкруцтва сярод беларускіх прадпрыемстваў знаходзіцца ў Гомелі. Падобна, што меры па выратаванню прадпрыемства, якія прымаюцца ажно з 2015 года, не асабліва дапамагаюць. Ці адзначыць Гомельскі вінаробчы завод у гэтым годзе сваё 100-годдзе?
Гомельскі вінаробчы завод – адно са старэйшых прадпрыемстваў Гомельшчыны – заснаваны ажно ў 1925 годзе як пункт перапрацоўкі пладоў і гародніны. У 1934 годзе на ім было выпушчана 4 300 дэкалітраў пладова-ягаднага віна, у 1968 – 363700 дэкалітраў. З гэтага ж года прадпрыемства пачало выпуск вінаградных він. Першы «стрэс» завод адчуў у 1980-я, калі ў СССР была разгорнута актыўная антыалкагольная кампанія. Тады выпуск пладовых він быў спынены, аб’ёмы вінаградных він скарочаны ўдвая, а канвееры пераарыентавалі на кансерваваныя сокі і кандытарскія вырабы. У 1990-я пладова-ягаднае вінаробства было адроджана, пабудавана лінія па вытворчасці лікёра-гарэлачных вырабаў.

Саладуха рэкламуе напоі Гомельскага вінзавода. 2023 год. Фота: gomel_vinzavod
У 2011 годзе адбылося моднае ў постсавецкай беларускай эканамічнай традыцыі ўзбуйненне: да гомельскага прадпрыемства далучылі КДУП “Рэчыцкі вінаробны завод”, КДУП “Чачэрскі вінаробны завод” і КДУП “Рагачоўскі завод напіткаў”. Прыкладаў, калі такая практыка дазволіла адрадзіць дробныя стратныя прадпрыемствы, у Беларусі вобмаль. А пагаршэнне становішча на самым буйным з аб’яднаных аб’ектаў – звыклая рэч. Гісторыя заняпаду гомельскага вінаробчага завода – гэта «трылер», куды больш захапляльны чым гісторыя развіцця і станаўлення.

Рэклама прадукцыі на сайце Гомельскага вінаробчага завода
Працэдура банкруцтва адносна вінзавода была распачата Гомельскім эканамічным судом яшчэ ў 2015 годзе. Але такі працэс азначае не закрыццё прадпрыемства, а пачатак санацыі – мер па аздараўленню, якія рэалізуюцца адмыслова прызначанымі асобамі. Гэтыя меры альбо прывядуць да нармалізацыі фінансава-гаспадарчай дзейнасці, альбо, калі гэта немагчыма, да распродажу актываў с мэтай максімальнага пакрыцця даўгоў перад крэдыторамі (падаткавай інспекцыяй, фондам сацыяльнай абароны, пастаўшчыкамі, супрацоўнікамі ў часты выплаты заработнай платы і г.д.) перад канчатковым закрыццём.
Падобна, што часовыя ўпраўляючыя спрабавалі выкарыстаць абедзве гэтыя стратэгіі адначасова. Спачатку фінал аздараўленчай працэдуры быў запланаваны на 2017 год, потым на 2023.
За гэты час прымаліся неаднакратныя спробы мадэрнізаваць вытворчасць. Асартымент пашырылі таннымі газіраванымі вінамі, тонікамі і безалкагольнымі напоямі, пачалі выпускаць хлеба-булачныя вырабы. Колькасць фірмавых крам павялічылася з 3 да 29. Павялічылася і колькасць супрацоўнікаў – з 200 да 488 (пры тым, што аздараўленчыя меры павінны прадугледжваць скарачэнне ўсіх выдаткаў, у тым ліку і на заработную плату, а выкарыстанне сучасных тэхналогій па ўсім свеце робіць вытворчасць менш працаёмкай). Але 2021 год прадпрыемства завяршыла са стратамі 2,5 мнл руб., а лоты з маёмасцю як галоўнага гомельскага прадпрыемства, так і філіялаў у рэгіёнах, перыядычна выстаўляліся на аўкцыёнах.
У 2023 годзе дзяржпрэса адрапартавала, што справы гомельскага вінзавода пайшлі ў гару: закрыта каля 40% запазычанасці перад крэдыторамі, па астатняму дасягнута міравое пагадненне. Справа аб банкруцтве была прыпыненая.
Продаж маёмасці Гомельскага вінаробчага завода
Але ў 2024 годзе маёмасць прадпрыемства неаднойчы з’яўлялася на аўкцыёнах. Распрадаецца яна і ў 2025 годзе. Ці азначае гэта працяг «аздараўленчай» эпапеі? «Штодзень» будзе сачыць за далейшым развіццём падзей.